Грамадства4949

Васкрасенскі: Трэба, каб Сікорскі прывёз падарунак Лукашэнку. А Бяляцкі і 20 завадатараў выйдуць апошнімі

Праваабаронца і былы палітвязень Леанід Судаленка меў размову з прапагандыстам Юрыем Васкрасенскім, якому ўнутры рэжыму даручана курыраваць справу палітвязняў і нават дазволена без наступстваў кантактаваць са СМІ і дзеячамі, якіх самі ўлады абвясцілі «экстрэмістамі». Сёння Судаленка выклаў пераказ асноўных момантаў іхняга «дыялогу». «Парадак і страх», — так канцэнтравана апісаў умовы рэжыму Васкрасенскі.

Леанід Судаленка: Ну дык, што вы скажаце датычна Алеся Бяляцкага?

Юрый Васкрасенскі: Глядзіце, Бяляцкі і ўсе астатнія такога ж калібру — Бабарыка, Знак, Калеснікава… Я маю на ўвазе — такога ж калібру для беларускай улады, зразумела, што для дэмакратычнай грамадскасці Бабарыка альбо Знак — гэта, выказваючыся словамі Саннікава, самазванцы, якія з’явіліся толькі ў 2020 годзе. Зразумела, што тут фігура Бяляцкага самая магутная. Але для беларускай улады людзі такога калібру пойдуць у апошняй чарзе, у самай апошняй. Калі не паўторыцца кейс з Дашкевічам.

Ну я вам кажу, як ёсць, на што разлічваць. З ягонай нагоды сітуацыя вельмі складаная. А вось з нагоды іншых зараз якраз ёсць унікальная магчымасць, каб, найперш, жанчын, хацелася б…

Леанідзе, я выказваю сваё дапушчэнне. Але, паколькі ў мяне досвед такі ж, як і ў вас — гадоў з 30. Вось я мяркую, што гэтых будуць трымаць не толькі да канца тэрміну, але і могуць паўтарыць кейс Дашкевіча.

— Вы разумееце, што, калі казаць пра Бяляцкага, калі ў яго скончваецца тэрмін, яму будзе 69 гадоў. Ягонае здароўе не вытрымае. Я там быў на кароткім тэрміне, я адчуў праблемы са здароўем. А ў 70 гадоў дадаваць 411-ы…

— Леанід, я вам кажу дапушчэнні. Такіх «жирных заключенных» будуць мяняць на «жирные предложения». Напрыклад, адкрыццё паветранай прасторы, зняцце санкцый з прамысловых прадпрыемстваў.

«Мы чакалі плюшку. Плюшак няма — вызваленні больш не разглядаюцца»

— Давайце тады пра журналістаў пагаворым. Напрыклад, сёння 34 журналісты за кратамі. Якія прапановы адносна іх, якая цана?

— Як я дапускаю, яшчэ раз падкрэсліваю, што гэта выключна маё дапушчэнне, таму што я вывучыў унутраную логіку нашага ўрада, вось цяпер вельмі добры момант, менавіта цяпер. Не пасля 23 лютага [меркаваная дата правядзення чарговых прэзідэнцкіх выбараў]. Бо 23 лютага, пасля выбараў, ужо гэты парадак дня і гэтая патрэба, каб казаць пра міласэрнасць для ўнутранага парадку дня, як ён пайшоў насустрач, не так важная. А зараз вельмі актуальная. Якая цана? Ну дык мы ж не на рынку.

— У апошнім выступе перад студэнтамі Лукашэнка сказаў, што будзе працягваць выпускаць. Калі чакаць наступную партыю?

— Ніякіх партыяў няма, таму што няма ніякіх плюшак. Патрэбная плюшка. Мы чакалі плюшку. Плюшак няма. І таму партый пакуль ніякіх не разглядаецца.

Пра ключ, які ў Сікорскага

— І нават з гуманітарнага спісу? Я магу вам даць гуманітарны спіс, хаця, пэўна, вы і так яго ведаеце.

— Ды навошта мне даваць? Я вам сказаў, дзе ключ ляжыць. Ключ ляжыць у Сікорскага. Разумееце, Леанід, вось тое, што яны там кажуць на карысць бедных — ёсць заява МЗС, што, вось, гэты калабарант — ну, пра мяне, прапанаваў тое, што не адпавядае дыпламатычным канонам.

Вы, як разумны чалавек, разумееце, што пасля выпадку з Красікавым, калі яны аддалі крываваму дыктатару, як яны лічаць, наёмнага забойцу, і пры гэтым забралі людзей без іхняй згоды — Яшына ды іншых, якія не хацелі з’язджаць з Расіі, то ўсе іншыя заявы — гэта крыўлянне. Значыць, аказваецца, так можна? Нават забойцаў мяняць і нават людзей без іхняе згоды — пад зад нагой, і яны іх прымаюць. Дык а чым беларусы горшыя?

Вы пыталі, што рабіць. Дык вось — ключ ляжыць у Сікорскага.

Планаў «перагарнуць старонку» няма

— Дык ці ёсць планы «перагарнуць старонку» 2020 года да лютага, да выбараў?

— Не, такіх планаў няма, калі не будзе… Такі план… Думка ва ўладзе раскалолася. Ёсць структуры МЗС — яны выступаюць за адно. Ёсць структуры МУС — яны выступаюць за іншае, ёсць прамысловае лобі — яны выступаюць за трэцяе. Вось гэты працэс быў пачаты з мэтай таго, каб, ну, калі не перагарнуць старонку, то хаця б гэтую старонку неяк пагладзіць, каб яна не такая пакамечаная была. І 115 чалавек «гэтых» выйшла, і мы чакалі… Яны чакалі адказу. Адказу няма. Разумееце?

— Вы казалі пра 900 напісаных заяваў на памілаванне. А на волі толькі 120. Дык як тут быць з гэтай матэматыкай?

— Ну, гэтыя 900 — гэта за ўвесь час. Бо тады 300 я перадаў спісы, яшчэ 50 было ў рабоце, і пасля 24 лютага 2022 года на два гады гэты працэс спыніўся ўвогуле, за гэтыя два гады недзе чатыры сотні напісалі. Вы ж ведаеце, што амаль усе напішуць, калі ім запрапануюць. І трэба так рабіць, каб выйсці.

— Але ж мы ведаем, што могуць памілаваць і без заявы. Вось гэтая заява, што Анджэй Пачобут не выходзіць, бо не хоча выходзіць, ну прабачце, гэта ж проста міф.

— Дык гэта ж заява Дуды.

— А я думаў, гэта заява афіцыйнага Мінска.

— Дык пагугліце. Дуда і кіраўнік ягонай канцылярыі сказалі, што ён не хоча выходзіць.

Трэба прасіць, каб Сікорскі ўзяў падарунак Лукашэнку і прыехаў у Мінск

— У папярэднія гады перад выбарамі заўжды адпускалі палітвязняў — і перад 2001 годам, і перад 2006 годам, нават перад 2010 годам. На вашу думку, вось акрамя 20-ці «буйнога калібру», усе астатнія да выбараў выйдуць?

— Залежыць не ад нас, разумееце? Зараз унікальная сітуацыя, калі ключ не ў французаў там, немцаў, ключ у палякаў. З палякамі хочуць нармалізаваць адносіны. У новага міністра замежных спраў бабуля і маці — палякі. Зараз чакаюць ад палякаў крокаў. Вось вы пыталі, што рабіць. Трэба прасіць, каб палякі, найперш спадар Сікорскі, альбо, магчыма, іншага калібру чалавек — зараз я вам назаву ягонае прозвішча — Ян Грабец, кіраўнік канцылярыі Туска, — каб яны сюды прыехалі.

Калі б я быў на вашым месцы, я б да іх пайшоў і сказаў: «Хлопцы, слухайце, ну вы, блін, наёмнага забойцу памянялі, вы казалі, што не будзеце мець з Пуціным аніякіх спраў, вы памянялі і ён вам яшчэ выкінуў людзей, якія не хацелі з’язджаць. Пра што вы кажаце тады?» Хай яны прыязджаюць. Па-першае, яны забяруць Пачобута гэтага без аніякіх умоў.

— А дзе гарантыі, што з імі сядуць за стол перамоваў?

— Ды сядуць. Бо гэта Мінску трэба. Яны баяцца, што, маўляў, прапаганда заявіць пра свой трыумф. Ну, гэта дзіцячы садок. Таму што мы ў любым выпадку заявім пра свой трыумф. Напрыклад, мы гаворым зараз, што польскі рэжым кінуў свайго грамадзяніна Пачобута — напляваў, растаптаў яго. Вось Расія сваіх не кідае. І Беларусь сваіх не кідае. А яны кінулі. То-бок прыедзе ён, ці не прыедзе — прапаганда ўсё адно ўсё перакруціць. Вы гэта цудоўна разумееце.

Той, хто атрымае доступ да цела, павінен сказаць: «Аляксандр Рыгоравіч, слухай, ну ты ж справядлівы чалавек, ты жанчын любіш, жанчыны цябе ўсе любяць. Давай іх адпусцім. Давай журналістаў адпусцім». І Аляксандр Рыгоравіч пойдзе насустрач. Але яму нехта з гэтых людзей павінен сказаць. Вось самы рэальны ключ, які я бачу.

— То-бок вы ўпэўненыя, што Сікорскі сёння ў стане вырашыць пытанне вызвалення палітвязняў да Новага года?

— Абсалютна! Сядае на машыну ці на самалёт, бярэ нейкі падарунак Лукашэнку — Біблію ВКЛ якую-небудзь, прыязджае, цісне руку… Па Бяляцкім і двух дзясятках самых завадатараў, я лічу, гэтае пытанне можа разглядацца толькі ў выпадку адмены ўсіх санкцый, усіх! І аднаўлення паветранай прасторы.

— Бяляцкі ж не завадатар. Бяляцкі ж не палітык. Ён жа трохі ўбаку. Ён жа не хадзіў на пратэсты, ён, як і я, у офісе рабіў сваю працу.

— Ну вось гэтых самых вядомых, я лічу, што можна вырашыць пытанне толькі ў купе адмены ўсіх санкцый і адкрыцця паветранай прасторы, што на сённяшні момант немагчыма.

«Матывацыя рэжыму: парадак і страх»

— Вось паводле звестак Праваабарончага цэнтра «Вясна» 115 чалавек памілавана, а за гэты час 140 чалавек кінутыя за краты. Чаму рэпрэсіі не спыняюцца?

— Вы хочаце ўнутраную матывацыю рэжыму? Любой цаной забяспечыць грамадскі парадак, не скаціцца да ўзроўню Украіны. Калі б Януковіч адкрыў агонь і не ўцёк бы, калі б ён па-сапраўднаму адкрыў агонь, загінулі б не 100 чалавек, а 300, але не было б мільёнаў забітых і параненых з двух бакоў.

Таму ўнутраная логіка вашага праціўніка — любой цаной парадак. Парадак і страх: займайцеся чым хочаце, толькі не лезьце ў палітыку. Інакш тут можа паўтарыцца Украіна.

— То-бок пра нацыянальнае замірэнне, пра якое казаў Бяляцкі з-за кратаў, пакуль размовы не ідзе?

— Я мяркую, што пакуль вайна (ва Украіне) не спыніцца, пакуль не будзе перамір’я, да чаго заклікае прэзідэнт, ніякага нацыянальнага замірэння не будзе, таму што гэта звязана з выжывальнасцю дзяржавы. Я так мяркую, але я не кажу, што я ўлада…

Каментары49

  • К@пец
    02.10.2024
    Ужо самі напрошваюцца на дыялог, гандляры людзьмі. Лезуць усюды са сваім людажэрскім прайсам. І оптам, і ўраздроб прапануюць. І паралельна новых набіраюць. Толькі санкцыі нам здыміце... Тэрарысты сапраўдныя. Хай Сікорскі луку пэйджар у падарунак перадасць.
  • Радэк Эпэльбаўмаў
    02.10.2024
    Грамадзянскую Машыну Паліцыю падарую ад Санацыі2.0 БэСэСэРыі
  • Упырхлік
    02.10.2024
    Пачытаў і зразумеў, што вяртацца з Польшчы да гэтых калгасных вырадкаў я не маю ніякага жадання. Хай мае дзеці вырастуць і атрымаюць польскае грамадзянства. Круціў я на х.. ваш ганебны савок і вашу беспрасветную тупасць!

«Нам по**й. Калі па руках не дадуць за незаконнае затрыманне, можам і бабулю разам з імі закрыць»

«Нам по**й. Калі па руках не дадуць за незаконнае затрыманне, можам і бабулю разам з імі закрыць»

Усе навіны →
Усе навіны

У некаторых мінчукоў вада з крана можа стаць зялёнай

Расійскі знішчальнік пятага пакалення Су-57 высмеялі ў кітайскіх сацсетках9

Дональд Трамп абвясціў сваю перамогу на выбарах2

Ці здасць Трамп Украіну Расіі? Чаму дэмакраты разгромленыя? Да чаго прывядзе кантроль рэспубліканцаў над выканаўчай і заканадаўчай уладай адначасова?81

Рыбак з Рагачова злавіў у Дняпры «дагістарычнага шчупака»2

У Беларусь прыехаў акцёр Тыль Швайгер2

Беспілотнік упершыню атакаваў тэрыторыю Дагестана

Трамп перамагае са значным адрывам, бярэ ўсе хісткія штаты28

З-за рэгулявання штарміць сферу таксі: машын стала менш, паслугі падаражэлі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Нам по**й. Калі па руках не дадуць за незаконнае затрыманне, можам і бабулю разам з імі закрыць»

«Нам по**й. Калі па руках не дадуць за незаконнае затрыманне, можам і бабулю разам з імі закрыць»

Галоўнае
Усе навіны →