«Мы нікога ад мігрантаў абараняць не будзем». Лукашэнка прагназуе новы крызіс на заходніх межах
Падчас наведвання царквы ў Лагойску Аляксандр Лукашэнка раптам расказаў пра «сур'ёзны выклік у сферы міграцыі».
«Хацеў вас папярэдзіць, што і ўнутры ў нас праблем хапае. І выклікі з'яўляюцца пастаянна. Можна сказаць кожны месяц. Апошні выклік, вы яго яшчэ, напэўна, не заўважылі, ну і дзякуй богу (гэта мая праца, праца ўрада, органаў улады), — гэта вымушаная міграцыя людзей. Людзей, якія ўцякаюць ад вайны», — сказаў Лукашэнка, не ўдакладніўшы, хто і ад якой вайны ўцякае.
Таксама, па яго словах, у Беларусь прыбываюць і працоўныя мігранты:
«Мяне ўжо інфармуюць, што пачынаюць падцягвацца людзі з Усходу. Не толькі тыя, якія хочуць нам нейкай варожасці і вайны. Не, падцягваюцца людзі, якія хочуць жыць, працаваць, зарабляць і нейкую капейку пасылаць на радзіму, каб пракарміць сваіх дзяцей.
Але ўся бяда ў тым, што гэтыя людзі далёкія ад тых спраў, якія мы вырашаем. Яны некампетэнтныя. Яны прафесійна не падрыхтаваныя. Гэта таксама нястрашна. Галоўнае, каб гэтыя людзі хацелі працаваць і вучыцца. Наш народ можа навучыць людзей. Працоўныя рэсурсы нам патрэбны. Але некантраляваная міграцыя — гэта бяда», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Таксама напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў ён спрагназаваў пагаршэнне сітуацыі на заходніх межах Беларусі.
«Да нас едуць розныя людзі. А праз нас цяпер вялізны транзіт на Захад, куды яны імкнуцца. І нас усё вінавацяць у тым, што мы спрыяем гэтай міграцыі.
Я заўсёды быў сумленны. Мы нікога ад мігрантаў абараняць не будзем. Асабліва тых, хто ўводзіць супраць нас эканамічныя санкцыі. Чаму мы іх павінны абараняць?» — дадаў Лукашэнка.
Нагадаем, што ў 2021 годзе на граніцах Беларусі з краінамі Еўрасаюза ўзнік штучна створаны мігранцкі крызіс. Тысячы грамадзян бліжнеўсходніх і афрыканскіх краін прыбывалі ў Мінск, адкуль дабіраліся да мяжы і спрабавалі трапіць на Захад. Улады і сілавікі не толькі не перашкаджалі гэтаму працэсу, а нават яму спрыялі. У лістападзе таго ж года наступіў пік крызісу: вялізны натоўп дэманстратыўна спрабаваў прарвацца ў Польшчу праз пагранічны пункт Брузгі.
У выніку палякі адгарадзіліся ад нашай краіны вялікім металічным плотам. А на мяжы Беларусі з Польшчай і Літвой засталіся адкрытымі толькі па два з шасці пунктаў пропуску, на мяжы з Латвіяй — адзін з двух.
Каментары
Ён ужо рыхтуе глебу, што з азіяцкіх краін, якія з большасці мусульманскія, будуць масава прыязжаць да нас працоўныя мігранты, а законы ўжо прыняты для іх спрошчанага афармлення. І гэта ўжо пачалося, зараз у Мінску ледзь не траціна ўсіх таксістаў гэта выхадцы з сярэдняй Азіі, якія ні горада не ведаюць, ні мовы, ні нават языка, дык яшчэ й кіруюць на азіяцкі манер. Вось якая крывадушная і антыбеларуская палітыка ў Лукашэнкі - сваіх грамадзян кінуць у турму, пад каток рэпрэсій ці віціснуць з краіны, каб на іх месца завезці мігрантаў з сярэдняй Азіі.
нават цікава, як заенчыць, калі Польска заблакуе мяжу для фур