У выніку знішчэння сістэмы коштам у 100 мільёнаў долараў у УСУ з'явіцца спрыяльны «паветраны калідор» для эфектыўнага выкарыстання дальнабойных крылатых ракет.
Пра знішчэнне расійскай радыёлакацыйнай станцыі «Небо-М» балістычнымі ракетамі ATACMS паведамілі ў прэс-службе Генеральнага штаба УСУ. Месца атакі не ўдакладняецца.
Сцвярджаецца, што гэта істотна зніжае магчымасці расійскай арміі па выяўленні, суправаджэнні і перахопе аэрадынамічных і балістычных цэляў і дазволіць стварыць спрыяльны «паветраны калідор» для эфектыўнага прымянення крылатых ракет Storm Shadow і SCALP-EG.
«Небо-М» — вельмі складаны для паражэння аб'ект, які можа працаваць ва ўмовах актыўнага радыёэлектроннага падаўлення, скануючы гарызонт у пошуках паветраных аб'ектаў на сярэдніх і вялікіх вышынях і на адлегласці да 600 кіламетраў. Адначасова сістэма можа адсочваць да 200 цэляў.
Сцвярджаецца, што гэтая сістэма, акрамя балістычных ракет, самалётаў, верталётаў і беспілотнікаў, можа выявіць малапамерныя і малазаўважныя цэлі, у тым ліку выкананыя па тэхналогіі «стэлс». А хуткасць яе разгортвання займае ўсяго 15 хвілін.
Праектаванне сістэмы пачалося ў 1999 годзе, а вытворчасць была наладжаная ў 2010-м. На ўзбраенне «Небо-М» была прынятая ў 2012-2013 гадах. РЛС мае некалькі мадыфікацый, разлічаных на працу ў метровым, дэцыметровым і сантыметровым дыяпазонах.
Па наяўнай у Генеральнага штаба УСУ інфармацыі, у расіян засталося ўсяго 10 дзейных сістэм гэтага тыпу, кошт кожнай з якіх ацэньваецца больш чым у 100 мільёнаў долараў ЗША.
Каментары