Закрываецца знакамітае кафэ «Залаты грабеньчык» у цэнтры Мінска, якое належала Чыжу
Яго некалькі разоў спрабавалі прадаць, але безвынікова.
Кафэ «Залаты грабеньчык» на Леніна, 3 у цэнтры Мінска закрываецца. Установа, якой у мінулым годзе споўнілася 18 гадоў, будзе працаваць да 8 студзеня ўключна.
«18 гадоў мы сустракалі сваіх гасцей, радавалі смачнымі дэсертамі, дзялілі з вамі самыя яркія падзеі вашага жыцця. Стваралі сучасныя шэдэўры па класічных і аўтарскіх рэцэптах французскай кухні. Сустракалі вас на штодзённыя сняданкі, абедзенныя перапынкі і сямейныя вячэры.
Нам неверагодна прыемна, што мы змаглі стаць часткай вашага жыцця. Але, на жаль, 8 студзеня 2025 года — апошні рабочы дзень нашай установы. 9 студзеня мы ўжо не адчынім для вас свае дзверы», — паведамляецца ў інстаграме ўстановы.
Першапачаткова «Залаты грабеньчык» быў дарагім рэстаранам элітнай французскай кухні, аднак у 2017 годзе ўстанова змяніла канцэпцыю на кафэ.
«Залаты грабеньчык» належаў кампаніі «Трайпл» Юрыя Чыжа. У 2023 годзе кафэ некалькі разоў спрабавалі прадаць, але безвынікова. На апошніх таргах кошт кафэ са зніжкай у 40% складаў 5 632 068 рублёў (каля 1,8 млн долараў па тагачасным курсе).
Другое кафэ «Залаты грабеньчык» на плошчы Перамогі працягвае працу.
Каментары