У Светлагорску звольнілі міліцыянера, які ўдзельнічаў у рэпрэсіях. Цяпер ён судзіцца з УУС
Максім Асташаў узначальваў крымінальна-выканаўчую інспекцыю АУС Светлагорскага райвыканкама.
Пазоў Максіма Асташава да УУС Гомельскага аблвыканкама разглядае 3 студзеня суд Цэнтральнага раёна Гомеля. Прадмет спрэчкі — «прызнанне незаконным загаду аб звальненні, змяненне фармулёўкі прычын звальнення».
Даныя пазоўніка цалкам супадаюць з данымі начальніка крымінальна-выканаўчай інспекцыі АУС Светлагорскага райвыканкама. На сайце райвыканкама ён дагэтуль пазначаны на гэтай пасадзе, як начальнік інспекцыі згадваўся і ў раённай газеце, піша «Флагшток».
Першыя публікацыі пра Асташава з'явіліся ў 2020 годзе. Як сцвярджае «Чорная кніга Беларусі», у той час ён працаваў участковым інспектарам і падчас пратэстаў супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў масава складаў пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях, «у тым ліку і за язду на ровары». Таксама адзначаецца, што гэты міліцыянер даваў сведчанні, «у якіх нібыта апазнаваў вінаватых, нават не бачачы іх твараў».
З таго часу маёр даслужыўся да начальніка крымінальна-выканаўчай інспекцыі, а затым па нейкіх прычынах быў звольнены. Цяпер ён вымушаны судзіцца з УУС.
Каментары