Гайдукевіч, Дзмітрыеў, Дзерман: топ-25 экспертаў, якіх запрашаюць на дзяржаўнае тэлебачанне
Апошнюю пяцігодку на дзяржаўнае тэлебачанне ў палітычныя ток-шоу сталі запрашаць не толькі тых экспертаў, якія цалкам згодныя з пазіцыяй «партыі», але і прадстаўнікоў незалежнага грамадства. Праўда, апошнія застаюцца ў заўважнай меншасці. Нядаўна Андрэй Ягораў апісаў, што людзям з альтэрнатыўнымі поглядамі адразу ставіцца таўро «апазіцыянер», «ліберал», «радыкал», і гэтаму цяжка супрацьстаяць.
На тэлеканале АНТ ужо два сезоны праходзіць палітычнае ток-шоу «Наша жыццё», якое вядзе Дзмітрый Бачкоў. Ён замяніў у гэтым амплуа Вадзіма Гігіна. Мы праглядзелі ўсе выпускі перадачы і падлічылі, каго ж часцей за ўсё кліча да сябе ў студыю Бачкоў.
25. Вадзім Ялфімаў, выкладчык БДУ, палітолаг — 4 перадачы
Выкладчык журфака БДУ Вадзім Ялфімаў рэдка выказваецца на ўнутрыбеларускія тэмы. Яго запрашаюць у якасці эксперта па «міжнародцы». Такое амплуа існавала яшчэ ў савецкіх газетах, калі ў крытычна-іранічнай форме высмейваліся працэсы, што адбываюцца ў капіталістычным свеце. Ялфімаў выдатна працягнуў гэтую традыцыю. У якасці публіцыста ён выступае ў чарнасоценскіх выданнях — «Тэлескоп», «Заходняя Русь».
24. Ірына Новікава, выкладчыца БДТУ, эканаміст — 4 перадачы
Натуральна, што спадарыню Новікаву запрашаюць у перадачы, якія звязаныя з эканомікай. Яна асцярожна прасоўвае ідэі рынку, але пры гэтым абсалютна ніколі не крытыкуе палітыку дзяржавы. Напрыклад, пра Венесуэлу яна казала, што «сацыялізм — гэта добрая ідэя, але трэба быць гнуткімі і адкрываць краіну для прыватнага бізнэсу». Апошнім часам Новікава адзначала, што казахская нафта будзе для Беларусі даражэйшай за расійскую.
23. Аляксей Бяляеў, выкладчык БДЭУ, палітолаг — 4 перадачы
Ураджэнец Расіі Бяляеў запомніўся адыёзным выказваннем пра беларускую мову: «Давайце зыходзіць з рэальнасці. На сёння ў Беларусі пераважная большасць выкарыстоўвае рускую ў якасці мовы штодзённых зносін. У школах вучаць беларускую мову, але пры гэтым у нас ёсць родная мова — гэта руская», — сказаў Бяляеў.
Ён заўсёды падтрымлівае дзеянні ўладаў, Бяляева і Вадзіма Баравіка часта выкарыстоўваюць для таго, каб перабіць недзяржаўных экспертаў.
22. Сяргей Вазняк, «Гавары праўду», «Справядлівы свет» — 4 перадачы
Камуніст Вазняк, як і адпавядае яго палітычным поглядам, выступае за сацыяльную роўнасць і агульныя магчымасці. Вельмі часта вядучы па-майстэрску выкарыстоўвае погляды Вазняка, каб падмацаваць нейкія свае тэзы. Сапраўды, хто будзе выступаць у Беларусі супраць бясплатнай адукацыі ці медыцыны? Пры гэтым усё ж адзначым, што Вазняк дастаткова рэзка можа выказацца і аб уладах. У сацыялізм кіраўніцтва краіны эксперт не верыць.
21. Сяргей Кручынін, псіхолаг — 4 перадачы
Цяжка сказаць, ці Сяргей Кручынін самы аўтарытэтны айчынны псіхолаг, а вось тое, што ён адзін з самых раскручаных, — гэта дакладна. Кручынін з вялікай ахвотай ходзіць на ўсе тэлеканалы. Ён гаворыць на самыя розныя тэмы: паводзіны падлеткаў у сацыяльных сетках, розніца ва ўзросце між сужэнцамі, выхаванне дзяцей, сямейныя крызісы. Карацей, такі ўніверсальны эксперт на ўніверсальныя тэмы.
20. Аляксандр Алесін, вайсковы эксперт — 4 перадачы
Інтэлігент Алесін адзін з тых людзей, за каго на тэлебачанні не сорамна. Алесін сапраўды назаве кепскае кепскім, а добрае — добрым. Ён не скатваецца ў апазіцыянізм, калі гаворыць пра беларускую абаронку, але пры гэтым зусім не стараецца замаўчаць праблемныя тэмы. Праўда, праблема Алесіна ў тым, што ён не здольны перакрыкваць больш нахабных гасцей і ягоныя словы часта банальна губляюцца.
19. Вячаслаў Даніловіч, дырэктар Інстытута гісторыі НАН — 4 перадачы
Даніловіч — адзін з самых асцярожных гасцей перадач. Здаецца, у сваіх ацэнках ён заўсёды балансуе і старанна ўзважвае сказанае. Канечне, ён не пагаджаецца з многім маразмам, які нясуць Дзерман ці Еранасян, пры гэтым стаць цалкам на абарону, скажам, БНР ён таксама не спяшаецца. Мабыць, калі б Даніловіч меў іншую пазіцыю, то дырэктарам такой установы, дзе поўна «нацыяналістаў», яго б ніхто не паставіў.
18. Антон Дзянісаў, публіцыст, гісторык — 4 перадачы
Дзянісава клічуць на тэмы, звязаныя з гісторыяй. Калісьці ён пачынаў як аўтар «Імхаклаба», шмат крытыкаваў нацыяналістаў і апазіцыю. Але з цягам часу погляды Дзянісава трансфармаваліся і аддаліліся ад Дзерманавых. Дзянісаў вельмі цікава піша пра БССР 1920-х і 1930-х. На тыя падзеі ён глядзіць без ідэалагічных акуляраў любой афарбоўкі. Зрэшты, назваць спадара Дзянісава яркім удзельнікам дыскусій не атрымаецца.
17. Рыгор Кастусёў, старшыня Партыі БНФ — 4 перадачы
Яшчэ з 2010 года, калі Лукашэнка пахваліў Кастусёва за прынцыповасць, лідара БНФ сталі клікаць на тэлебачанне. Запрашаў яго да сябе і Гігін, і Давыдзька.
Кастусёў — сумленны прабеларускі чалавек, але не самы моцны палітычны лідар. Ён ходзіць на перадачы, бо лічыць, што трэба карыстаць кожную магчымасць, каб данесці свой пункт гледжання. На эфіры ён нязменна прыходзіць з бел-чырвона-белым значком.
16. Вадзім Гігін, дэкан факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ — 5 перадач
Гігін — адзін з самых дасведчаных удзельнікаў дыскусій, што бяруць удзел на ТБ. У яго моцны інтэлектуальны багаж, што дазваляе яму ўмела аперыраваць і выкарыстоўваць дзеля сваіх мэтаў самыя розныя факты. Гігін начытаны, ён шмат усяго ведае, таму дыскутаваць з ім няпроста. Цікава, што ён цягам адной перадачы можа і асуджаць, напрыклад, Сталіна і рабіць яму кампліменты. Пры гэтым Гігін застаецца на пазіцыях заходнерусізму і самадзяржаўя.
15. Генадзь Давыдзька, старшыня «Белай Русі» — 5 перадач
Акцёр Давыдзька — ідэальны ўдзельнік палітычных ток-шоу. Як Цэрбер, ён здольны абараняць інтарэсы беларускай дзяржавы ў праўладным разуменні. Давыдзька рэзкі, ён часам не выбірае фразаў, каб пакпіць са сваіх апанентаў. Праўда, найчасцей абірае ахвяру з тых, каго ў зале няма і хто не здольны адказаць. Калі слухаеш Давыдзьку, то можа скласціся ўражанне, што ён сапраўды жыве ў той самай Беларусі, якую паказваюць на тэлебачанні.
14. Роза Турарбекава, выкладчыца БДУ, палітолаг — 5 перадач
Акадэмічную кар’еру Турарбекава пачынала ў Казахстане, але потым пераехала ў Беларусь. Цяпер працуе ў БДУ. Яна таксама выступае ў якасці эксперта ў перадачах на міжнародную тэматыку. Яна прытрымліваецца больш ліберальных поглядаў, чым Ялфімаў. Турарбекава — актыўная аўтарка сайта «Наше мненіе», дзе піша ў асноўным пра постсавецкія інтэграцыйныя аб’яднанні, а таксама пра сярэднеазіяцкі рэгіён.
13. Ігар Марзалюк, дэпутат Палаты прадстаўнікоў, гісторык — 5 перадач
Цяпер Марзалюк са сваім шоу «У абстаноўцы міру» — канкурэнт Бачкова. І не факт, што яго будуць запрашаць далей у «Наша жыццё». На прыкладзе Марзалюка людзям паказваюць, што і беларускамоўныя, і інтэлігенцыя падтрымліваюць мудрую палітыку кіраўніцтва краіны. Шмат у чым амплуа і паводзіны Марзалюка супадаюць з Давыдзькам. Ён настолькі верыць Лукашэнку, што здольны заплакаць падчас яго прамовы.
12. Вадзім Мажэйка, культуролаг, «Ліберальны клуб» — 5 перадач
Калі карыстацца той самай тэрміналогіяй Андрэя Ягорава, то Вадзім Мажэйка грае ролю штатнага ліберала. І вядучыя ўжо налаўчыліся абыходзіцца з поглядамі Мажэйкі. Калі эксперт кажа, што ў Другой сусветнай вайне быў не толькі гераізм людзей, але і менш прывабныя моманты, то госці накідваюцца на яго прыкладна з наступным пасылам: «Ты супраць нашай вялікай Перамогі?» У такім ключы роля Мажэйкі не самая зайздросная.
11. Аляксей Дзерман, рэдактар прарасійскага сайта «Імхаклаб» — 6 перадач
Калісьці Дзерман быў прыхільнікам ідэяў балцтва і неапаганства, выдаваў часопіс «Крыўя», прытрымліваўся крайне правых поглядаў. Але вялікага прызнання не знайшоў, а праз нейкі час перафарматаваўся ў інтэгратара і вялікага прыхільніка Расіі. Дзерман з ахвотай размаўляе не толькі з дзяржаўнымі беларускімі СМІ, але дае інтэрв’ю і для выданняў «ДНР» і «ЛНР». Задача Дзермана ў такіх шоу — цкаваць апазіцыю і лібералаў.
10. Уладзімір Еранасян, расійскі пісьменнік — 6 перадач
Еранасян нават не мае беларускага грамадзянства. Ураджэнец расійскага Батайска пераехаў у Мінск, калі ажаніўся з беларускай. Ён з тых людзей, хто называе ўкраінцаў «укропамі» і «бандэраўцамі». Свята верыць у вялікасць і моц Расіі, а таксама ў сусветныя змовы, якія плятуць ЗША. Прэзентацыю кнігі Еранасяна, дзе ён апісаў усё гэтае трызненне, нават адмянілі ў Мінску. А вось на тэлебачанне яго па-ранейшаму клічуць.
9. Уладзімір Нясмашны, юрыст, кансультант — 6 перадач
Нясмашны (цікава, што ён балгарын па паходжанні) удзельнічае ў перадачах не на палітычныя тэмы. Напрыклад, пра аўтамабілі альбо пра жыллё. У асноўным ад яго можна пачуць юрыдычныя парады. З’яўляецца часта, але не дужа запамінаецца.
8. Аляксандр Шпакоўскі, палітолаг — 7 перадач
У свой час Шпакоўскі пачынаў з «Правага альянсу» і аховы кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Мілінкевіча. Цяпер ён адзін з самых актыўных абаронцаў палітыкі Аляксандра Лукашэнкі. Зрэшты, палітычную сцэну Беларусі Шпакоўскі называе сумнай, таму часта каментуе падзеі ва Украіне ці Малдове. Шпакоўскі не скатваецца да адыёзнасці Дзермана, але пры гэтым летась яны разам прыйшлі на «Несмяротны полк» у Мінску, прычапіўшы да пінжакоў георгіеўскія стужкі.
7. Пятро Пятроўскі, філосаф — 7 перадач
У адрозненне ад многіх іншых экспертаў, Пятроўскі пачаў будаваць дзяржаўную кар’еру. Ён трапіў у кадравы рэзерв краіны. Пятроўскі актыўнічае ў «Белай Русі» Генадзя Давыдзькі, там ён узначальвае Клуб юных аналітыкаў. Часта катаецца ў камандзіроўкі ў Расію, зрэдку карыстаецца беларускай мовай. Аднойчы Пятроўскі выказаўся, што палітвязні — гэта дармаеды, погляды якіх не адпавядаюць інтарэсам грамадства.
6. Георгій Грыц, эканаміст — 8 перадач
Грыца запрашаюць часта на тэлебачанне, а вось, скажам, Сяргея Чалага — рэдка, амаль ніколі. Грыц бачыць праблемы ў эканоміцы краіны, але не заўсёды пра іх кажа. А калі і кажа, то, як правіла, у іранічнай манеры, з характэрным прышчурам. Не ўсе гледачы і зразумеюць, пра што ж гаворка.
5. Вадзім Баравік, палітолаг — 9 перадач
Удзельнік перадач няпэўнай прафесіі. Пра Баравіка можна сказаць, што ён прафесійны дэмагог. Можа пераканаўча расказваць, як хакеісты ганьбяць працоўны люд, гаварыць ад імя рабочых заводаў, але чым сам Баравік зарабляе на жыццё — няясна. У перадачах Баравік не саромеецца адкрыта хаміць апанентам, перабіваць іх. Яшчэ варта адзначыць, што Баравік гатовы выступаць экспертам ва ўсіх тэмах.
4. Дзмітрый Шаўцоў, дэпутат Палаты прадстаўнікоў — 9 перадач
Былы доктар у мінскай паліклініцы, цяпер Шаўцоў стаў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. Адзначыць яго можна ўжо тым, што ён пазбягае камер і нязручных пытанняў. Шаўцоў у эфіры выглядае вельмі паважна і спакойна. Ён не імкнецца ператварацца ў гарлапана, а наадварот, спрабуе ўразіць усіх сваёй вытрыманасцю. Здаецца, яго нават выкарыстоўваюць у ролі голаса ў апошняй інстанцыі. Маўляў, з Шаўцовым не трэба спрачацца, ён мае рацыю.
3. Георгій Атаманаў, лідар праўладных камуністаў — 9 перадач
Атаманаў адметны тым, што не кляйміць сваіх апанентаў. Ён здольны гаварыць і з Дзмітрыевым, і з Кастусёвым. Ворагаў у іх ён не бачыць. Але ў астатнім гэты чалавек працягвае жыць ідэаламі СССР. Ён не любіць капіталістаў, лібералаў і амерыканцаў. Затое абажае Лукашэнку і беларускую мадэль развіцця.
2. Андрэй Дзмітрыеў, «Гавары праўду» — 12 перадач
Дзмітрыеў абраў шлях не крытыкаваць рэзка ўладу. Канечне, ён кажа пра неабходнасць мірных пераменаў, але ў гледача можа скласціся ўражанне, што яму патрэбныя змены ў рамках гэтай сістэмы. Дзмітрыеў — ідэальны апазіцыянер для ТБ. Не радыкал, не харызматычны, не б'е па балючых месцах сістэмы. Такога да эфіру дапускаць можна спакойна. А вось Таццяну Караткевіч клічуць радзей. За апошні час яна істотна ўзмужнела ў падобным фармаце, таму стала не дужа зручным суразмоўцам.
1. Алег Гайдукевіч, ЛДПБ — 15 перадач
Гайдукевіч з тых гасцей, якія здольныя закрычаць любога апанента. Ён рэдка слухае, што кажуць яму, затое будзе гучна перакрыкваць любога. Паводзіць сябе агрэсіўна, хаця да ўзроўню агрэсіі на расійскім ТБ не дацягвае. Гайдукевіча прадстаўляюць як апазіцыйнага палітыка, але насамрэч кіраўніцтва ЛДПБ першым віншуе Лукашэнку з пераабраннем.
Каго запрашаюць яшчэ?
У эфір прыходзяць старшыня ТБМ Алена Анісім і яе паплечнік Алег Трусаў. Гавораць па-беларуску, выступаюць за нацыянальныя ідэі, але таксама не крытыкуюць Лукашэнку. Прыходзіць эканаміст Яраслаў Раманчук, дэпутаты Гуйвік і Дзевятоўскі, комік Крыжаноўскі.
Затое не бывае ў эфіры ТБ нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч, праваабаронцы Алеся Бяляцкага, палітыкаў Мікалая Статкевіча, Анатоля Лябедзькі, Паўла Севярынца, менеджара культуры Паўла Белавуса, блогера Эдуарда Пальчыса, пісьменніка Уладзіміра Арлова.
Каментары