Меркаванні11

Вера і праўда

Што станецца з музеем, які пачынаўся як музей партызанскай і нямецкай зброі? Ці будуць у ім спаленыя «за Саветамі» хутары?.. Піша Сяргей Ваганаў.

На мінулым тыдні лідары ФПБ сустрэліся з кіраўніцтвам Савета ветэранаў і паведамілі, што прафсаюзы сабралі 270 мільёнаў рублёў на будаўніцтва новага будынка музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Але нешта замінала радавацца чарговаму «вялікаму пачыну». Адна справа, калі народ сам аддае грошы, другая — калі іх адбіраюць.

Ці, можа, гэта не так? Можа, і сапраўды, людзі самі пачалі аддаваць свае апошнія кроўныя на «народную будоўлю»?

Трохі разгублены ўласным сумневам, я вырашыў шукаць адказ у самім музеі.

У Веры...

...Першымі сустрэлі на ўваходзе нейкія пляскатыя выявы партызан, выразаных з фанеры ці з кардону. Апранутыя ў спраўныя кажушкі, з чырвонымі лентачкамі на шапках, з аўтаматамі ППШ... Ну, проста ансамбль песні і скокаў... Нешта падобнае я бачыў на святкаванні 50-годдзя БССР, калі маршыравалі «партызаны» ў белых кажушках.

Потым адбыўся скандал — рабочыя аднаго завода паскардзіліся, што кіраўніцтва адбірае ў іх кажушкі, абяцаныя ў падарунак за ўдзел у тым маршы...

Я доўга хадзіў па залах амаль у поўнай адзіноце, углядаючыся ў даўно знаёмыя і незнаёмыя здымкі, дакументы і рэчы. І сёння яны дыхаюць такой жудаснай і адначасова такой шчымлівай сапраўднасцю!

Але чаму вось гэтыя юнакі ледзь не з рогатам здымаюць адзін аднаго на фоне брамы з Трасцянца?! За брамай попел спаленых, косткі... Чаго не стае хлопцам, каб устрымацца ад блюзнерскай спакусы рабіць трагедыю фонам?..

Я прайшоў праз усе залы, потым вярнуўся і зноў прайшоў. Але Веры нідзе не было.

...Вера з Апанасам працавалі настаўнікамі ў вёсцы Сямёнавічы непадалёк ад Узды. Ад пачатку вайны Апанас пайшоў на фронт, а Вера засталася з двухгадовай Святланкай.

Гестапаўцы схапілі Веру 24 чэрвеня 1944-га, за тры дні да вызвалення.
Потым яе, люта збітую, бачылі ва ўздзенскай турме. Потым — разарванай сабакамі і распнутай на сцяне нейкага хлява. Потым ніхто ўжо яе не бачыў. Нідзе і ніколі...

Засталася ад Веры толькі адна фотакартка — са студэнцкага білета Мінскага педвучылішча. З гэтай фотакарткі потым зрабілі трохі большую, яна вісела ў музеі Айчыннай вайны побач з аднайменным ордэнам, якім Веру ўзнагародзілі за сувязь з партызанамі. Яна і была ўсю вайну сувязной...

Апанас вярнуўся жывым, зноў ажаніўся, працаваў настаўнікам, разводзіў пчол... І доўга шукаў таго, хто данёс. Не знайшоў...

...Я ўспомніў раптам, як Янак вадзіў мяне ў лес. Па дарозе мы натрапілі на спалены хутар. Непадалёк стаяў самаробны драўляны крыж, на ім шыльда — ад рукі, чорнымі няроўнымі літарамі: «Тут пахаваны...» Я пачаў перапісваць усе прозвішчы, дарослых — з імем па бацьку, дзяцей — з адным імем.

«Партызаны спалілі», — раптам сказаў Янак. «Якія партызаны?» — «Ну, тыя, што за Саветамі...».

15-гадовы Янак з заходнебеларускай вёскі лепш ведаў гісторыю, чым ягоны малады настаўнік гісторыі.

Без аніякіх музеяў.

Аб адным шкадую дасюль — згубіў недзе за паўстагоддзя паперку з прозвішчамі спаленых хутаран. Запомніў толькі тры апошнія словы: «...і ўся іх родіна»... Без «дз»...

Цяжкі сум не пакідаў мяне, пакуль я шукаў Веру.

Што станецца з музеем, які пачынаўся, па сутнасці, як музей партызанскай і нямецкай зброі, і з якога мы, народжаныя ў вайну пацаны, не вылазілі цэлымі днямі?

Ці будуць у ім спаленыя «за Саветамі» хутары?..

Ці ажыве ў ім вера ў праўду?

Праўду, якую старанна намагаюцца апрануць у спраўны белы кажушок, а жудасную беларускую трагедыю Другой сусветнай вайны ператварыць у ззяючы пераможнымі феерверкамі фон...

Яны хутка сыдуць у нябыт, апошнія пераможцы фашызму, дзеля якіх, быццам, збіраюцца народныя грошы на новы музей.

Але як цудоўна будуць выглядаць на фоне «павержанага рэйхстага» — галоўнага збудавання новага музея — наш дамарослы «генералісімус» ды ягоныя генеральчыкі ў мундзірах з эпалетамі і ваяўнічым бляскам фальшывых узнагарод...

...Калі адчуваю, што нечага не хапае ў жыцці, еду на Паўночныя могілкі, дзе, пражыўшы свой век, пахавана, акрамя Веры, «уся наша родіна»... Вось матуля Веры, мая цёця Вольга, якая выхавала Святланку. Вось сама Святлана....

А вось і Вера. Глядзіць з той самай фоткі, умураванай у граніт...

Глядзець таксама:

Сяргей Ваганаў. Вера і праўда

Сяргей Ваганаў. Наменклатурнае паліто

Сяргей Ваганаў. Пераходны перыяд

Сяргей Ваганаў. Мосцік над вечнасцю

Сяргей Ваганаў. Калгасная праўда

Каментары1

Стала вядома, хто жаніх былой дэпутаткі Марыі Васілевіч25

Стала вядома, хто жаніх былой дэпутаткі Марыі Васілевіч

Усе навіны →
Усе навіны

Гайдукевіч заклікаў не дапускаць да выбараў «здраднікаў» і «пятую калону»6

«Чорны» археолаг заявіў, што гэта ён знайшоў скарб вялікіх князёў у Кафедральным саборы — скандал у Вільні5

Меркаваны біёграф Ілана Маска лічыць, што мільярдэр уяўляе небяспеку для ўсяго свету8

МЗС Польшчы збіраецца ўзмацніць правілы выдачы віз

Трамп апублікаваў карту з Канадай, далучанай да ЗША23

У Энгельсе Саратаўскай вобласці пасля атакі беспілотнікаў адбыўся моцны пажар

Беларусь нарасціла вайсковую прысутнасць на ўкраінскай мяжы

Былы адказны за ахову ўсіх пасольстваў на тэрыторыі Беларусі атрымаў крымінальны тэрмін — але з нюансам4

Прэм'ер Даніі адказала наконт прапановы Трампа пра Грэнландыю2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядома, хто жаніх былой дэпутаткі Марыі Васілевіч25

Стала вядома, хто жаніх былой дэпутаткі Марыі Васілевіч

Галоўнае
Усе навіны →