Прыватны самалёт, які мог належаць Пабла Эскабару, ператварылі ў раскошнае жытло на Airbnb
Прыватны рэактыўны самалёт, што раней мог належыць славутаму і найбагацейшаму наркабарону Пабла Эскабару, стаў дасяжны для пражывання на папулярнай платформе Airbnb. Вось як абсталяваны самалёт знутры і колькі каштуе адна ноч (менш, чым вы можаце падумаць).
Самалёт Boeing 727, які калісьці мог належаць (прынамсі, паводле некаторых звестак) славутаму наркабарону Пабла Эскабару, цяпер стаў адным з самых незвычайных месцаў для адпачынку ў свеце. На прамысловай тэрыторыі брытанскага горада Брысталь самалёт быў ператвораны ў сапраўдны раскошны гатэль і ўжо выклікаў вялікую цікавасць турыстаў, піша выданне New York Post.
41-гадовы брытанскі прадпрымальнік Джоні Палмер, які ініцыяваў праект рэстаўрацыі самалёта і пасля зрабіў яго дасяжным на папулярнай платформе арэнды жытла Airbnb, адзначыў, што заўсёды марыў валодаць прыватным самалётам, але без неабходнасці на ім лётаць.
У 2012 годзе, калі самалёт здзейсніў сваё апошняе падарожжа, Палмер убачыў магчымасць для рэалізацыі сваёй мары. Ён атрымаў дазвол гарадской рады Брысталя і пачаў шматгадовую рэстаўрацыю лайнера. Усё ўнутранае абсталяванне было палепшана згодна з сучаснымі стандартамі якасці, але быў захаваны аўтэнтычны выгляд арыгінальнага інтэр'еру 1981 года, калі самалёт быў толькі ператвораны ў элітны прыватны лайнер.
«Унутры самалёт уражвае раскошным інтэр'ерам: два двухмесныя спальныя пакоі з асобнымі туалетамі і душавымі кабінкамі кожны, а таксама канапамі, якія таксама можна ператварыць у ложкі. Дапоўнена гэта абабітымі арэхавым дрэвам сценамі, сапраўднай залатой сантэхнікай, прыгожай кухняй і арыгінальнай кабінай пілота, дзе можна зрабіць унікальныя фота. Усё гэта ў спалучэнні з гідрамасажнай ваннай і ўласнай саунай на борце стварае атмасферу жыцця мільярдэра.
Цэны на пражыванне пачынаюцца ад 300 даляраў за ноч і могуць дасягаць да 1050 даляраў у пік сезону. Блогерам і артыстам самалёт можа быць прадастаўлены ўвогуле бясплатна, калі яны, напрыклад, здымаюць у ім музычныя кліпы ці фотасесіі для мастацкіх патрэбаў», — распавядае Палмер.
Нягледзячы на тое, што дакладная гісторыя лайнера дагэтуль застаецца невядомай, вакол яго існуе мноства легенд. Паводле адной з іх, самалёт нейкі час належаў неназванаму арабскаму прынцу, паводле іншай — з'яўляўся ўласнасцю наркамафіі, а некаторыя нават сцвярджаюць, што яго мог выкарыстоўваць сам Пабла Эскабар.
«Мне ўсё роўна, хто быў ягоным уладальнікам у мінулым. Галоўнае, што цяпер ён прыносіць людзям пазітыўныя эмоцыі.
Гэтым месцам цікавяцца не толькі турысты, але і тыя, хто шукае незвычайныя ўражанні, каб адчуць кантраст паміж жыццём звычайнага чалавека і мільярдэра. Ты жывеш у гэтай фантазіі некалькі дзён, а потым вяртаешся ў рэальны свет, і гэты кантраст можа быць сапраўды карысны для людзей», — падагульніў брытанскі прадпрымальнік Джоні Палмер.
Каментары
...
сауна ў лайнеры? калі б лётаў з саунай, цікава было б