Як беларусы хочуць пакараць тых, хто чыніць рэпрэсіі? Вось што паказала апытанне пацярпелых
Не ўсе настойваюць на строгім пакаранні.
Праваабарончы цэнтр «Вясна» і Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі выпусцілі даследаванне «Як успрымаюць справядлівасць людзі, што перажылі катаванні і жорсткае абыходжанне».
Праваабаронцы апыталі 580 чалавек, пацярпелых ад рэпрэсій. Сярод пытанняў было і тое, як людзі бачаць справядлівасць.
Большасць рэспандэнтаў (84%) лічыць, што ступень вінаватасці і пакаранне для тых, хто ўчыніў злачынствы, павінен вызначаць суд у індывідуальным парадку.
56% лічаць, што вінаватых трэба пазбавіць права займаць пэўныя пасады ці займацца пэўнай дзейнасцю.
За турэмнае пакаранне (у тым ліку пажыццёвае) выказалася 47%.
Цікава, што 16% адказала, што не настойвала б на строгім пакаранні — важна толькі, каб злачынцаў прызналі вінаватымі.
За фізічнае пакаранне (аж да смяротнага пакарання) тых, хто чыніў рэпрэсіі, выказалася 9%.
Апытанне паказала, што 87% рэспандэнтаў хочуць кампенсацыі за матэрыяльную шкоду, у тым ліку выдаткі на лячэнне і канфіскаваную маёмасць, 82% лічаць прыярытэтам медыцынскую і псіхалагічную рэабілітацыю, а 80% хочуць аднавіць сваю грамадскую рэпутацыю.
Але большасць (84%) не верыць, што правасуддзе можа адбыцца бліжэйшым часам. А 64% пацярпелых сумняваюцца, што міжнародныя арганізацыі або іншыя краіны дапамогуць ім дабіцца справядлівасці.
Каментары