Прэзідэнт самаабвешчанай рэспублікі Абхазія Аслан Бжанія знаходзіцца ў родным сяле Тамыш. Пра гэта заявілі ў прэс-службе абхазскага лідара, каментуючы інфармацыю «Абхазскага партала», згодна з якой Бжанія «перадыслакаваўся на тэрыторыю расійскай вайсковай базы», піша Эхо Каўказа.
Сяло Тамыш размешчана ў Ачамчырскім раёне, за 40 кіламетраў ад Сухумі.
Раней Бжанія звярнуўся да прыхільнікаў і заявіў, што не збіраецца сыходзіць у адстаўку. Апазіцыя пасля гэтага выступіла з ультыматумам, згодна з якім ён павінен быў падаць у адстаўку цягам гадзіны.
Лідар апазіцыі Адгур Ардзінба між тым сцвярджае, што Бжанія «перадае расійскім сілавым структурам поўную лухту і дэзінфармацыю, нібыта пратэстоўцы рыхтуюць напад на расейскія пагранзаставы».
У Сухумі мітынгоўцы, якія пратэстуюць супраць расейска-абхазскага «інвестыцыйнага пагаднення», сёння знеслі частку плота вакол комплексу ўрадавых будынкаў і праніклі на тэрыторыю, прылеглую да будынка парламента, а затым і ўнутр парламента і Адміністрацыі прэзідэнта.
Супрацоўнікаў міліцыі ўдзельнікі акцыі закідалі яйкамі і бутэлькамі, тыя ўжылі дымавыя шашкі, але сур'ёзнага супраціву не аказалі. Падчас пратэсту пацярпелі 13 чалавек, траім з іх спатрэбілася шпіталізацыя, іх жыццю нічога не пагражае. У парламента былі чутныя і стрэлы.
На фоне пратэсту парламент адмяніў сесію, на якой павінна было прайсці галасаванне па пытанні ратыфікацыі інвестыцыйнага пагаднення з Масквой, а ў Адміністрацыі прэзідэнта паабяцалі яго адклікаць.
Каментары