Колькасць бурых мядзведзяў у Віцебскай вобласці хутка расце. Цяпер папуляцыя ацэньваецца прыкладна ў тысячу асобін, і сустракаецца найбуйнейшы ў Беларусі драпежнік ва ўсіх без выключэння раёнах вобласці.
«Яшчэ пяць-сем гадоў таму мядзведзі ў асноўным сустракаліся ва ўсходняй і паўночнай частцы рэгіёна, у Гарадоцкім, Лёзненскім і Віцебскім раёнах у напрамку Суража, — гаворыць вядучы інжынер па паляўнічай гаспадарцы Віцебскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб'яднання Дзмітрый Дзіковіч. — Цяпер жа няма ніводнага раёна, дзе б не сустракаўся гэты від. Ідзе вельмі актыўны рост папуляцыі».
Асноўных прычын, чаму мядзведзі так распладзіліся, тры:
- гэты від не паляўнічы;
- у яго няма натуральных ворагаў;
- для яго ёсць добрая кармавая база.
Пікавая колькасць мядзведзяў па-ранейшаму адзначаецца ў Гарадоцкім, Віцебскім і Лёзненскім раёнах, таксама шмат іх на тэрыторыях, прылеглых да Бярэзінскага біясфернага запаведніка ў Лепельскім, Ушацкім і Докшыцкім раёнах. Часцей за ўсё сустракаюць мядзведзя летам і восенню грыбнікі і ягаднікі.
Цяпер у лясгасах рэгіёна пачынаюць штогадовы ўлік колькасці дзікіх жывёл, першыя вынікі якога падвядуць у пачатку сакавіка. Мядзведзі, праўда, цяпер спяць — пакуль што ніводнага «бадзягі» ў Беларусі гэтай зімой не сустрэлі.
Каментары