Чаму ў Гаазе не будуць расследаваць катаванні і забойствы ў Беларусі? Тлумачыць Латушка і дэпутат Еўрапарламента ад Літвы
«Беглыя», «востракапытныя», «нелаяльныя». Уся гэта тэрміналогія — падарунак нам у кантэксце крымінальнай справы», — кажа Павел Латушка.
У матэрыялах, якія ўрад Літвы перадаў у Офіс пракурора Міжнароднага суда ў Гаазе, знаходзяцца толькі факты аб трансгранічных злачынствах рэжыму Лукашэнкі. Там не згадваюцца забойствы ў 2020-м годзе Генадзя Шутава, Аляксандра Тарайкоўскага, Рамана Бандарэнкі, катаванні беларусаў, здзекі і гвалт з іх у турмах. Чаму так?
Як патлумачыў Павел Латушка ў інтэрв'ю «Белсату», ва ўмовах, калі Беларусь не з'яўляецца членам Міжнароднага крымінальнага суду, юрысты змаглі знайсці такое прававое рашэнне, якое дае падставы да разгляду справы ў МКС. Яно атрымала станоўчую ацэнку міністэрства юстыцыі Літвы і міжнародных экспертаў:
«Лукашэнка ніколі не хацеў падпісаць Рымскі статут, ніколі не хацеў, каб Беларусь была членам Міжнароднага крымінальнага суду. Бо ён разумеў, што адказнасць прыйдзе, і гэты інструмент можа быць выкарыстаны супраць яго. Якім чынам тады распаўсюдзіць юрысдыкцыю Міжнароднага крымінальнага суду? Рашэнне было знойдзена. [Гэта] рашэнне аб трансгранічнасці гэтых злачынстваў. Калі частка злачынстваў здзяйсняецца ў тым ліку на тэрыторыі краіны, якая з'яўляецца сябрам Міжнароднага крымінальнага суда».
Матэрыялы аб злачынствах рэжыму можна падзяліць на некалькі блокаў.
Па словах Латушкі, першы з іх такі: «На тэрыторыі Беларусі ствараецца атмасфера гвалту, рэпрэсій, шоку. Калі беларусы вымушаны ўцякаць з краіны, калі яны дэпартуюцца з тэрыторыі Беларусі. У сувязі з гэтым сотні тысяч беларусаў сталі ахвярамі дэпартацыі».
Другім аспектам з'яўляецца пераслед беларусаў пасля іх выезду: «Нас усіх пачалі называць [абразліва]: Лукашэнка — «беглыя», Карпянкоў — «востракапытныя», «нелаяльныя». Уся гэта тэрміналогія — падарунак нам у кантэксце крымінальнай справы. Хачу сказаць «дзякуй» Лукашэнку за тое, што ён назваў так беларусаў. Бо гэта падкрэслівае, што мы ў іх вачах катэгорыя няякасная, непатрэбная для дзяржавы. Гэта група людзей, якіх яны пераследуюць ментальна».
Латушка сцвярджае, што праблема фізічнага пераследу, забойстваў, палітычна матываваных прысудаў, беспадстаўных затрыманняў «улічваецца ў кантэксце». Але прыцягнуць за такія злачынствы да адказнасці і распаўсюдзіць на іх юрысдыкцыю МКС можна толькі ў тым выпадку, калі яны здзяйсняюцца «ў тым ліку на тэрыторыі краіны, якая належыць Міжнароднаму крымінальнаму суду. Гэта Літва».
Дэпутат Еўрапейскага парламента ад Літвы Дайнюс Жалімас (Dainius Žalimas) на сваёй старонцы ў фэйсбуку тлумачыць, што «дэпартацыі (разам з пераследам па палітычных ці нацыянальных прычынах), якія прадугледжваюць вымушаны ад'езд людзей з краіны з-за страху пераследу», — «вузкае акно для юрысдыкцыі Міжнароднага крымінальнага суда».
«З такімі злачынствамі могуць звяртацца ў Міжнародны крымінальны суд і краіны-ўдзельніцы Рымскага статуту, у якой узнікаюць іх наступствы. І Літва — менавіта такая краіна Рымскага статуту, бо мы прытулілі шмат беларусаў, якія ўцяклі ад рэжыму Лукашэнкі», — піша Жалімас.
Еўрадэпутат падкрэслівае, што ў звароце разглядаюцца не ўсе злачынствы рэжыму Лукашэнкі, а толькі дэпартацыі і звязаны з імі пераслед. Заяўка Літвы ў Міжнародны крымінальны суд не азначае аўтаматычна, што ён абавязкова пачне расследаванне і будзе пераследаваць Лукашэнку. Пракурор Міжнароднага крымінальнага суда разгледзіць зварот, а потым вырашыць, ці пачаць расследаванне.
Жалімас таксама звяртае ўвагу на дзве важныя акалічнасці, звязаныя з падачай дакументаў у МКС.
Па-першае, важна, каб пракуратура Літвы не ўспрыняла зварот у МКС як прычыну для прыпынення свайго расследавання па злачынствах супраць чалавечнасці на падставе ўніверсальнай юрысдыкцыі. МКС і пракуратура Літвы будуць дапаўняць адно аднаго ў расследаванні, а не канкурыраваць.
«Мы будзем уважліва сачыць, каб зварот у МКС не выкарыстоўваўся як прычына не прыцягваць да адказнасці добра вядомых падазраваных у справе, пачатай у Літве на падставе ўніверсальнай юрысдыкцыі», — піша еўрадэпутат.
Па-другое, Літва пакуль дзейнічае адна. Польшча і Латвія, хоць і закранутыя дэпартацыямі беларусаў, не звярнуліся ў МКС.
«Я прыкладу ўсе намаганні, каб яны далучыліся. Іншыя краіны таксама павінны пачаць справы супраць Лукашэнкі, калі Еўропа хоча перамагчы дыктатараў», — запэўнівае Жалімас.
Каментары
Ну гэта нагода пакруціць прыгоннага ў канадзе, бэсэсэры, рэсэфэсэры ці англіі, дзе рэпрэсуюць празь недазлачынства "мову варожасьці" (канешне абраза не злачынства) Але на паноў і панскіх цівуноў халопскі кодэкс ня дзее, гэта проста нейкая ганьба, як былы палпалыч каналізуе антылукашэнкавыя настроі.
Людцы, вам бюджэтных змагароў з рэжымам (тут рэдкі выпадак, калі нацыянал-сацыяліст дзядусь Зэ мае глузды) папрызначаў дзярждэп і эўрасавок (хутчэй за ўсё ў цк кп бсср зацьвярджалі кандыдатуры, калі не адтуль прапаноўвалі) і вы сьлядкуеце іхай імітацыі дзейнасьці. Дзядусь Зэ, зрэшты, такі самы, канал на ютубе бяз нажлукціцца нагбом са скарбніцы урср ня здатны стварыць (бо ніхто не глядзецьме, пілі ў Одына-арла мед, але ня зь дзюбы)
Зрэшты, сама ідэя міжнароднага суда ў пазытыўным праве бяз інструмэнтара энфорсмэнту - жалю варты анэкдот (ў звычайным праве суд, насупраць, ня мае патрэбы ў інструмэнтах прымусу: Xeer, воровская сходка, Гарачая і Халодная Капа, марское права). На пракуроршаў з гаагі, якія да таго ў сваіх афрыках судзілі праз чараўніцтва, не спадзявайцеся.
А як адрозьніць тады кваліфікаванага юрыста, як не прызначацьмуць нам іх з гары?! Ведаю, карціць дазнацца. І, пераконваю, гэта нескладана. Гэта такі, да каго вы ўва ўмовах адсутнасьці ліцэнзаваньняў і рагуляцыяў зьвернецеся самыя па юрыдычны суправод. Ці насуперак такім рагуляцыям.
Напрыклад, Эватал, калі выйграе першую справу па вучобе ў Пратагора. Ці Лысандар Спунэр якіх насуперак закону без вымаганае адукацыі быў юрыстам (і паштальёнам быў незаконна, і выдатным, трэба заўважыць). Або з сучасьнікаў - нейкі мурын, які адвакатстваваў бяз фармальнае адукацыі і выйграў колькі тузінаў справаў, пакуль не пакруцілі.