Выданне Politico агучыла неверагодныя сцэнары на 2025 год. Адзін з іх — звяржэнне Лукашэнкі
Выданне Politico склала спіс 15 «чорных лебедзяў» на 2025 год — так называюць неверагодныя падзеі, якія могуць істотна змяніць жыццё. Адно з прадказанняў тычыцца Беларусі — гэта звяржэнне ўрада Аляксандра Лукашэнкі народам.
Гэта прадказанне Эвелін Фаркас, выканаўчай дырэктаркі Інстытута Маккейна пры Універсітэце штата Арызона. З 2012 па 2015 год яна займала пасаду намесніка памочніка міністра абароны па Расіі, Украіне і Еўразіі.
У прадказанні апісваецца, што Святлана Ціханоўская, адчуваючы слабасць Расіі пасля паразы Асада ў Сірыі і эканамічных цяжкасцяў, заклікала людзей зрынуць рэжым. Пуцін у гэтым сцэнары можа быць аслаблены тым, што Украіна уступіла ў НАТА ці Расія пацярпела паразу на полі бою.
«Народ Беларусі змог здабыць свабоду, скарыстаўшыся паслабленнем пазіцый Пуціна і яго няздольнасцю ўмяшацца і выратаваць Лукашэнку», — кажацца ў прадказанні.
Сярод іншых неверагодных прагнозаў на 2025-ты — успышка інфекцыі, альянс Трампа і Сі Цзіньпіна, абвал фінансавых рынкаў.
Варта адзначыць, што імавернасць такіх прадказанняў нізкая. Напрыклад, з 15 «чорных лебедзяў», якія Politico прадказвала на 2024 год, у той ці іншай ступені спраўдзіліся тры — смерць на мітынгу Трампа (але там апісвалася патасоўка прыхільнікаў), напад на кандыдата ў прэзідэнты ЗША і хаос, выкліканы глабальным пацяпленнем (дапусцім, тут можна згадаць вялікую паводку ў Іспаніі). Два эксперты наогул ставілі на бунт супраць Пуціна ў 2024-м. «Чорныя лебедзі», зрэшты, так і называюцца, бо малаімаверныя.
Каментары
...
дзякуй табе божа, што даў нам такую вялікую павадырку