Гісторыя гэтай расліны ў жыцці чалавека пачынаецца шэсць тысяч гадоў таму, і шмат стагоддзяў іх то дазвалялі, то забаранялі.
На беларускія землі каноплі трапілі з Цэнтральнай Азіі дзякуючы скіфам прыкладна дзве с паловай тысячы гадоў таму. У рэгіёне Азоўскага мора і на Доне іх вырошчвалі яшчэ ў другім тысячагоддзі да нашай эры. Каля 4 тысячагоддзя да нашай эры ў Кітаі пачалося выкарыстанне гэтай расліны для вытворчасці розных тканін. А праз тысячу гадоў кветкі канапель сталі выкарыстоўвацца ў кітайскай медыцыне як самы распаўсюджаны сродак змагання з рэўматызмам, менструальнымі болямі, запаленнямі, падаграй і старэчай дэменцыяй.
Згадкі пра гэтую расліну былі знойдзены ў медыцынскіх трактатах Старажытнага Егіпта і Грэцыі. У Кітаі з яе пачалі вырабляць паперу, а ў Індыі — гатаваць спецыяльны напой у гонар бога Шывы, змешваючы малако з каноплямі, карыцай, кардамонам і куркумою.
Побач з гэтым яшчэ ў старажытнасці людзям быў вядомы адурманьваючы эфект канапель. Прадукты з псіхатропным дзеяннем, атрыманыя з гэтай расліны, уключаюць гашыш і марыхуану. У абодвух выпадках рэчывам, якое выклікае гэты эфект, з'яўляецца тэтрагідраканабінол (ТГК).
Для таго, каб разабрацца ў складаных адносінах чалавецтва з каноплямі, трэба ведаць, што гэта расліна мае тры асноўных віды: індыйскія, пасяўныя і дзікія. Менавіта першы і зʼяўляецца найбольш небяспечным з-за ўтрымання вялікай колькасці ТГК. Але небяспечнае рэчыва ў каноплях сінтэзуецца і накопліваецца толькі ў раслінах, што растуць на поўдзень ад 45 паралелі (У Расіі на гэтай паралелі знаходзяцца Краснадар і Стаўрапаль, ва Францыі — Бардо, ЗША — Нью-Ёрк).
На Блізкім Усходзе каноплі ў форме гашышу, які курылі і жавалі, набылі шырокую папулярнасць яшчэ ў Сярэднявеччы. Магчыма, гэта тлумачыцца забаронаю іслама ўжываць алкаголь. Менавіта ў ісламскіх краінах былі прыняты першыя законы аб забароне гэтага наркотыку.
У 1266 годзе кароль Егіпта аль-Захір Бабір забараніў вырошчванне канапель і ўжыванне гашышу. Але гэтая забарона мела малы эфект. Праз два дзясяткі гадоў, у 1279 годзе яго пераемнік паспрабаваў абкласці гашыш падаткам. З аднаго боку гэта папоўніла скарб, але і выклікала значны рост ужывання. У выніку забарона была адноўлена. У 1378 годзе забарона на ўжыванне гашышу была ўведзена ў Асманскай імперыі. А ў пачатку XIX стагоддзя ўжо Напалеону давялося забараніць сваім салдатам ужываць напоі з канапель і гашышу.
А што ў Беларусі?
На беларускіх землях здаўна вырошчваліся пасяўныя каноплі, які не ўтрымліваюць вялікай колькасці ТГК, але таксама аказваюць пэўнае галюцынагеннае ўздзеянне. У медыцынскіх трактатах, што выдаваліся ў Рэчы Паспалітай можна адшукаць шмат звестак пра лекавыя ўласцівасці канапель. Настоі з канапель і алей рэкамендавалі пры зубным ці галаўным болі, бяссонніцы, дыярэі, ліхаманцы, кашлі, зажыўленні ранаў, захворваннях скуры.
Прафесар Кракаўскага ўніверсітэта Шымон Сырэньскі першым у XVI стагоддзі апісаў галюцынагенныя ўласцівасці гэтай расліны. У сваёй працы ён прыводзіў гісторыі з палёў бітваў на Усходзе, дзе салдаты, каб надаць сабе адвагі, «робяць розныя алеі з кветак канопляў, адны для вясёлага сэрца і добрых думак […] іншыя для кахання».
Аўтары прац па сельскай гаспадарцы рэкамендавалі каноплі для пасеваў і вырабу алею. Да пачатку XIX стагоддзя расліна займала вядучыя пазіцыі ў экспарце. Каноплі шырока выкарыстоўвалі ў вытворчасці прадзільнай прадукцыі, з іх выраблялі канаты, парусіну, шпагат, паклю. Пазней гэта расліна саступіла месца ільну. Да таго ж, пачынаючы з 1832 года ў Еўропе зʼявілася больш таннае джутавае валакно, якое паспяхова канкуравала з каноплямі.
Але на ўнутраным рынку каноплі працягвалі займаць дастаткова значныя плошчы ў Магілёўскай (Чэрыкаўскі, Клімавіцкі, Быхаўскі ўезды) і Мінскай губерніях. У 1879 годзе ў Магілёўскай губерніі налічвалася 105 алейняў, якія на працягу года перапрацоўвалі 12,1 тысячу пудоў канаплянага насення.
Нягледзячы на шырокае выкарыстанне канапель на беларускіх землях, у XVIII—XIX стагоддзях не было людзей, залежных ад гашышу ці марыхуаны, як гэта назіралася ў краінах Блізкага і Дальняга Усходу, а пазней і Заходняй Еўропы. Напрыклад, у Парыжы існаваў клуб гашышыстаў («le Club des Haschischins»), у які ўвайшлі сярод іншых пісьменнікі Анарэ дэ Бальзак, Аляксандр Дзюма, Віктор Гюго, жывапісец Дэлякруа.
Каноплі былі адной з асноўных сельскагаспадарчых культур і ў пачатку XX стагоддзя. Так у 1922 годзе Аркадзь Смоліч пісаў, што на паўднёвым усходзе Беларусі канапель сеюць шмат, і што пянька тут мае такое ж значэнне, як на поўначы лён: прыносіць у гаспадарку «вольную капейку на абарот, падаткі, што купіць». Па звестках навукоўца, усходняя частка Беларусі вывозіла тады за свае межы каля аднаго мільёна пудоў пянькі.
Ад паўсюднага выкарыстання да забароны
У той час, як каноплі паспяхова вырошчваліся на беларускіх землях для прамысловых мэтаў, іншыя краіны працягвалі змаганне з наркатычнай прадукцыяй з іх. У 1868 годзе ў Егіпце ў чарговы раз афіцыйна было забаронена ўжыванне гашышу. У канцы XIX стагоддзя англійскі парламент стварыў камісію для разгляду шкоды гэтай расліны.
У 1937 годзе Кангрэс ЗША прыняў «Закон аб падатку на марыхуану», які забараніў немедыцынскае выкарыстанне канапель. У 1961 годзе 60 краін падпісалі Канвенцыю ААН аб наркатычных рэчывах, узяўшы абавязак ліквідаваць марыхуану да 1989 года. А ў 1971 годзе прэзідэнт Ніксан пачаў вайну з наркотыкамі, у тым ліку з марыхуанай.
Побач з гэтым працягвалася вырошчванне пасяўных канапель у краінах Еўропы. Не была выключэннем і Беларуская ССР. У 1965 годзе «Сельская газета» паведамляла, што ў калгас імя Беларускай вайсковай акругі Любанскага раёна па перадавы вопыт прыязджалі аграрыі Літвы. Госці даведаліся, што менавіта каноплі, пад якія адведзена 700 гектараў, даюць гаспадарцы найбольшы прыбытак.
Але ў наступныя дзесяцігоддзі пасевы пад каноплі скарачаліся. А ў 1987 годзе культываванне канапель на тэрыторыі СССР было забаронена спецыяльнай пастановай Савета Міністраў, а ў Крымінальным кодэксе зʼявіўся артыкул аб адказнасці за іх незаконны пасеў і вырошчванне.
Актуальная сітуацыя
Адной з першых краін у свеце, якая вырашыла поўнасцю легалізаваць марыхуану, была Канада. Гэта выклікала сапраўдны бум у вырошчванні і даследаванні гэтай расліны.
Цяпер Кітай надае асаблівую ўвагу прамысловаму патэнцыялу канапель, асабліва вытворчасці валакна і насення. Паспяхова пашырае пасевы канапель як крыніца сыравіны для вытворчасці лекаў і харчовых дабавак Чылі. У Расіі пасевы пад прамысловыя каноплі ў 2022 годзе дасягнулі 20 тысяч гектараў.
Цяпер медыцынскія каноплі легалізаваныя ў 50 краінах. А ў ЗША больш за палову жыхароў пражываюць у месцах, дзе законным зʼяўляецца ўжыванне марыхуаны ў рэкрэацыйных мэтах.
Чытайце яшчэ:
Мінчук вырошчваў каноплі ў дзіцячым пакоі
Як марыхуана звязаная з хірургіяй — што даведаліся дактары
Каментары