У Расіі рэцыдывіст ростам меншым за 150 см скраў трох кенгуру — аднаго ён хацеў абмяняць на макаку сваёй мары
Адзін з кенгуру загінуў, другога злодзей прадаў.
У канцы верасня ў заапарках у расійскіх Калузе і Яраслаўлі скралі трох кенгуру — дзвюх самак і самца. Аказалася, у заапарках «працаваў» злодзей-рэцыдывіст нізкага росту.
28 верасня з заапарка ў Яраслаўлі знік кенгуру Крош. А ў ноч з 29 на 30 верасня з заапарка ў Калужскай вобласці зніклі два зусім нядаўна народжаныя кенгуру — работнікі нават не паспелі даць імёны. Невядомы разрэзаў сетку, паклаў кенгуру ў сумку і сышоў.
Сілавікі звязалі гэтыя злачынствы, а неўзабаве знайшлі і падазраванага. Ім аказаўся 31-гадовы Іван Някрасаў. Рост хлопца меншы за 150 сантыметраў, што ён, паводле звестак канала Shot, выкарыстаў для здзяйснення крадзяжоў: прабіраўся ў кватэры праз шчыліны ў дзверы, а ў дамы — праз вокны на гарышчы.
У 2017 годзе Някрасава затрымалі, але ён непрыкметна збег ад канваіраў. Пазней ён атрымаў умоўны тэрмін, а неўзабаве быў абвешчаны ў вышук.
Следчыя мяркуюць, што Някрасаў вырашыў зрабіць бізнэс на продажы жывёл. Ён знайшоў у інтэрнэце пакупнікоў, а затым скраў трох кенгуру ў заапарках.
Злодзея затрымалі ва Уладзімірскай вобласці, у яго клятчастай сумцы знайшлі двух кенгуру. Адзін з іх памёр, а другі падчас затрымання ледзь не ўцёк. Яго Някрасаў збіраўся абмяняць на макаку рэдкай пароды, пра якую даўно марыў. Яшчэ адно кенгураня злодзей паспеў прадаць.
Распачатыя крымінальныя справы аб крадзяжы і жорсткім абыходжанні з жывёламі.
Каментары
Лепей бы ён галасаваўся замест Нануські Канапацкай на Старшыню Нашага Калгасу!
"Непрыкметна збёг ад канваіраў" - ня ведаю, тут ці "зухаватасьць" міліцыянтаў, ці, сапраўды, нейкая літасьць да лядашчага - адпусьцілі. А мо і выкупіўся.
І відаць, міліцэйскую справаздачу нехта гэтага разу з мастацкім густам апрацаваў: пранікаў праз шчыліны (міліцэйскай мовай было б праз адтуліны, рас. отверстия, клятчастая(!) торба, адзін зь іх [кэнгуру] падчас затрыманьня ледзь ня ўцёк