Культура11

Аднаго называлі беларускім Шаляпіным, а другога — залатым голасам Беларусі. Але жыцці абодвух артыстаў трагічна абарваліся

Якаў Навуменка і Анатоль Падгайскі — шлях да славы і трагічны канец на піку папулярнасці. 

Анатоль Падгайскі і Якаў Навуменка. Фота: скрын відэа muzonchyk / YouTube; Wikimedia Commons

Без Якава Навуменкі ў дзевяностыя і нулявыя не абыходзіўся ніводны вялікі канцэрт у Беларусі, а яго песні слухаў у машыне Аляксандр Лукашэнка са сваім малодшым сынам. Навуменку любілі за актыўнасць і шчырасць, да ўсяго іншага выканаўца абсалютна не меў зорнай хваробы і ствараў вобраз артыста з народа. 

Якаў Навуменка ў дзяцінстве. Скрын відэа: BelarusTV3 / YouTube

Ён нарадзіўся ў 1959 годзе ў Оршы. У школьныя гады быў гандбалістам, займаўся самадзейнасцю, а таксама адвучыўся ў музычнай школе па класе акардэона. Здавалася б, лёс перадвызначаны, але далейшы ягоны паварот аказаўся нечаканым. 

Вы можаце паглядзець гэтую гісторыю на відэа або прачытаць у тэкставым выглядзе ніжэй пад відэа.

Якаў Навуменка ў школьныя гады. Скрын відэа: BelarusTV3 / YouTube

Пасля школы Навуменка паехаў у Севастопаль да сястры і паступіў у прыборабудаўнічы інстытут. Прафесія інжынера ў канцы сямідзясятых была моднай, і дзеля яе беларус вучыўся на выдатна. Але ён нічога не мог зрабіць з сабой — душа не ляжала да дакладных навук.

Якаў Навуменка (з гітарай) падчас службы. Скрын відэа: BelarusTV3 / YouTube

Якаву Навуменку не хацелася займаць чужога месца, таму пасля першага курса ён забраў дакументы і пайшоў з імі ў ваенкамат. Там яго адправілі служыць на чарнаморскі флот, прычым ажно на тры гады, і там ён таксама стаў ўдзельнічаць у самадзейнасці.

Якаў Навуменка (трэці злева ў верхнім шэрагу) у час вучобу ў Мінскай музычнай вучэльні. Скрын відэа: BelarusTV3 / YouTube

Пасля арміі Навуменка вярнуўся на радзіму і паступіў у мінскую музычную вучэльню, дзе захапіўся народнай музыкай. Дзякуючы гэтаму ён стаў удзельнікам ансамбля «Бяседа» і Нацыянальнага хора імя Цітовіча. 

Якаў Навуменка (справа) у складзе «Бяседы». Скрын відэа: BelarusTV3 / YouTube

Пасля вучылішча былі два гады на харавым аддзяленні кансерваторыі. Але адтуль хлопец пайшоў, бо не мог атрымаць таго, чаго яму было трэба. Ён прагнуў быць самастойным выканаўцам.

Якаў Навуменка ў 1989 годзе. Скрын відэа: BelarusTV3 / YouTube

У 1988 годзе Якаў Навуменка нечакана для ўсіх выйграў усесаюзны радыёконкурс «Новыя імёны». Прызам для пераможцы была магчымасць вучыцца ў маскоўскай акадэміі імя Гнесіных, дзе сярод педагогаў былі Іосіф Кабзон, Леў Лешчанка і Аляксандр Градскі.

За час вучобы ў «Гнесінцы» разваліўся Савецкі Саюз, і ў Беларусі пачала нараджацца свая эстрада. Навуменку прапанавалі застацца працаваць у Расіі, але яго цягнула на радзіму, дзе ён хутка стаў адной з зорак.

Якаў Навуменка. Скрын відэа: BelarusTV3 / YouTube

У пачатку дзевяностых у публікі быў вялізны попыт на беларушчыну, таму Навуменка пачаў апрацоўваць старыя песні і пісаць музыку да вершаў класікаў. Так, дзякуючы яму набыла новае жыццё песня «Бывайце здаровы» на верш Адама Русака, якую многія памылкова лічаць народнай.

Аднак за попытам на сваё паследавала магутная культурная каланізацыя з усходу. Беларусы глядзелі расійскі тэлевізар і слухалі «Іванушак» ды «Рукі ўверх», а каб дабіцца прызнання на радзіме, айчынным спевакам трэба было спачатку праславіцца ў Маскве. 

Тым не менш, Якаў Навуменка працягваў пісаць вершы і ездзіць па краіне з канцэртамі. Прычым да любога выступу ставіўся як прафесіянал — быў рэзкім праціўнікам фанаграмы, робячы выключэнне толькі для тэлевізійных канцэртаў. За такі падыход яго паважалі калегі і цанілі слухачы.

Скрын відэа: BelarusTV3 / YouTube

У 1997 годзе Навуменку ўключылі ў спіс самых сэксуальных мужчын Беларусі — у ім ён заняў 21-е месца, саступіўшы Аляксандру Лукашэнку, Анатолю Ярмоленку і нават Яўгену Крыжаноўскаму. На самым версе, дарэчы, тады апынуліся тэлевядоўца Ягор Хрусталёў, гімнаст Іван Іванкоў і акцёр Анатоль Кацянёў.

За 25 гадоў кар’еры артыст выканаў больш за 600 песень. Ён быў сярод любімых спевакоў Аляксандра Лукашэнкі. На адной з прэс-канферэнцый у канцы нулявых той расказаў, што ягоны малодшы сын Мікалай ўключае музыку ў машыне і слухае пераважна беларускамоўныя песні — у асноўным якраз Навуменку і «Сяброў». А пасля спрабуе іх дома спяваць.

Захавалася нават відэа, як Лукашэнка танчыць адразу з дзвюма дзяўчатамі падчас жывога выступу Навуменкі.

Аляксандр Лукашэнка падчас канцэрта на Дзень незалежнасці. 3 ліпеня 2005 года. Скрын відэа: Lev_Mashketov_Old_TV / YouTube

Якаў Навуменка быў актыўным прапагандыстам беларускай эстрады. Ён марыў выпусціць анталогію з тысячы айчынных песень і вярнуць з нябыту забытыя імёны. Ён знаходзіў рэдкія запісы, алічбоўваў іх і выкладаў у сацсетках. 

У жніўні 2011 года Якаву Навуменку прысудзілі званне народнага артыста Беларусі. Але гэта толькі значак з пасведчаннем — сапраўды народным ён быў ужо даўно. Тады ніхто не мог здагадацца, што праз год з моцным, здаровым і поўным сіл мужчынам здарыцца бяда.

Якаў Навуменка з сынам Ціханам. Скрын відэа: BelarusTV3 / YouTube

Наступным летам Навуменка з сынам Ціханам паехаў у госці да сястры ў Севастопаль. Ён даўно не бачыў сваякоў, але ўжо хутка засумаваў па радзіме і прызнаўся жонцы ў тым, што хоча дадому. Незадоўга да таго яны пабудавалі сціплы дом у Жодзіне, дзе артыст займаўся гаспадаркай і пісаў музыку.

На падворку ўласнага дома. Скрын відэа «Беларусь-2»

Жонка прапанавала памяняць зваротны квіток і вярнуцца раней. Але Навуменка вырашыў застацца — і на наступны дзень здарылася трагедыя

19 жніўня спявак разам з сынам пакаталіся на катары і гулялі па цэнтры крымскай сталіцы. На плошчы Нахімава граў вулічны музыка. З дынамікаў лілася прыгожая мелодыя, але скрыпач граў пад фанаграму. Навуменка абурыўся і зрабіў заўвагу: маўляў, гэта несумленна. І раптам атрымаў удар ад кагосьці з натоўпу — хутчэй за ўсё, гэта быў хтосьці з тых, хто крышаваў вулічных музыкаў і вырашаў кулакамі нейкія канфліктныя сітуацыі.

Першы ўдар Навуменка вытрымаў, але пасля другога ўпаў і ўдарыўся галавой. У той бойцы пералом сківіцы атрымаў і ягоны сын. Усе кінуліся ратаваць спевака і выпусцілі з віду злачынцу, якому ўдалося ўцячы. 

Якава Навуменку тэрмінова даставілі ў нейрахірургію мясцовай бальніцы, зрабілі трэпанацыю чэрапа. Тыдзень народны артыст Беларусі правёў у коме, і 26 жніўня 2012 года памёр. Яму было ўсяго 53. Пахавалі яго на Усходніх могілках у Мінску.

Развітанне з артыстам у Белдзяржфілармоніі. Фота: belarus.kp.ru

У Крыме ж спрабавалі расследаваць забойства беларуса. Міліцыя зняла запісы з камер відэаназірання, шукала відавочцаў праз тэлебачанне і абяцала вялікую ўзнагароду за любыя звесткі.

Было сабрана 16 тамоў інфармацыі, але ўсё аказалася марна. У 2014-м паўвостраў быў акупаваны Расіяй. Тады справу перадаручылі новаму, ужо расійскаму, следчаму, але вынік аказаўся тым жа — вось ужо дзесяць гадоў ніякіх зрухаў няма.

Магіла спевака на Усходніх могілках. Фота: Wikimedia Commons

На яго помніку спеваку — ноты, якія адлятаюць у неба. Ягоная трагічная гібель узрушыла ўсіх: як простых слухачоў, так і людзей са свету музыкі.

Анатоль Падгайскі

Згадваючы пра спевака, кампазітар Ігар Лучанок расказаў пра яшчэ адну падобную трагедыю, якая мела месца ў Мінску ў пачатку 1980-х і здарылася яшчэ з адным папулярным беларускім артыстам.

Анатоль Падгайскі. 1976 год. Скрын відэа: BelarusTV3 / YouTube

У шасцідзясятыя на хвалі глабальнай папулярнасці «Бітлз» па ўсім Савецкім Саюзе пачалі з’яўляцца вакальна-інструментальныя ансамблі. На вяршыні гэтага руху апынуліся беларускія «Песняры» — яны першымі сярод савецкіх музычных гуртоў таго часу паехалі з гастролямі ў ЗША, а пасля і ў Еўропу. 

На слыху былі і «Верасы» з «Сябрамі» — дзякуючы, якім па-беларуску заспявала ўся вялікая краіна.

А сярод зорак крыху меншага калібру вылучаўся малады Анатоль Падгайскі, сапраўдны самародак з аксамітным барытонам.

Падгайскі нарадзіўся на Нясвіжчыне ў сялянскай сям’і, адразу пасля вайны. Ягоныя бацькі хоць і былі простымі калгаснікамі, але мелі добрыя галасы, калісьці спявалі ў царкве. Пасля школы хлопец паступіў у Беларускую дзяржаўную кансерваторыю — цяпер гэта Акадэмія музыкі.

У шасцідзясятых паступіць туды было вельмі складана: на кампазітарскае аддзяленне конкурс складаў па чатыры чалавекі на месца, але камісія магла пакінуць месцы незанятымі, калі лічыла, што няма дастойных кандыдатаў.

Падгайскі жыў у інтэрнаце разам з іншай будучай зоркай — Леанідам Захлеўным, які пазней стане вядомым кампазітарам і заснавальнікам ансамбля «Бяседа». Але ўсё гэта адбудзецца пасля, а тады было звычайнае студэнцкае жыццё. Смажылі бульбу з мойвай і варылі пельмені. 

Анатоль Падгайски. Фота: tunnel.ru

Некаторыя пабойваліся Падгайскага, бо ён быў суровым і маўклівым. Але блізкія ведалі яго як ранімага чалавека, такое вялікае дзіця, якому даводзілася шыць сцэнічныя касцюмы на замову. Бо ў тыя, што прадаваліся ў крамах, ён проста не мог улезці.

Па заканчэнні кансерваторыі пачалася дарослая кар’ера спевака і ён стаў салістам аркестра Беларускага радыё і тэлебачання. Артысты зараблялі добрыя грошы і мелі нашмат большыя магчымасці за звычайных савецкіх грамадзянаў — так, зусім маладога Анатоля Падгайскага ўключылі ў дэлегацыю на алімпійскія гульні ў Мюнхене. У 1972-м спеваку было ўсяго 26 гадоў. 

Кар’ера Анатоля Падгайскага імкліва развівалася. Малады спявак хутка займеў салідны рэпертуар з народных, эстрадных і патрыятычных песень. Без апошняга ў сацыялістычнай краіне было не абысціся, інакш застанешся без працы.

Для віднага маладога артыста пісалі песні вядомыя беларускія кампазітары — Яўген Глебаў, Анатоль Багатыроў і Ігар Лучанок. Апошні ўвогуле называў Падгайскага беларускім Шаляпіным, а адносіны паміж імі былі не толькі рабочымі, але і сяброўскімі. Неўзабаве зусім малады спявак атрымаў званне заслужанага артыста БССР — а яму тады было крыху больш за 30 гадоў.

Злева направа: саветнік пасольства СССР, Анатоль Падгайскі, Ігар Лучанок. Куба, 1971 год. Фота: tunnel.ru

Але ў пэўны момант кар’ера Анатоля Падгайскага ледзь не скончылася з-за пакрыўджанага чыноўніка. Аднойчы спявак ляцеў на гастролі разам з партыйнымі дзеячамі. Вядома, выпівалі, і пад градусам адзін з наменклатуршчыкаў сказаў артысту: «О, раз ты спявак, дык спой!» Але той нібыта катэгарычна адмовіўся. У адказ на гэта Падгайскаму на некаторы час забаранілі выступаць і запісвацца на радыё.

У пачатку 80-х спевака зноў дапусцілі да эстрады, але вяртанне аказалася трагічным — летам 1982 года Анатоля Падгайскага забілі ў міліцыі.

Летнім вечарам артыст выступаў у вайсковай часці, пасля чаго афіцэры зладзілі салідны фуршэт з выпіўкай.

Дзве зоркі беларускай оперы: Наталля Гайда і Анатоль Падгайскі. 1981 год. Скрын відэа: BelarusTV3 / YouTube

Пасля п’янага Падгайскага прывезлі да Дома афіцэраў у цэнтры Мінска, адкуль той пайшоў у бок вуліцы Янкі Купалы. Там, у адным з дамоў савецкай эліты, артыст жыў разам з жонкай. Проста пад пад’ездам нецвярозага мужчыну спыніў міліцыянер. 

І тут ізноў сыграў злы жарт няпросты характар заслужанага артыста. Ён пачаў супраціўляцца затрыманню. Але міліцыянер выклікаў падмацаванне, пасля чаго мужчыну скруцілі і павезлі ў Ленінскі аддзел міліцыі, дзе спрабавалі ўціхамірыць, але «не разлічылі сілаў».

Анатоль Падгайскі ў 1982 годзе. Скрын відэа: BelarusTV3 / YouTube

Заслужаны артыст памёр проста ў аддзяленні. Яму было ўсяго 36 гадоў. 

Знайсці хоць нейкія канцы трагедыі ўдалося толькі дзякуючы падключэнню сувязяў. Усё той жа Ігар Лучанок званіў міністру ўнутраных спраў з патрабаваннямі разабрацца. Маўляў, так, чалавек быў п’яны, супраціўляўся, але ж за такое не забіваюць. На што яму адказалі: «А што, твой артыст не ўмее прама хадзіць?»

Кампазітар пісаў лісты ў Маскву і дабіўся службовай праверкі, у выніку чаго міліцыянера, які прыклаў руку да артыста, звольнілі. Ці былі нейкія іншыя наступствы, невядома.

Ігар Лучанок шмат думаў пра гэту трагедыю і дакараў сябе за тое, што не забараняў артыстам піць, а таксама не спускаў іх з нябёсаў на зямлю, калі ў іх была зорная хвароба. Бо лічыў тых у першую чаргу прафесіяналамі, а не людзьмі з вялікімі слабасцямі.

Апошняй працай Анатоля Падгайскага была здымка ў тэлеверсіі оперы Анатоля Багатырова пад назвай «У пушчах Палесся». Там ён граў камісара партызанскага атрада Кузьміча. Апошнія кадры карціны здымалі ўжо пасля смерці артыста — замест яго дайграў ягоны брат Сяргей.

Анатоль Падгайскі ў тэлевізійнай версіі оперы «У пушчах Палесся». Скрын відэа: BelarusTV3 / YouTube

Пра заслужанага артыста даволі хутка забыліся, запісы ягоных выступаў можна пералічыць на пальцах адной рукі і інфармацыю пра яго знайсці даволі складана. Па вялікім рахунку, і творчасць Анатоля Падгайскага, і абставіны яго трагічнай гібелі даўно забыліся і засталіся ў гісторыі. І каб не бяда з Якавам Навуменкам, пра другую падобную гісторыю мы б маглі ніколі не даведацца.

Людзі працягваюць існаваць і пасля сваёй смерці. Мастакі жывуць у карцінах, пісьменнікі — у кнігах, а спевакі — у песнях. А лёс, як мы бачым па гісторыях Анатоля Падгайскага і Якава Навуменкі, не прадкажаш.

Каментары1

  • Ёсік
    03.01.2025
    Навуменка так цікавіўся беларушчынай, што помнік ад нашчадкаў атрымаў па-расейску.

«Трэба нешта мяняць. Гэта ўжо наспела». Бацька Канапацкай падзяліўся думкамі пра выбары і ўдзел дачкі ў іх

«Трэба нешта мяняць. Гэта ўжо наспела». Бацька Канапацкай падзяліўся думкамі пра выбары і ўдзел дачкі ў іх

Усе навіны →
Усе навіны

Лукашэнка прапанаваў прыцягваць вайскоўцаў для аховы выбарчых камісій10

Новы рэкорд паездкі на таксі — 228,66 рубля. Але ўсё строга па тарыфе2

Ноу-хау амерыканскай судовай сістэмы — глядзім на злачынства вачыма абвінавачанага праз VR-шлем1

На трасе ў цэнтры Казахстана сутыкнуліся 95 машын2

Лукашэнка заклікаў зрабіць выбары не як у ЗША, дзе «страляюць у вуха ці ў галаву»16

Стала вядома пра арышт былога дырэктара «Беллакта»4

Еўра ўпаў да даляра да самага нізкага ўзроўню за апошнія два гады4

Пуцін можа хутка скончыць вайну, дапускаюць у нямецкім урадзе10

Такаеў: Назарбаеў палітычна і маральна звязаны з Крамлём7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Трэба нешта мяняць. Гэта ўжо наспела». Бацька Канапацкай падзяліўся думкамі пра выбары і ўдзел дачкі ў іх

«Трэба нешта мяняць. Гэта ўжо наспела». Бацька Канапацкай падзяліўся думкамі пра выбары і ўдзел дачкі ў іх

Галоўнае
Усе навіны →