Свет2020

Расія страціла транзіт газу праз Украіну ў Еўропу. Хто прайграў і што будзе далей?

Расія страціла асноўны маршрут паставак свайго газу на ключавы еўрапейскі рынак — у навагоднюю ноч скончыўся кантракт «Газпрама» на транзіт праз Украіну. Кіеў стрымаў слова не працягваць яго, каб дапамагчы Еўропе канчаткова пазбавіцца ад расійскай газавай залежнасці, падарваць магчымасці Крамля фінансаваць уварванне ва Украіну і пазбавіць Расію рычагоў палітычнага ціску на краіны ЕС.

Ілюстрацыйнае фота: gazprom.ru

Прапампоўка спынілася раніцай 1 студзеня, як і абяцалі Украіна і Еўрасаюз. Цяпер у Расіі застаўся толькі адзін маршрут транзіту ў ЕС — праз Турцыю. У выніку доля расійскага газу на бліжэйшым і самым прыбытковым еўрапейскім рынку скарацілася ўсяго да 5%, піша Бі-бі-сі.

Яшчэ ў 2021 годзе, калі Крэмль развязаў газавую вайну супраць ЕС, яна складала 45% і была асноўнай крыніцай даходаў «Газпрама» і асноўнай крыніцай таннага газу для Еўропы.

Каму ад гэтага будзе горш

Крэмль зарабляў на пастаўках праз Украіну блізу 5 млрд даляраў на год, Кіеў атрымліваў за транзіт блізу 1 млрд, але значную частку гэтых грошай выдаткоўваў на падтрыманне газаправоднай сістэмы ў працоўным стане. Пяцігадовы кантракт быў падпісаны яшчэ да вайны, і за гэты час транзіт скараціўся ў 4 разы.

Пасля расійскага ўварвання ў 2022 годзе «Нафтагаз» адмовіўся прымаць газ праз адзін з двух газаразмеркавальных пунктаў, паколькі ён трапіў пад расійскую акупацыю. А летам 2024 года другі пункт — «Суджа» перайшоў ужо пад кантроль Украіны пасля наступлення ў Курскай вобласці.

Аднак «Газпрам» не спыніў прапампоўку, што яшчэ раз даказала Кіеву і Еўрасаюзу, што пастаўкі газу ў Еўропу больш патрэбныя Расіі, чым Украіне. Гэта неўзабаве пацвердзіў і расійскі кіраўнік Уладзімір Пуцін.

«Гэта нейкая дэфармацыя прафесійная, шызафрэнія, лухта проста, — лаяў Пуцін еўрапейцаў за імкненне адмовіцца ад таннага расійскага газу. — Ну не хочуць — не трэба».

Еўрасаюз, са свайго боку, паказваў на тое, што Пуцін сам развязаў газавую вайну, і «Газпрам» скарачаў пастаўкі пад рознымі падставамі яшчэ да ўварвання ва Украіну. Таму ЕС падтрымліваў рашэнне Кіева не працягваць кантракт на транзіт.

«ЕС рыхтаваўся да гэтага два гады. Мы ведаем, што Расія —ненадзейны пастаўшчык газу», — казала ў траўні энэргетычны камісар папярэдняй Еўракамісіі Кадры Сімсан.

За гэтыя два гады падрыхтоўкі ЕС навучыўся эканоміць святло і цяпло, а расійскія пастаўкі замясціў газам з Нарвегіі, ЗША і Катара. А заадно нарасціў вытворчасць энергіі на ветраных, сонечных і атамных станцыях.

Без наступстваў не абышлося: цэны на газ па-ранейшаму вышэйшыя за даваенныя. Прамысловасць нясе страты, і ЕС прайграе канкурэнцыю двум іншым найбуйнейшым сусветным эканомікам — ЗША і Кітаю. У выніку тармозіцца рост даходаў, растуць незадаволенасць насельніцтва і папулярнасць ультраправых, якія заклікаюць сябраваць з Расіяй і спыніць падтрымку Украіны.

Два галоўныя галасы ў гэтым хоры — Венгрыя і Славакія. Славакі якраз атрымлівалі газ па перакрытай 1 студзеня галінцы ўкраінскага транзітнага газаправода. Славацкі прэм'ер Роберт Фіца ездзіў да Пуціна ў Маскву і пагражаў адмовай прадаваць электраэнергію Украіне.

Перакрыты транзіт толькі ўзмоцніць спрэчкі ўладаў Венгрыі і Славакіі з іншымі краінамі Еўрасаюза і ўскладніць адабрэнне далейшай дапамогі Украіне і падаўжэнне санкцый супраць Расіі.

Аднак без газу ніхто не застанецца.

І Славакія, і Аўстрыя — канчатковы пункт перакрытага газаправода — цалкам забяспечылі свае патрэбы з альтэрнатыўных крыніц. А Венгрыя працягне атрымліваць газ праз Турцыю.

Схаваная пагроза

На сёння Турэцкі маршрут — адзіны шлях «Газпрама» ў Еўропу.

Сёлета па ім прапампоўвалася 45-50 млн кубаметраў газу ў суткі, тады як праз Украіну ішло прыкладна 40 млн кубаметраў.

Схема газаправодаў

Яшчэ да заканчэння транзіту абмяркоўваліся варыянты захавання ўкраінскага маршруту. Галоўнымі з іх былі складаныя схемы паставак газу з Азербайджана або краін Цэнтральнай Азіі, аднак да гэтага часу ўсе размовы на гэтую тэму насілі чыста тэарэтычны характар.

Поўнае спыненне транзіту нясе пагрозу канчатковай страты ўкраінскага маршруту, як гэта было з галоўным расійскім газаправодам у Еўропу — «Паўночным патокам». «Газпрам» выключыў яго, пасадзіўшы Германію на галодны паёк, але ўключыць назад ужо не атрымаецца — восенню 2022 года ён быў узарваны. Хто гэта зрабіў, высвятляюць дагэтуль.

Пакуль «Газпрам» прапампоўваў газ праз Украіну, за ўвесь час расійскага ўварвання ніхто мэтанакіравана не бамбіў і не руйнаваў газаправоды і станцыі ні ва Украіне, ні ў Расіі. Цяпер гэта рызыка ўзрастае.

Страта інфраструктуры для дастаўкі газу з Заходняй Сібіры ў Еўропу хваравіта адаб'ецца на перспектывах «Газпрама».

Менавіта ён стаў галоўнай ахвярай газавай вайны Пуціна — у мінулым годзе манапаліст упершыню за чвэрць стагоддзя аказаўся стратным, а яго выручка скарацілася больш чым на 25%. Паўнавартасную замену самаму блізкаму і багатаму рынку збыту «Газпрам» не знайшоў і не знойдзе яшчэ доўгія гады.

Ці дапаможа Трамп «Газпраму»

Адваяваць страчаны еўрапейскі рынак надзеі яшчэ ёсць, і звязаныя яны з вяртаннем Дональда Трампа ў Белы дом, адзначаюць аналітыкі даследчага цэнтра ICIS. Праўда, надзеі гэтыя таюць з кожным днём.

«Трамп паабяцаў пакласці канец вайне. Не выключана, што ён прымусіць Украіну аднавіць прамыя перамовы з Расіяй, у тым ліку, магчыма, і пра транзіт газу, — пішуць яны. — І калі ЕС не ўвядзе ўласныя санкцыі супраць расійскага газу, «Газпрам» напэўна паспрабуе вярнуць страчаную долю еўрапейскага рынку».

Аднак часу мала — ужо сёлета рэзка вырасце вытворчасць звадкаванага газу ў ЗША і Катары — галоўных канкурэнтах Расіі на еўрапейскім рынку. Да таго ж Трамп абяцаў рэзка нарасціць здабычу і прымусіць Еўропу купляць больш амерыканскага газу.

Калі цэны знізяцца, а прапанова вырасце, справа можа дайсці ўжо і да адмовы не толькі ад расійскага трубаправоднага газу, але і ад звадкаванага, пастаўкі якога з Расіі ў Еўропу пакуль што толькі павялічваюцца. Пацерпіць не толькі «Газпрам», але і другі расійскі газавы гігант «Наватэк».

«Гэта будзе круцейшым за спыненне транзіту праз Украіну», —сказаў кіраўнік газавых аналітыкаў даследчага цэнтра ICIS Том Марзек-Мансер.

Каментары20

  • бабруйчанін
    01.01.2025
    У рэшце рэшт
    Прадаўшы за свой кошт трубу і атрымаўшы дісконт на газ тактычна рБ выявілася з прыбыткам .
  • ого
    01.01.2025
    Калі чую слова "многахадовачка" чамусьці ўяўляю такую заблытаную сістэму мышых нор
  • a.hto.tam.idze
    01.01.2025
    Таксама варта адзначыць, што здзейсніўся прагноз расейскай прапаганды наконт замярзаючай Эўропы. Але ёсць нюанс. Пацукоў будуць лавіць і есьці ў Прыднястроўі.

«Калі паліцэйскія пабачылі кашулі, змяніліся ў тварах». Што новага ў беларусаў, якіх збіла ахова рэстарана?21

«Калі паліцэйскія пабачылі кашулі, змяніліся ў тварах». Што новага ў беларусаў, якіх збіла ахова рэстарана?

Усе навіны →
Усе навіны

Стала вядома пра арышт былога дырэктара «Беллакта»4

Еўра ўпаў да даляра да самага нізкага ўзроўню за апошнія два гады4

Пуцін можа хутка скончыць вайну, дапускаюць у нямецкім урадзе10

Такаеў: Назарбаеў палітычна і маральна звязаны з Крамлём7

Лукашэнка: Ніякіх здзекаў, ніякіх палітвязняў у нас няма55

У Мінску кіроўца тралейбуса насмерць збіла жанчыну на самакаце

У Беларусі з’явіліся даядальнікі навагодніх салатаў. Колькі каштуюць іх паслугі?4

У Барысаве ў краме памёр пакупнік. Эксперты высветлілі прычыну2

Сёрфер з Каліфорніі пераадолеў акіянічную хвалю вышынёй 32 метры5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Калі паліцэйскія пабачылі кашулі, змяніліся ў тварах». Што новага ў беларусаў, якіх збіла ахова рэстарана?21

«Калі паліцэйскія пабачылі кашулі, змяніліся ў тварах». Што новага ў беларусаў, якіх збіла ахова рэстарана?

Галоўнае
Усе навіны →