Сярод лаўрэатаў прэміі Right Livelihood Awards 2024 года — ініцыятывы па абароне прыроды, а таксама змагары за правы чалавека і прыхільнікі негвалтоўнага супраціву, піша Deutsche Welle.
У Стакгольме ў чацвер, 3 кастрычніка, былі названыя лаўрэаты ўзнагароды Right Livelihood Awards, якая лічыцца альтэрнатыўнай Нобелеўскай прэміяй.
У 2024 годзе імі сталі: палесцінскі абаронца правоў чалавека Іса Амро і яго праект Youth Against Settlements; абаронца правоў карэнных народаў з Філіпін Джаан Карлінг; абаронца прыроды з Мазамбіка Анабела Лемас і яе арганізацыя Justiça Ambiental!, а таксама брытанскі даследчы праект Forensic Architecture.
Лаўрэаты прэміі Right Livelihood Awards «прадэманстравалі магутнасць негвалтоўнага супраціву і пошуку ісціны, пераклаўшы прыняцце рашэнняў на плечы мясцовых супольнасцяў», — заявіў кіраўнік фонду Right Livelihood Оле фон Ікскюль у сталіцы Швецыі.
«Ва ўмовах гвалту, эксплуатацыі і прыгнёту ў свеце лаўрэаты гэтага года паказваюць шлях да справядлівай, мірнай і ўстойлівай будучыні. Іх самаадданасць павінна натхніць усіх нас праяўляць больш мужнасці», — дадаў ён.
61-гадовая Джаан Карлінг ужо больш за 30 гадоў змагаецца супраць захопу зямель карэнных народаў Філіпін — нярэдка з вялікай рызыкай для жыцця.
Між тым палесцінскі актывіст Іса Амро быў ганараваны ўзнагародай за «ўстойлівы і негвалтоўны супраціў, ён «супярэчыць міжнароднаму праву акупацыі Ізраілем палесцінскіх тэрыторый на Заходнім беразе ракі Ярдан і за «грамадзянскую актыўнасць, якую ён праяўляе, нягледзячы на турэмнае зняволенне і катаванні».
Forensic Architecture — арганізацыя з Вялікабрытаніі, заснаваная ў 2010 годзе. Яна прасоўвае новыя метады судовай экспертызы, накіраваныя на расследаванне парушэнняў правоў чалавека і экалагічных злачынстваў.
Экалагічная актывістка з Мазамбіка Анабела Лемас змагаецца супраць праектаў па здабычы карысных выкапняў і высялення жыхароў з іх зямель. Разам з арганізацыяй Justiça Ambiental! яна прыцягвае ўвагу міжнароднай грамадскасці да праектаў па здабычы звадкаванага прыроднага газу і звязанай з гэтым шкоды для навакольнага асяроддзя, растлумачылі ў фондзе.
Міжнародная ўзнагарода Right Livelihood Award, або альтэрнатыўная Нобелеўская прэмія ўручаецца ў Стакгольме з 1980 года. Традыцыйна яе лаўрэатамі становяцца людзі і арганізацыі, якія актыўна змагаюцца супраць забруджвання навакольнага асяроддзя, ядзернай пагрозы, парушэнняў правоў чалавека і дыскрымінацыі прадстаўнікоў меншасцяў.
Традыцыйны Нобелеўскі тыдзень пачнецца ў наступны панядзелак з абвяшчэння лаўрэата па псіхалогіі і медыцыне.
Нобелеўскі лаўрэат па літаратуры будзе названы ў наступны чацвер, 10 кастрычніка, прэміі міру ў пятніцу 11 кастрычніка.
У 2015 годзе прэміяй па літаратуры была ўзнагароджана Святлана Алексіевіч, а ў 2022 годзе лаўрэатам прэміі міру быў абвешчаны палітвязень і праваабаронца Алесь Бяляцкі.
Каментары