Пара з Калінкавічаў папрасіла гасцей прынесці на вяселле замест кветак цацкі для хворых дзяцей
З незвычайнай просьбай да ўсіх запрошаных на сваё вяселле звярнуліся Валерыя і Дзмітрый з Калінкавічаў, якія зусім нядаўна пажаніліся. Яны папрасілі іх не купляць для маладых кветак, а замест таго прынесці цацкі для наступнай перадачы валанцёрам арганізацыі KinderVita, што дапамагае цяжка хворым дзецям.
Рэч у тым, што перад гэтым пляменнік Дзмітрыя каля двух гадоў змагаўся з нейрабластомай і большую частку гэтага часу знаходзіўся ў анкацэнтры. Падтрымлівалі яго не толькі члены сям'і, але і валанцёры KinderVita.
Валерыя расказала, што яна добра ведала пра дзейнасць арганізацыі і сачыла за ёй у сацсетках.
«Задоўга да вяселля ўбачылі пост пра пару, якая папрасіла гасцей замест кветак прынесці цацкі для дзяцей. Ідэя нам спадабалася, захацелі рэалізаваць і на сваёй імпрэзе», — сказала дзяўчына.
Госці падтрымалі ініцыятыву і хутка запоўнілі цацкамі перададзеную валанцёрамі скрынку. Праз некалькі дзён маладая сям'я прывезла падарункі для дзяцей у офіс валанцёрскай арганізацыі, якая пасля перадасць іх у анкалагічны цэнтр.
Каментары
Коля Лу тоже хотел принести что -нибудь в коробку но его не пригласили на свадьбу