Прэм’ер Славакіі прыгразіў скараціць дапамогу ўкраінскім уцекачам у адказ на спыненне паставак расійскага газу
Страты Роберт Фіца ацаніў у амаль 500 мільёнаў еўра.
Партыя Smer, лідарам якой з’яўляецца Роберт Фіца, разгледзіць пытанне аб спыненні паставак электраэнергіі ва Украіну, змяншэнні дапамогі ўкраінскім уцекачам, а таксама запатрабуе аднаўлення транзіту газу або кампенсацыі страт, якія, паводле слоў прэм’ера, Славакія панесла ў выніку спынення паставак расійскага газу, піша Радыё Свабода.
Страты ён ацаніў у амаль 500 мільёнаў еўра.
«Я заяўляю, што [мая партыя] гатовая весці дыскусіі і дасягнуць дамоўленасцяў у кааліцыі аб спыненні паставак электраэнергіі і істотным зніжэнні падтрымкі грамадзян Украіны ў Славакіі», — сказаў Фіца.
Ён таксама назваў спыненне паставак газу «сабатажам» з боку прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага. У Славакіі ёсць альтэрнатыўныя крыніцы паставак газу, але Фіца адзначае, што краіна страціць уласныя прыбыткі ад транзіту і будзе плаціць дадатковыя транзітныя зборы за пастаўкі нерасійскага газу.
Экспарт расійскага газу праз Украіну спыніўся 1 студзеня, бо скончыўся тэрмін дзеяння транзітнага кантракту паміж Расіяй і Украінай. Славакія патрабавала ад Украіны працягнуць дзеянне пагаднення.
Каментары