«Залаты грабеньчык» зноў спрабуюць прадаць. Гэтым разам цана ўпала на 30%
Адно з найстарэйшых сталічных кафэ «Залаты грабеньчык», якое належыць кампаніі «Трайпл», трэці раз выставяць на таргі. Яны пройдуць на пляцоўцы ЗАТ «Белрэалізацыя» 26 кастрычніка. Два папярэднія аўкцыёны не адбыліся з-за адсутнасці пакупнікоў, піша Office Life.
Апошняя прапанова такая: стартавы кошт — крыху большы за 6,4 млн рублёў, мінімальны — каля 5,8 млн. У валюце гэта прыкладна $1,68 млн. У параўнанні з першым аўкцыёнам цана ўпала на 30%.
Кафэ «Залаты грабеньчык» размешчана ў Мінску ў добрай пешаходнай лакацыі па адрасе вул. Леніна, 3. Яно прадаецца ў сувязі з банкруцтвам уласніка ТАА «Трайпл». Праўда, у лоце згадваюцца дзве дамовы арэнды.
Апошнім часам маёмасць кампаніі, якая належала Юрыю Чыжу, актыўна распрадаецца. Раней на таргі выстаўляліся дзве АЗС «Трайпл» на трасе М-1. А на 1 лістапада запланаваны аўкцыён па продажы гарналыжнага комплексу «Лагойск».
Каментары