У Беларусі зацвердзілі новую сістэму інфармацыі для арыентацыі турыстаў. Зроблена гэта пастановай Мінспорту ад 12 снежня 2024 года № 57, апублікаванай на Нацыянальным прававым партале. Уступіць у сілу дакумент, праўда, толькі праз год — з 1 студзеня 2026 года.
Сістэма турыстычнай арыентацыйнай інфармацыі — гэта набор сімвалаў (піктаграм, графічных малюнкаў), якія дапамагаюць турыстам арыентавацца і выкарыстоўваюцца пры падрыхтоўцы шчытоў, стэндаў, паказальнікаў і іншых інфармацыйных носьбітаў.
У Беларусі падобная сістэма існавала ўжо даўно, яна была зацверджаная Мінспорту яшчэ ў 2007 годзе. Але з тых часоў у адпаведны дакумент ні разу не ўносіліся змены, таму яна ўжо паспела састарэць і страціць актуальнасць.
У новай сістэме прысутнічаюць 70 знакаў. Яны выкарыстоўваюцца для абазначэння аб'ектаў турыстычнай індустрыі (аграэкатурызм, актыўны турызм, гастранамічны турызм і інш.), транспарту (аўтавакзал, аэрапорт, каршэрынг і інш.) і гэтак далей.
Сімвалы малююцца ў форме квадрата з белай акантоўкай на карычневым фоне з тэкстурай знака жоўтага колеру. І толькі турыстычныя інфармацыйныя цэнтры будуць пазначаныя ў форме квадрата на зялёным фоне з тэкстурай знака белага колеру.
З іншага боку, па ўзгадненні з Мінспорту ў эксперыментальных мэтах могуць устанаўлівацца сімвалы, не прадугледжаныя дакументам. Але неабходнасць іх выкарыстання трэба будзе абгрунтаваць.
Піктаграмы адлюстроўваюцца ў каляровым, а таксама чорна-белым варыянце (для асоб з парушэннямі зроку) з захаваннем ідэнтычнасці іх тэкстуры.
Каментары