Знайсці машыну з незвычайнай афарбоўкай кузава даволі цяжка. Днямі такую выставілі на продаж у Баранавічах, піша bar24.by.
На папулярным аўтасайце прадаюць машыну, якая сваёй афарбоўкай вылучаецца на фоне астатніх. Дзякуючы незвычайнаму дызайну аўтамабіль выглядае як са старонак коміксу. Хаця па факце гэта звычайная Skoda Fabia 6Y.
У аб'яве даюцца ўсе тэхнічныя характарыстыкі аўтамабіля — 2000 год, механіка, 1,4 л бензін (метан), прабег — 346281 км. А таксама апісваецца, якія працы ў машыне рабіліся і якія расходнікі мяняліся.
Аднак апроч гэтага аўтар аб'явы дае адказ на найважнейшае пытанне, якое можа паўстаць у жадаючага купіць такую «мульцяшную» машыну.
«Калі вас цікавіць момант: «А як на ёй ездзіць, што ДАІ скажа? Як тэхагляд прайсці?» Колер зарэгістраваны афіцыйна, заменены тэхпашпарт. Тэхагляд пройдзены пару дзён таму, таму ў гэтым няма ніякіх праблем», — гаворыцца ў аб'яве.
За сваю незвычайную машыну ўладальнік просіць 19984 рублі або каля 6000 долараў у эквіваленце. Аўтар аб'явы дадае, што з продажам машыны не спяшаецца.
Каментары