Пасяджэнне парламента Новай Зеландыі было сарвана рытуальным танцам дэпутатаў ВІДЭА
Прадстаўнікі народу маоры ў знак нязгоды з законапраектам, які накіраваны на абмежаванне іх правоў, станцавалі хаку. Што гэта за народ і танец?
Як паведамляе Reuters, у мінулы чацвер, 14 лістапада, пасяджэнне парламента Новай Зеландыі было перарвана пасля таго, як дэпутаты, якія прадстаўляюць карэнны народ краіны маоры, станцавалі свой рытуальны танец хака.
Маоры незадаволены законапраектам, які прапаноўвае перагледзець некаторыя палажэнні дамовы Вайтангі, якая была падпісана ў 1840 годзе паміж брытанскай каланіяльнай адміністрацыяй і правадырамі плямён маоры.
Пратэст узначаліла 22-гадовая Хана-Равіці Майпі-Кларк, самая маладая дэпутатка парламенту. Яна дэманстратыўна разарвала паперы з праектам і пачала выконваць хаку. Жанчыну падтрымалі іншыя дэпутаты.
Хто такія маоры
Маоры — гэта карэннае насельніцтва Новай Зеландыі, якое перасялілася сюды каля тысячы гадоў таму з Палінэзіі.
Да моманту прыходу еўрапейцаў у 17 стагоддзі, у маоры вылучыўся пласт ваенных правадыроў, якія маглі мабілізаваць значныя сілы. Менавіта гэтая акалічнасць паўплывала на тое, што каланізацыя Новай Зеландыі пачалася даволі позна. Да 1830 года еўрапейскае насельніцтва тут не перавышала 2000 чалавек.
У 1840 годзе Вялікабрытанія анэксавала Новую Зеландыю і падпісала з правадырамі маоры дамову Вайтангі. Адпаведна ёй, маоры абвяшчаліся падданымі Вялікабрытаніі, ім гарантавалася права на зямлю і абарона з боку дзяржавы. Усяго дагавор падпісалі 500 маоры, у тым ліку 13 жанчын.
Каланізацыя Новай Зеландыі спачатку праходзіла мірна, але эканамічны крызіс 1850-х гадоў і палітыка адчужэння зямель маоры прывялі да канфліктаў, уключаючы войны супраць брытанскай адміністрацыі. Да 1890 года маоры страцілі 95% тэрыторый, а іх насельніцтва значна скарацілася.
У канцы XX стагоддзя ўрады Вялікабрытаніі і Новай Зеландыі прызналі англа-маорыйскія войны незаконнымі, прынеслі нашчадкам пацярпелых маоры афіцыйныя прабачэнні і выплацілі значныя грашовыя кампенсацыі.
У канцы XX — пачатку XXI стагоддзя маоры мелі шэраг палітычных і культурных арганізацый, якія актыўна змагаліся за іх правы. У 1980-я гады мова маоры была прызнаная адной з афіцыйных моваў краіны. У 2004 годзе была заснавана Партыя маоры.
Па розных ацэнках цяпер маоры складаюць ад 17 да 20% насельніцтва краіны. Іх сярэдні ўзрост — 26,8 года ў параўнанні з 38,1 года ў сярэднім па Новай Зеландыі. Пры гэтым кожны трэці (29,6%) маоры ва ўзросце да 15 гадоў.
Каля паловы маоры пражывае ў самых сацыяльна-небяспечных раёнах краіны ў параўнанні з 24% астатняга насельніцтва. Пры гэтым яны складаюць больш за палову зняволеных. У параўнанні з іншымі этнічнымі групамі ў маоры вышэйшы і ўзровень беспрацоўя. Менш за палову дзяцей маоры атрымліваюць сярэднюю адукацыю. Даследаванні выявілі, што ў сем'ях маоры дзеці і жанчыны часцей церпяць ад хатняга гвалту.
Працягласць жыцця ў маоры меншая за сярэднюю па краіне. Яны больш за іншыя народы маюць праблемы са здароўем, уключаючы больш высокі ўзровень алкагалізму, наркаманіі, курэння і атлусцення. У 2021 годзе ўрад нават стварыў першае спецыялізаванае Упраўленне аховы здароўя маоры.
Пачынаючы з 1868 года за маоры зарэзерваваныя месцы ў парламенце краіны (цяпер 7 з 120).
Танец хака
Хака ёсць рытуальным танцам маоры. Вядомасць у свеце ён атрымаў дзякуючы зборнай камандзе Новай Зеландыі па рэгбі, якая выконвае яго перад кожным матчам. Гэты танец цяпер часта выкарытоўваецца і ва Узброеных сілах Новай Зеландыі.
Першапачаткова хака выконвалася перад бітвамі, каб запужаць ворага, падняць баявы дух воінаў і заклікаць на дапамогу продкаў. Гэты танец таксама выконваецца на вяселлях і пахаваннях, афіцыйных цырымоніях і святах.
Маоры таксама выконваюць хаку для выражэння пратэсту ці падтрымкі пытанняў, якія іх тычацца.
У парламенце Новай Зеландыі выкананне хакі таксама не з'яўляецца нечым незвычайным. Так, год таму, у снежні 2023-га, Хана-Равіці Майпі-Кларк выканала яго разам з іншымі дэпутатамі-маоры на адкрыцці сесіі парламента. Тады па ўсёй краіне маоры пратэставалі супраць планаў новага ўраду ўнесці змены ў закон 1840 года.
Аднак законапраект быў прадстаўлены на абмеркаванне парламенту праз год. Гэта выклікала новую хвалю масавых пратэстаў. Да іх далучыліся і парламентарыі. Па прагнозах, нягледзячы на тое, што законапраект прайшоў першае чытанне, шанцы на тое, што ён будзе прыняты, вельмі нязначныя.
Каментары