Грамадства

Замок змянілі, а рэчы вынеслі ў пад'езд. Беларуска вярнулася з адпачынку ў арандаванае жыллё ў Польшчы, але яе чакаў сюрпрыз

Наталля жыве ў Польшчы. Лета правяла на радзіме, а калі вярнулася ў Беласток, выявіла, што яе ключ не падыходзіць. Самастойна забраць рэчы яна не змагла. Пазней нехта склаў іх у пакеты для смецця і вынес на лесвічную пляцоўку. Дзяўчына мае намер звярнуцца ў суд. Пра канфлікт з гаспадыняй Наталля распавяла Most.

У канцы 2023 года Наталля шукала арандаванае жыллё ў пешай даступнасці ад універсітэта, дзе вучылася. У інтэрнэце яна пабачыла аб'яву пра здачу пакоя ў цэнтры горада. Кошт арэнды быў даволі высокі па мерках Беластока — 1 тысяча злотых у месяц (245 даляраў), але месцазнаходжанне пераважыла. Наталля звязалася з гаспадыняй кватэры, паглядзела пакой і падпісала дамову.

— Дамова была з 1 лістапада 2023 года да канца чэрвеня 2024 года. Адзінае, што гаспадыня папрасіла ўказаць у дамове толькі 500 злотых, а астатнія плаціць на рукі, маўляў, за рахункі (камунальныя). Таксама я заплаціла адну тысячу злотых як каўцыю (залог), — успамінае Наталля. — Дарэчы, ні я, ні тры дзяўчыны, што жылі ў кватэры, ніколі не бачылі ніводнага рахунка.

Вясной 2024 года Наталля атрымала польскае грамадзянства, і яны з гаспадыняй вырашылі абнавіць дамову ўлічваючы новы дакумент. Умовы засталіся тымі ж. Але Наталля сцвярджае, што новую дамову падпісалі на нявызначаны тэрмін. Беларуска планавала арандаваць пакой да лютага 2025 года — да заканчэння вучобы ў універсітэце.

— Адносіны з гаспадыняй кватэры былі нармальныя, канфліктаў не было, — кажа жанчына. — Адзіным яе патрабаваннем было аддаваць плату за кватэру толькі на рукі — ні пераводам, ні BLIK (сістэма плацяжоў) яна не хацела. Яна жыла ў іншым горадзе і прыязджала ў Беласток раз на два месяцы. Таму мы [з дзяўчатамі] збіралi грошы за ўвесь перыяд і аддавалі ёй.

Аплата не была зменшана, а ад нас патрабавалі з'ехаць

Летнія канікулы Наталля планавала правесці ў Беларусі. Яна хацела выехаць у канцы чэрвеня і вярнуцца ў верасні. Жанчына заплаціла за арэнду за ліпень і папярэдзіла гаспадыню аб сваіх намерах, прапанаваўшы плаціць за летнія месяцы пераводамі. Але тая адмовілася. Наталля кажа, што гаспадыня дала ёй зразумець, што гэта не праблема і плацяжы могуць пачакаць.

— У канцы ліпеня здарылася так, што мне прыйшлося легчы на аперацыю ў Беларусі. І стала крыху шкада, што трэба плаціць па тысячы злотых за ліпень, жнівень і верасень, нават не знаходзячыся там, — прызнаецца Наталля. — Я напісала гаспадыні і папрасіла хоць бы знізіць аплату на 200 злотых. Урэшце ж я нічым не карысталася: ні святлом, ні вадой. Але яна адказала катэгарычна — «не».

Спачатку Наталля паведаміла, што ў такім разе, хутчэй за ўсё, будзе шукаць жыллё танней, але потым перадумала: пасля аперацыі ёй забаранілі падымаць цяжкасці, і пераезд быў бы ёй цяжкі.

— Напісала, што, як бы цяжка мне ні было фінансава, я застаюся, — расказвае жанчына. — А яна: «Мне ўсё роўна. Хачу болей грошай. Ідзі адсюль». Урэшце яна даслала мне фатаграфію запіскі і напісала, што дае мне час з 13 па 16 жніўня на вываз рэчаў.

Пад «запіскай» Наталля разумее паведамленне аб высяленні. Ім гаспадыня кватэры нібыта паведаміла арандатару аб абавязку пакінуць жыллё і забраць свае рэчы да 16 жніўня ў сувязі з заканчэннем тэрміну дзеяння дамовы арэнды, а таксама ў сувязі з тым, што Наталля паведамляла гаспадыні аб намеры вызваліць памяшканне.

Дата, калі беларуска нібыта паведаміла аб вызваленні памяшкання, была раней, чым Наталля перадумала з'ехаць і вырашыла працягваць арандаваць кватэру.

Таксама гаспадыня паведаміла Наталлі, што калі яна не з'едзе, ёй будзе налічана плата за захоўванне асабістых рэчаў. Акрамя таго, у паведамленні быў пазначаны нумар прадстаўніцы, да якой трэба звяртацца па ўсіх пытаннях.

«Прывязіце хоць бы новы ключ»

Наталля вярнулася ў Беласток увечары 14 жніўня. Жанчына адразу пайшла ў арандаванае жыллё, але там яе чакаў сюрпрыз: ключ не падышоў да дзвярэй. Тады яна паспрабавала звязацца з прадстаўніцай гаспадыні кватэры.

— Я патэлефанавала па тым нумары, а там бабка мне кажа, што прыедзе толькі заўтра. Я ў яе пытаюся: «А начаваць я дзе буду? Я прыехала дамоў», — перадае Наталля размову.

Нічога не дасягнуўшы, Наталля адправілася ў бліжэйшы гатэль. А а трэцяй гадзіне ночы яе разбудзіў тэлефонны званок: прадстаўніца гаспадыні кватэры пачала патрабаваць, каб Наталля прыйшла і забрала свае рэчы.

— Я кажу: «Вы што, зусім здурнелі? Ці прывезлі мне новы ключ?» А яна: «Не. Ідзі забірай свае рэчы!» — успамінае Наталля. — Я адмовілася і сказала, што прыйду а дзявятай раніцы.

«Усё проста вывалілі ў мяшкі для смецця»

Прыехаўшы наступным днём, Наталля была ў шоку: яе рэчы ляжалі ў пакетах на падлозе пад'езда. Там была таксама прадстаўніца гаспадыні кватэры і «незнаёмыя мужчыны», якія здымалі на відэа тое, што адбываецца.

— У мяне там было столькі рэчаў: і фіранкі, і дыванкі, і пакрывалы, і топер для канапы, і грошы, і ўпрыгажэнні — усё гэта проста вывалілі ў сметнік, — абураецца Наталля.

Наталля ў слязах спрабавала звязацца з паліцыяй і ўчастковым. Але нічога не дасягнула: у той дзень у Польшчы адзначалі дзяржаўнае свята — Дзень Войска польскага.

— Усё было зачынена, — кажа жанчына. — Добра, што хоць у туалет кінатэатра змагла зайсці.

Наталля не ведала, куды перанесці рэчы. Кажа, што нічога не заставалася, як хутка арандаваць гараж і папрасіць знаёмых перавезці туды «хто што можа».

«Гэта ўвогуле невытлумачальна»

9 верасня Наталля звярнулася з заявай у камісарыят паліцыі Беластока. Яна паведаміла аб парушэнні непарушнасці жылля і хатняга спакою і аб крадзяжы асабістых рэчаў на 43.100 злотых (10 500 даляраў). Наталля кажа, што ў якасці доказаў прадставіла дамову арэнды, рэгістрацыю (мельдунэк), скрыншоты перапіскі з гаспадыняй кватэры і фатаграфіі таго, як яе рэчы ляжалі ў калідоры. Таксама жанчына дала паказанні.

— Нядаўна мне прыйшла [пастанову] аб спыненні справы з-за недахопу доказаў. Гэта ўвогуле невытлумачальна. Ну, скралі і скралі? Што тут такога? Навошта праводзіць расследаванне? — задаецца пытаннямі жанчына.

У дакуменце, які Наталля прадставіла MOST, сапраўды сказана, што расследаванне спыненае ў сувязі з адсутнасцю прыкмет забароненай дзеі і дастатковых падстаў для падазрэння ў здзяйсненні абвешчанага злачынства.

— Цяпер у мяне ёсць сем дзён, каб абскардзіць гэта рашэнне, — адзначае суразмоўца. — Лічу, што пракуратура павінна гэтым займацца, бо парушаны два артыкулы Крымінальнага кодэкса.

Аднак юрыст, з якім Наталля кансультавалася, кажа, што шанцаў даказаць крадзеж мала. Спрэчку таксама можна вырашаць у грамадзянскім судзе. Наталля плануе звярнуцца ў суд, але кажа, што гэта можа заняць гады.

MOST звязаўся з уладальніцай кватэры, у якой Наталля арандавала пакой, каб выслухаць яе пазіцыю. Аднак жанчына адмовілася размаўляць і папрасіла больш яе не турбаваць.

Каментары

Лукашэнка: Бамжоў, дармаедаў у краіне не будзе7

Лукашэнка: Бамжоў, дармаедаў у краіне не будзе

Усе навіны →
Усе навіны

У Польшчы арыштавалі кіроўцу аўтобуса «Гомель — Уроцлаў», які з'ехаў у кювет

У Беларусі могуць зрабіць бясплатнай і другую спробу ЭКА

Улады Абхазіі маюць намер адклікаць інвестыцыйнае пагадненне з РФ. Пратэстоўцы ўжо ўварваліся ў будынак парламента3

Прэм'ер Венгрыі Віктар Орбан заклікаў перагледзець санкцыі супраць Расіі4

Мужа першага віцэ-мэра Мінска сфатаграфавалі са свежай газетай, каб даказаць, што інфармацыя пра яго арышт — фэйк. Непераканаўча — вось чаму9

Амаль дабудавалі — Нацыянальны стадыён у Мінску знялі з дрона ВІДЭА1

Аліна Коўшык прызначана дырэктаркай «Белсата»25

Алексіевіч: Дыктатура робіць нас дурнейшымі, бо мы абмяркоўваем гэта вар'яцтва9

Наколькі выгадна інвеставаць грошы ў золата?2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнка: Бамжоў, дармаедаў у краіне не будзе7

Лукашэнка: Бамжоў, дармаедаў у краіне не будзе

Галоўнае
Усе навіны →