Ва ўзросце 103 гадоў памерла Агнеш Келеці — спартоўка, што перажыла Халакост і была самай пажылой з алімпійскіх медалістак
Агнеш Келеці ўвайшла ў гісторыю як адна з самых паспяховых алімпійскіх спартовак яўрэйскага паходжання.
Венгерка Агнеш Келеці, якая перажыла Халакост і была самай пажылой з сёння жывучых алімпійскіх медалістаў, памерла ў Будапешце ва ўзросце 103 гадоў. Пра гэта паведаміла венгерскае дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва, піша «Голас Амерыкі».
Келеці была шпіталізаваная ў крытычным стане з пнеўманіяй 25 снежня.
Агнеш Келеці заваявала 10 алімпійскіх медалёў па спартыўнай гімнастыцы, уключаючы пяць залатых, для Венгрыі на Гульнях у Хельсінкі 1952 года і на Алімпіядзе ў Мельбурне 1956 года. Яна перажыла страту бацькі і некалькіх сваякоў падчас Халакосту. Келеці з’яўляецца адной з самых паспяховых алімпійскіх спартсменак яўрэйскага паходжання.
«Гэтыя 100 гадоў здаліся мне як 60, — сказала Келеці агенцтву Associated Press напярэдадні свайго 100-годдзя. — Я добра жыву. І я люблю жыццё. Здароўе яшчэ са мною, і гэта цудоўна».
Нарадзілася Агнеш Кляйн у 1921 годзе ў Будапешце. Яе кар’ера была перапыненая Другой сусветнай вайной і адменай Алімпіяды 1940 і 1944 гадоў. У 1941 годзе яе вымушана выключылі з каманды па гімнастыцы з-за яўрэйскага паходжання. Яна хавалася ў венгерскай вёсцы пад чужым імем, працуючы пакаёўкай.
Яе маці і сястра перажылі вайну дзякуючы знакамітаму шведскаму дыпламату Раулю Валенбергу, які выратаваў тысячы яўрэяў. Аднак бацька Агнеш і іншыя сваякі загінулі ў Асвенціме.
Пасля вайны яна аднавіла сваю кар’еру і збіралася ўдзельнічаць у Алімпійскіх гульнях 1948 года ў Лондане, але траўма шчыкалаткі ў апошні момант сапсавала яе надзеі.
Чатыры гады пазней яна дэбютавала на Алімпійскіх гульнях 1952 года ў Хельсінкі ва ўзросце 31 года, заваяваўшы залаты медаль у вольных практыкаваннях, а таксама срэбра і дзве бронзы. У 1956 годзе яна стала самай паспяховай спартсменкай на Алімпіядзе ў Мельбурне, заваяваўшы чатыры залатыя і дзве срэбраныя медалі.
Калі яна стала самай узроставай залатой медалісткай у гісторыі спартыўнай гімнастыкі ва ўзросце 35 гадоў у Мельбурне, Савецкі Саюз увёў войскі ў Венгрыю пасля няўдалага антысавецкага паўстання.
Келеці засталася ў Аўстраліі і папрасіла палітычнага прытулку. Пасля яна імігравала ў Ізраіль і трэніравала ізраільскую алімпійскую зборную па спартыўнай гімнастыцы да 1990-х гадоў.
Каментары