Гісторыя11

Паўстагоддзя таму ў барца Мядзведзя жыло медзведзяня, але ў адным берлагу два мядзведзі не ўжыліся

85-гадовы экс-барэц Аляксандр Мядзведзь падчас кар'еры лічыўся фактычна непераможным — выйграў усе тры свае Аліпміяды і сем з дзевяці чэмпіянатаў свету, прычым падчас кар'еры мяняў катэгорыі. Натуральна, у СМІ адным з самых папулярных спосабаў падкрэсліваць вартасці барца сталі каламбуры з яго прозвішчам — маўляў, моцны, як жыхар лясоў. У пэўны момант так склалася, што ён завёў сабе ў кватэры сапраўднага ляснога «цёзку» — але два мядзведзі, як у той прымаўцы, у адным берлагу не ўжыліся, піша «Трыбуна».

Мядзведзя-барца, нібы ў апраўданне прозвішча, самога цягнула ў лес — улюблёным захапленнем было паляванне. Пры гэтым «вольнік» праз усё тое ж сугучча вельмі хацеў схадзіць на «цёзку». Аднойчы такую здабычу спартсмену арганізавалі — але калі справа дайшла да забойства, Аляксандра расстроіла гібель звера і больш пасля таго на мядзведзяў не паляваў.

Аднак цікавае перасячэнне з жывым мядзведзем у Мядзведзя яшчэ раз здарылася — было гэта роўна 50 гадоў таму, у 1973-м. Тады Аляксандр, які толькі-толькі перайшоў са спартсменаў у суддзі, прыляцеў у Краснаярск, дзе ў чэрвені таго года праходзіў чэмпіянат СССР па вольнай барацьбе.

У гэтым горадзе Мядзведзя вельмі паважалі — лічылася, што ён дапамог мясцоваму спартсмену Івану Ярыгіну. Той выступаў у вазе да 100 кілаграм і змагаўся, каб патрапіць на Алімпійскія гульні 1972 года. Напярэдадні гульняў Ярыгін выйграў чэмпіянат Еўропы, а вось чэмпіянат СССР у Мінску прайграў Уладзіміру Гулюткіну з Кіева.

Украінскія спартсмены ды рэспубліканскія ўлады сталі патрабаваць, каб менавіта іх барца адправілі на галоўны старт. У спрэчнай сітуацыі спыталі сярод іншага і меркаванне Мядзведзя, які раней сам выступаў у той жа самай вазе, але пасля перайшоў у цяжэйшую. Аляксандр абраў Івана Ярыгіна — і ў выніку менавіта краснаярца адправілі на Алімпійскія гульні, дзе ён узяў золата.

Аляксандр Мядзведзь (у цэнтры) і Іван Ярыгін (справа) падчас выставачнага паядынку

Пры візіце Мядзведзя ў Краснаярск яму захацелі арыгінальна аддзячыць за пратэкцыю. Мясцовыя вялікія чыны дамовіліся з Ярыгіным пра жывы падарунак — і барэц пасля сваёй перамогі ў турніры ўрачыста перадаў калегу двухмесячнае медзведзяня. Мядзведзь-чалавек не толькі прыняў прэзент пад авацыі гледачоў, але і рэальна вырашыў забраць яго ў Мінск.

На пасадку ў самалёт да Масквы мясцовыя, вядома, дамовіліся — Мядзведзь транспартаваў медзведзяня, як сабаку, на павадку.

Але ўжо ў расійскай сталіцы здарылася першая непрыемнасць — у рэстаране жывёлу за плату пакінулі пад нагляд гардэробшчыка, але той не ўсачыў за актыўным мішкам, які пры першай жа магчымасці атакаваў і сапсаваў чужыя паліто.

У Мінск Мядзведзь з медзведзянём ехалі на цягніку ва ўласным купэ — а каб там звер не бушаваў, экс-спартсмен прыдумаў напаіць яго півам. Атрымалася выдатна — увесь шлях гадаванец праспаў.

Утрымліваць медзведзяня, якое ў гонар гаспадара назвалі Сашка, Мядзведзю ў кватэры аказалася няпроста. Найменшай з турбот была неабходнасць выгулу — экс-барэц для гэтага ўставаў а пятай раніцы. Але аднойчы медзведзяня напала на суседскага сабаку — балазе, той паспеў збегчы, але яшчэ доўга не паказваўся на вуліцы.

Непрыемнасці былі і дома — звер пераварочваў дагары нагамі ўсё, да чаго мог дацягнуцца, і нават піва, якім Мядзведзь паіў яго для заспакаення, дапамагала ўжо далёка не заўжды. Ды і ежы патрэбна было шмат — катлеты сыходзілі кілаграмамі, а атрымаўшы намазаны мёдам хлеб, медзведзяня злізвала толькі салодкае і відавочна патрабавала дабаўкі.

Завяршала спіс праблем звычка дзікага звераняці падоўгу генераваць гучныя гукі, якія выдатна чулі ўсе суседзі, асабліва па начах. Аднойчы, калі Мядзведзь папрасіў прыгледзець за гадаванцам на міліцэйскім посце ў сваім доме, хтосьці паскардзіўся ў аддзяленне, што дзяжурны нібы проста ў пад'ездзе спрабуе завесці матацыкл.

Знаёмыя Мядзведзя, якія ўсяго гэтага не бачылі, не раз прасілі пазычыць ім медзведзяня, якое з боку выглядала мілым і кемлівым — нават умела браць анучу і выціраць падлогу. Экс-спартсмен з радасцю згаджаўся на прапановы і адпачываў ад гадаванца, але нядоўга.

«Прасілі, маўляў, дай яго нам, а мы табе бутэльку каньяку падарым. А праз дзень-два прыходзілі і казалі: «Скрыню каньяку праставім, толькі забяры яго назад!» — успамінаў Мядзведзь.

Пражыў звер у экс-барца ад сілы чатыры месяцы — далей і ён сам стаміўся, і, па прызнанні Мядзведзя, жонка выставіла з кватэры разам з гадаванцам. На час звераня пакінулі ў Палацы спорту, дзе яго нібыта «танчыць навучылі ды курыць». А далей удалося дамовіцца з маскоўскім цыркам, які тады гастраляваў у Мінску. У новым амплуа медзведзяня прыжылося і на пацеху гледачам коўзалася на каньках, а аб'яўлялі яго перад імпрэзамі як «падарунак сапраўднага Мядзведзя».

Каментары1

  • Максим Дизайнер
    19.05.2023
    История - бомба!Спасибо НН.Настоящий эксклюзив

Гнілое, затое нядорага. Як папулісцкі ўказ Лукашэнкі аб абмежаванні нацэнкі ўплывае на ўсіх удзельнікаў ланцужка паставак гародніны4

Гнілое, затое нядорага. Як папулісцкі ўказ Лукашэнкі аб абмежаванні нацэнкі ўплывае на ўсіх удзельнікаў ланцужка паставак гародніны

Усе навіны →
Усе навіны

Падлеткі ў Баранавічах стварылі чат для булінгу аднагодкаў, але ён трапіўся на вочы сілавікам4

Расійскага шпіёна падлавілі на гарачым. Ім аказалася 16-гадовая дзяўчына2

Дарослы мінчук ездзіў па школьным бясплатным праязным. Зараз заплаціць салідны штраф2

Беларускаму баскетболу настойліва параілі не мець спраў з легендарным трэнерам Анатолем Буяльскім

Лаўрэата прэміі «Беларускі спартыўны Алімп» судзяць за сэксуальны гвалт1

У Грузіі камандзіры сілавікоў масава сыходзяць у адстаўку — сышоў і начальнік дэпартамента, які плануе разгоны5

«Давайце дамаўляцца». Ці пойдзе Трамп на здзелку з Мадурам, раз ціск выніку не меў?1

Стала вядома, чым зараз займаецца былы міністр замежных спраў Украіны Кулеба

Некалькі дзён таму ў цэнтры Мінска заўважылі пацукоў. Цяпер ім шукаюць дом, бо могуць загінуць

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Гнілое, затое нядорага. Як папулісцкі ўказ Лукашэнкі аб абмежаванні нацэнкі ўплывае на ўсіх удзельнікаў ланцужка паставак гародніны4

Гнілое, затое нядорага. Як папулісцкі ўказ Лукашэнкі аб абмежаванні нацэнкі ўплывае на ўсіх удзельнікаў ланцужка паставак гародніны

Галоўнае
Усе навіны →