Беларускі журналіст, якога ледзь не выслалі з Еўропы дадому, атрымаў статус уцекача ў Польшчы
Андрэй Ліпскі працаваў у светлагорскім медыяхолдынгу «Ранак» і з'ехаў з Беларусі праз пераслед. Але ў Германіі яму адмовілі ў прытулку, а польскія ўлады хацелі выслаць журналіста ў Беларусь. Гісторыя, аднак, скончылася шчасліва, піша «Еўрарадыё».
Андрэй Ліпскі ў чэрвені 2023-га зрабіў гучны матэрыял пра выбух на Светлагорскім цэлюлозна-кардонным камбінаце для выдання «Ранак». Праз пераслед за сваю працу журналіст быў вымушаны бегчы з краіны.
Ён прыляцеў у Германію, дзе ў яго жыве дачка ад першага шлюбу, здаўся паліцэйскаму і папрасіў палітычнага прытулку. Чакаючы рашэння, журналіст доўга бадзяўся па лагерах для бежанцаў, адкуль яго дэпартавалі ў Польшчу, не вярнуўшы пашпарт.
Андрэй некалькі разоў беспаспяхова спрабаваў легалізавацца на новым месцы. Пасля таго як памежнікі паведамілі, што ён абавязаны добраахвотна вярнуцца ў Беларусь, мужчына напісаў апеляцыю. І вынік атрымаўся пазітыўны.
«Пашпарт знайшоўся, рашэнне пра наданне статусу ўцекача прыйшло на пошту пад самы Новы год.
Ці то праз шуміху ў СМІ, ці то праз тое, што дапамагала дачка, якая жыве ў Германіі і пісала-тэлефанавала па гэтых маіх былых лагерах, пайшоў нейкі рух, — расказвае Андрэй Ліпскі. — У канцы лістапада ці пачатку снежня мне прыйшоў ліст з польскага Міністэрства замежных спраў пра тое, што мой пашпарт з 19 лістапада перададзены ва ўпраўленне па справах замежнікаў. То-бок пашпарт знайшоўся.
17 снежня я атрымаў SMS пра тое, што рашэнне па маёй справе пра міжнародную абарону прынятае — «чакайце дэцызіі [афіцыйнага рашэння] па пошце». І 31 снежня, пад самы Новы Год, я забраў на пошце канверт — надзіва тоненькі. Гэта тлумачыцца тым, што для атрымання статусу бежанца не патрабуецца доўгіх тлумачэнняў і спадарожных дакументаў. То-бок мне даюць статус бежанца. Спадзяюся, на гэтым мае прыгоды з дакументамі скончацца», — распавёў Андрэй.
Адзінае, што пакуль застаецца незразумелым для Андрэя, — гэта гісторыя з рашэннем пра тое, што журналіст абавязаны добраахвотна вярнуцца ў Беларусь, дзе яго чакаў бы суд па крымінальнай справе.
«Днямі кур'ер прынёс мне ліст, дзе напісана, што галоўны камендант памежнай службы перанёс разгляд маёй справы на 16 студзеня ў сувязі з неабходнасцю перакласці на польскую мову прыкладзеныя мною доказы — пратаколы затрыманняў і іншае, якія я дасылаў ім разам з апеляцыяй.
Так што, з аднаго боку, пакуль ёсць рашэнне пра наданне мне статусу бежанца, з іншага — не завершаны адміністрацыйны працэс памежнікаў. Буду спадзявацца, што рашэнне па статусе паўплывае на гэтую справу станоўча.
Пакуль я, як і раней, жыву ў Лодзі, займаюся дакументамі і чакаю выкліку на адбіткі пальцаў у Варшаве, каб потым атрымаць жэнеўскі пашпарт.
У мяне на руках толькі папера, у якой напісана пра статус бежанца і ўсялякія рэкамендацыі па далейшай легалізацыі», — кажа журналіст.
Польшча прыняла нядрэнна
Пасля гісторыі з дэпартацыяй, зніклым пашпартам і пагрозай вяртання ў Беларусь Андрэй працягвае з асцярогай глядзець на людзей у форме, хоць разумее, што паліцыянты нічога кепскага яму не зрабілі.
Адказваючы на пытанне, як жывецца ў Польшчы, Андрэй кажа, што краіна прыняла яго нядрэнна.
«Народ добразычлівы, ніякага негатыву з боку палякаў я не адчуваю, — усміхаецца суразмоўца. — Што да камунікацыі, то выразаў «dzień dobry» [добры дзень] i «przepraszam» [прабачце] пакуль хапае для зносін у крамах.
У Лодзі я арандую пакой у двухпакаёўцы. Вядома, па нашых беларускіх мерках кошт арэнды сталічны, але выбіраць асабліва няма з чаго. У цэлым, я задаволены тым, што на волі, тым, што стан здароўя ў норме. А далей будзем жыць, усе дарогі для нас адкрытыя, я так думаю.
Пакуль будзе аптымізм, пазітыўнае стаўленне да рэчаіснасці, усё будзе калі не добра, то нармальна», — лічыць Андрэй.
У новым годзе Андрэй збіраецца скончыць гісторыю з бюракратычнай беганінай і больш працаваць.
«Вельмі спадзяюся, што ў мяне атрымаецца ўз'яднацца з сям'ёй. Я буду прыкладаць для гэтага максімум намаганняў, бо аднаму… аднаму цяжка», — кажа журналіст.
Каментары