Грамадства2727

«Я падняў аднаго са слабавікоў — і выпусціў яго на асфальт». Дэсантнік Руслан Акостка расказаў, як адседзеў 4 гады

Салігорац Руслан Акостка распавёў «Нашай Ніве», як аказваў супраціў сілавікам, а таксама пра «шалёныя» заробкі ў калоніі і сустрэчу за кратамі з нобелеўскім лаўрэатам Алесем Бяляцкім.

Руслан Акостка пасля вызвалення. Тут і далей фота з яго архіву.

Руслан успамінае, што пачаў удзельнічаць у пратэстах 2020 года пасля таго, як стала вядома пра жахі на Акрэсціна і ў розных іншых месцах Беларусі. Яго як былога дэсантніка гэта вельмі абурыла.

— Гвалт, бязмежжа, д'ябальшчына — гэта мяне прымусіла ўспомніць, што ўсё ж войска павінна абараняць народ.

Акостка кажа, што сапраўды верыў у магчымасць мірнага пратэсту:

— Я адштурхоўваўся ад таго, што людзі, якія кіруюць краінай, павінны быць адэкватнымі. Асабліва ўлічваючы той факт, што наша краіна знаходзіцца ў цэнтры Еўропы — усё ж на яе глядзяць. Такога жаху, які адбыўся ў выніку, не павінна было адбыцца.

Напрыканцы верасня 2020 года Руслана ўпершыню затрымалі. Сам ён з вёскі Заўшыцы Салігорскага раёна, на пратэсты ездзіў у райцэнтр на маршрутцы. Кажа, не прайшло і 10 хвілін пасля вяртання дадому, як прыехалі міліцыя і АМАП. Але лёгка здавацца Акостка не збіраўся.

— Аднаго я паклаў на верандзе, але астатнія пачалі цягнуць мяне ва УАЗік. Я супраціўляўся як мог, не даваўся. Ім прыйшлося мяне некалькі разоў ударыць, каб я страціў прытомнасць. Мусіць, у той момант пашкодзілі рабро, таму што пасля на сутках я праз боль у ім пакутаваў. Не думаю, што зламалі. Хутчэй за ўсё, была трэшчына.

Далей усё развівалася прадказальна. Руслана даставілі ў Салігорскі ІЧУ, на наступны дзень судзілі і далі 15 сутак, пасля перавялі ў Любанскі ІЧУ.

Пасля адбыцця сутак дэсантнік вырашыў зрабіць паўзу ў удзеле ў пратэстах, каб падлячыцца — усё ж такі хворае рабро нагадвала пра сябе. Але ж забойства Рамана Бандарэнкі ў Мінску прымусіла Акостку выйсці на нядзельны марш.

Тады ён з бел-чырвона-белым сцягам прайшоў амаль праз увесь Салігорск, дабраўся да Парку чатырох стыхій, дзе збіраліся людзі. Але амаль адразу на крэпкага мужчыну звярнулі ўвагу сілавікі.

— Падышлі супрацоўнікі міліцыі, запатрабавалі пакінуць парк. Я сказаў, што маю права тут знаходзіцца, я нічога не парушаю.

Руслан паказаў міліцыянерам пашпарт, але ехаць з імі ў аддзяленне адмовіўся.

— Выклікалі па рацыі падмацаванне ў выглядзе чарговых слабавікоў у масках і са стрэльбай, АМАП. Усе падбеглі, пачалі патрабаваць праехаць з імі, але зноў я адмовіўся. Ну і ўсё, і пачалі сілком цягнуць.

Акостка атрымаў 15 сутак, але за чвэрць гадзіны да іх сканчэння яму паведамілі, што на свабоду ён так і не выйдзе. На яго паспелі завесці крымінальную справу за супраціў падчас затрымання і нанясенне цялесных пашкоджанняў супрацоўніку РАУС.

На пытанне, ці сапраўды ён нанёс пашкоджанні, Руслан адказвае так:

— Я проста падняў аднаго са слабавікоў і выпусціў яго на асфальт.

Руслан адзначае, што звычайна тых, на каго завялі крыміналку, адпраўлялі ў Жодзіна. Але ў яго выпадку чакалі, пакуль на целе знікнуць сляды пабояў — і толькі калі сінякі зніклі, перавезлі.

У лютым 2021 года ў Руслана адбыўся суд. Ён кажа, што засталося ў памяць тое, як увайшоў у залу і пабачыў: амаль усе месцы занятыя сілавікамі. Для тых, хто прыйшоў падтрымаць Руслана, пакінулі толькі чатыры месцы.

Суддзя Алеся Серадзенка агучыла прысуд: тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму і матэрыяльная кампенсацыя пабітаму міліцыянеру ў памеры 2000 рублёў. Адбываць тэрмін Акостку адправілі ў віцебскую калонію №3.

— У калоніі вельмі адчуваўся негатыў з боку адміністрацыі ў бок тых, хто быў незаконна асуджаны за падзеі 2020 года. Гэта тычыцца і нейкіх слоўных выказванняў, і ўнутранай непрыязнасці, і рабскай працы за даляр. Ды нават не за даляр! Памятаю свой першы заробак за май 2021 года ў «Віцьбе» — ён склаў 11 капеек. Далей я нават не глядзеў, колькі налічваюць.

Кожны дзень у калоніі быў Днём сурка. Руслан увесь час не мог паверыць, што з ім адбываецца тое, што адбываецца.

— Па тэлевізары расказваюць, што Беларусь — цэнтр Еўропы, ледзь не цэнтр Сусвету. І ў гэтым самым цэнтры — рабства. Улічваючы, у якіх умовах жывуць зняволеныя і якую зарплату атрымліваюць за працу, — гэта самае сапраўднае рабства. Я быў у шоку ад таго, што бачыў.

Акостка лічыць, што супрацоўнікі калоніі атрымліваюць задавальненне ад здзекаў з палітычных зняволеных.

 — Каб не сумаваць на працы, яны пачынаюць прыдумляць розныя правакацыі. Спытаеш нешта, а табе ў адказ: «А чаго табе ў жыцці не хапала?» Актыўна правакуюць на грубасць. Тых, у каго здадуць нервы, садзяць у штрафны ізалятар ці падаўжаюць тэрмін, як мне.

Руслану сапраўды дадалі год зняволення. На яго завялі новую крымінальную справу за злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі.

Акостка тлумачыць, гэта было звязана з тым, што ён выступіў супраць, калі яго прымушалі выконваць дадатковую працу. Праз гэта Руслана зноў судзілі.

Адбываць новы тэрмін адправілі спачатку ў калонію асобага рэжыму №13 у Глыбокім (там знаходзіцца Мікола Статкевіч), а потым у калонію №9 у Горках.

У Горках Руслан сустрэўся з лаўрэатам Нобелеўскай прэміі Алесем Бяляцкім.

— Магу сказаць, што Алесь дакладна схуднеў. Але ў гэтым няма нічога незвычайнага. Я ведаю выпадкі, калі людзі скідалі па 30 кілаграм, сам я схуднеў на 14 кілаграмаў.

Акостка тлумачыць, што гэта звязана з цяжкай фізічнай нагрузкай у калоніі і дрэнным харчаваннем. Тыповае меню: ад раніцы аўсянка, на абед пярлоўка, увечары бульба. Часам бываюць рыбныя катлеты. Мяса, калі ёсць, дык пападае далёка не кожнаму ў талерку — як пашанцуе. Садавіны не даюць ніколі, гародніну — рэдка. Восенню — зімой часцей гатуюць салату з белакачаннай капусты.

— Добра, што ў мяне была магчымасць хадзіць у краму і набываць нешта з ежы. Мне як палітычнаму дазвалялі купляць штомесяц на 80 рублёў. І вось пры такіх умовах я скінуў 14 кілаграм. Не ведаю, што было б, калі б не мог дакупляць нічога.

Руслан пацвярджае, што на палітвязняў ціснуць і тым, што скарачаюць сумы, якія дазволена патраціць у краме калоніі.

— Калі ў зняволенага ўсё нібыта нармальна з паводзінамі, то яму дазваляюць закупацца на 4 базавыя. Такім «злосным парушальнікам» як я — усяго на 2 базавыя. А ў калоніі магчымасць набыць дадатковую ежу вельмі ўплывае на фізічны стан.

Руслан кажа, што Алесь Бяляцкі адчувае сябе больш-менш нармальна, але захаваць здароўе ва ўмовах калоніі даволі складана. Атрымаць кваліфікаваную медыцынскую дапамогу амаль немагчыма.

— Доктар фармальна пытаецца ў цябе, ці ёсць якія-небудзь скаргі. Ты пачынаеш пералічваць. Ён паціскае плячыма і раіць звяртацца да профільнага спецыяліста. А профільнага спецыяліста ў калоніі, канешне, няма.

Руслан згадвае, як спрабаваў атрымаць дазвол на тое, каб сваякі даслалі яму вітаміны. Для гэтага спачатку трэба атрымаць дазвол у медчасці, потым у адміністрацыі калоніі.

— Я напісаў спіс неабходных вітамінаў, пайшоў з ім у медчасць. Паказваю доктарцы, а яна мне: «Табе колькі гадоў? 32? Вось было б 42 хаця б, тады б пагаварылі. А так — навошта табе вітаміны?». У мяне вялікае пытанне, каму давалі клятву тыя лекары — Гіпакрату або адміністрацыі калоніі.

24 ліпеня 2024 года Руслан выйшаў на свабоду, цалкам адбыўшы свой тэрмін. Ён прызнаецца, што ў калоніі зусім не думаў аб ад'ездзе з Беларусі. Але хутка зразумеў, што спакойна жыць на радзіме яму ніхто не дазволіць.

— Мяне адразу паставілі на два ўлікі. Кожны панядзелак мне трэба было адзначацца ў міліцыі. Таксама было патрабаванне працаўладкавацца за 15 дзён. Я разумеў, што за два тыдні не паспею нават усе медыцынскія абследаванні прайсці, каб высветліць, што ў мяне са здароўем пасля 4 гадоў турмы.

Руслан лічыць, што яго як патэнцыйна небяспечнага чалавека для сістэмы маглі б зноў пасадзіць перад выбарамі ў 2025 годзе.

Ужо ў жніўні Руслан з дапамогай BySol эвакуіраваўся з Беларусі. Цяпер ён у Іспаніі — кажа, што за 4 гады намёрзся ў калоніях, таму выбраў краіну з цёплым кліматам і морам. Ужо падаў дакументы на ўцякацтва. Плануе пачаць вывучаць мову.

Каментары27

  • .
    30.09.2024
    Хто б даў аднаго дзеда прыпадняць...
  • Беларус
    30.09.2024
    Вялікі дзякуй, Руслан! Хуткага аднаўлення і адаптацыі на новым месцы
  • Джавелін
    30.09.2024
    T-64M, а які сэнс у вашым каментары? Раскажыце пра вашае змаганне ці 30ці-гадовае сядзенне на канапе.

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны13

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны

Усе навіны →
Усе навіны

Стаў вядомы спіс афіцэраў, якіх Лукашэнка за падтрымку народу ў 2020 годзе пазбавіў званняў7

Бондарава заклікала пакараць Марзалюка. Але падвяла сябе пад 15 сутак за рэпост «НН»13

У эфіры прапагандыстаў паказалі яшчэ аднаго зняволенага каліноўца — Максіма Ралько5

У Мінску ўзяліся зносіць парк «Дрымлэнд» ВІДЭА2

Storm Shadow сёння маглі ўдарыць па гістарычнай сядзібе на Куршчыне, дзе размяшчаўся расійскі камандны пункт4

Куды зноў знік Пуцін? Выявілася, што яго апошнія сустрэчы — гэта насамрэч запісы месячнай даўніны3

«Гэта замах на забойства». Пад Гроднам нехта нацягнуў дрот над сцежкай, дзе катаюцца матацыклісты3

Папа Рымскі зацвердзіў абрад свайго пахавання2

Адміністратарам украінскага тэлеграм-канала, які дапамагаў пазбягаць позваў, аказалася беларуска8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны13

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны

Галоўнае
Усе навіны →