Домрачава і Скардзіна далучыліся да чэленджу, каб сабраць грошы на рэабілітацыю дачкі Арзамасавай
Алімпійскія чэмпіёнкі па біятлоне Дар’я Домрачава і Надзея Скардзіна далучыліся да дабрачыннага чэленджу, каб дапамагчы сабраць грошы цяжка хворай дачцэ бягухі Марыны Арзамасавай. Тата дзяўчынкі абяцае кожны дзень бегаць марафон і запрашае ўсіх далучыцца.
Дар’я Домрачава запосціла ў сваім інстаграме фота з біятланісткамі Надзеяй Скардзіна і Анастасіяй Кінунен, падпісаўшы: «Сустрэліся не толькі з задавальненнем, але і на карысць!». Яна дадала хэштэг #бежимВпомощьСаше.
Бяда ў сям’і спартсменаў Марыны і Іллі Арзамасавых здарылася ў канцы студзеня. Іх 14-гадовая дачка Саша, якая ніколі не мела асаблівых праблем са здароўем, раптоўна адчула сябе дрэнна. Усяго праз пяць дзён у дзяўчынкі перасталі слухацца рукі і ногі. Дыягназ аглушыў бацькоў: сіндром Гіена-Барэ. Гэта цяжкае аўтаімуннае захворванне, якое прагрэсіруе з касмічнай хуткасцю, пры ім паражаюцца ўчасткі перыферычынай нервовай сістэмы.
Верагодна, прычына захворвання ў кішачнай інфекцыі, на якую Саша перахварэла да гэтага. Ніхто не мог падумаць, што звычайная інфекцыя прывядзе да такіх жахлівых наступстваў, таму пасля першых сімптомаў даваць антыбіётыкі не сталі.
Марына Арзамасава тады паведаміла ў сацыяльных сетках, што прыпыняе працу трэнеркай, каб усе сілы накіраваць на дапамогу свайму дзіцяці.
Праз месяц у бальніцы спартоўка напісала, што дачка выйшла на плато — стан стабільны, востры перыяд спаў, але кардынальна сітуацыя не мяняецца.
— Ніякіх прагнозаў і тэрмінаў няма, — напісала лёгкаатлетка, — акрамя таго, што ўсё будзе доўга і няпроста. Гэта не такая хвароба, што дзіця ў бальніцы, а ты носіш яму перадачы і чакаеш дома. А калі ён паправіцца, то ўстане і пойдзе жыць сваім звычайным жыццём.
Марына шчыра прызналася, што ёй было вельмі складана ўсвядоміць новую рэальнасць. А калі ўсё ж такі прыйшло разуменне, што як раней ужо не будзе, то яе вельмі моцна накрыла.
Дзяўчынка не магла нават паварушыць рукой — не кажучы ўжо пра тое, каб проста сесці на ложку. Саша вельмі моцна схуднела і замест 47 кілаграмаў стала важыць 32.
Беларускім дактарам удалося спыніць захворванне. Марыну з дачкой адправілі ў рэабілітацыйны цэнтр у Аксакаўшчыне. Бягуха распавяла, што мела вялікія надзеі і чаканні, але першыя пару дзён цэнтр Марыне не падабаўся. Па словах спартоўкі, гаворкі аб паўнавартаснай рэабілітацыі не ішло — усё абмяжоўвалася 30 хвілінамі ЛФК у дзень.
Марына, якая да таго моманту актыўна вывучала досвед рэабілітацыі такіх пацыентаў у іншых краінах, была ў шоку, што з імі не праводзяць практыкаванняў, якія рэкамендаваны за мяжой.
Прагрэсу ў Сашы не было. Таму бацькі вырашылі, што нельга губляць час — бо ад гэтага залежыць, ці зможа іх дачка зноў хадзіць і жыць больш-менш звычайным жыццём. Марына з Сашай паехала на рэабілітацыю ў цэнтр «Тры сястры», які знаходзіцца ў Расіі.
Першы месяц рэабілітацыі прынёс шмат поспехаў. Дзяўчынка зноў навучылася сядзець у крэсле і без апоры, пераварочвацца са спіны на бок, пачала варушыць рукамі. Марына піша ў інстаграме, што марыць, каб Саша, як і яе равеснікі, зноў змагла б сядзець у тэлефоне.
Дактары сцвярджаюць, што дзяўчынцы трэба яшчэ 6-8 месяцаў такіх актыўных заняткаў (а хутчэй за ўсё не менш за год). Кожны месяц у цэнтры каштуе прыкладна 10,5 тысячы даляраў.
Сям’я просіць дапамагчы сабраць неабходную суму. Тата Сашы Ілля Арзамасаў паведаміў, што плануе кожны дзень прабягаць класічны марафон — 42 кіламетры 195 метраў. Ілля запрашае ахвотных далучацца да яго прабежак (пра месцы збору ён паведамляе ў сваім інстаграме). Удзел у забегу — перавод на дабрачынны рахунак любой пасільнай для чалавека сумы.
Бацькі просяць і аб інфармацыйнай падтрымцы. Яны прапаноўваюць неабыякавым людзям размяшчаць у сваіх сацыяльных сетках хэштэг #БежимВпомощьСаше, каб як мага больш людзей даведаліся пра дабрачынны збор.
Каментары
гэта хіба не дыскрэдытацыя айчыннай аховы здароўя? арыштаваць-пасадзіць? не? таму што не бчб?