Гэтая ідэя належыць асабіста Мядзведзеву.
Заява памочніка прэзідэнта Расіі Сяргея Прыходзькі пра магчымае апублікаванне стэнаграмы паседжання саміту АДКБ, на якім прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка абяцаў прызнаць незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, была зробленая па ўказанні кіраўніка расійскай дзяржавы Дзмітрыя Мядзведзева. Пра гэта заявіў высокапастаўлены чыноўнік у Крамлі, каментуючы паведамленні па гэтай тэме, апублікаваныя некаторымі СМІ.
Ён таксама падкрэсліў, што ніякай міжведамаснай канкурэнцыі паміж памочнікам прэзідэнта па міжнародных пытаннях Сяргеем Прыходзькам, кіраўніком МЗС Сяргеем Лаўровым і намеснікам кіраўніка апарата ўрада Юрыем Ушаковым, як пра гэта пішуць тыя ж выданні, няма.
«Ёсць канструктыўная, паўнавартасная праца па замежнапалітычным напрамку, а заявы аб барацьбе і канкурэнцыі — гэта плён хворага ўяўлення аўтараў гэтых матэрыялаў», — адзначыла крыніца.
Раней СМІ, спасылаючыся на неназваныя крыніцы, паведамілі аб тым, што Дзмітрый Мядзведзеў быў нібыта незадаволены заявай Прыходзькі, якую той, па сцверджанні выдання, зрабіў з уласнай ініцыятывы.
У мінулую пятніцу кіраўнік Беларусі заявіў, што Дзмітрый Мядзведзеў недагаворвае з нагоды выказванняў Лукашэнкі аб магчымасці прызнання Мінскам незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі.
«Я не хацеў бы дыскутаваць на гэтую тэму, проста расійскі калега недобрасумленна перакручвае пэўныя рэчы», — сказаў Лукашэнка.
Каментуючы гэтую заяву беларускага лідэра, Сяргей Прыходзька адзначыў, што «не Аляксандру Рыгоравічу казаць тут пра непаслядоўнасць».
«Гэтая катэгорыя дастасоўная якраз да яго (Лукашэнкі)», — упэўнены Прыходзька.
«Што да пытання аб прызнанні Рэспублікай Беларусь Рэспублікі Паўднёвая Асеція і Рэспублікі Абхазія, то калі будзе такое жаданне, мы можам апублікаваць тую частку стэнаграмы паседжання АДКБ, у якой ёсць словы прэзідэнта Беларусі на гэтую тэму», — сказаў памочнік прэзідэнта.
«Можам апублікаваць і іншыя выказванні Аляксандра Лукашэнкі, якія будуць даволі цікавыя як беларускай, так і міжнароднай грамадскасці», — дадаў Прыходзька.
Каментары