Прэзідэнт Казахстана даў вялікае інтэрв'ю газеце «Ana tili» («Родная мова», аналаг беларускай газеты «Наша слова»). У ім ён сярод іншага даў таксама ацэнку мінуламу прэзідэнту Казахстана.
Прэзідэнт Казахстана прызнаў «светлыя і цёмныя бакі» кіравання Нурсултана Назарбаева, падкрэсліўшы, што ў «нашай найноўшай гісторыі станоўчых момантаў усё ж было значна больш». Пры гэтым Касым-Жамарт Такаеў раскрытыкаваў Назарбаева за імкненне захаваць у сваіх руках рычагі ўлады пасля адстаўкі. Такаеў таксама дае свайму папярэдніку красамоўную характарыстыку — «маральна і палітычна цесна звязаны з Крамлём».
«Пасля выхаду ў адстаўку, але застаючыся кіраўніком Рады бяспекі, ён, трэба адкрыта сказаць, не адрозніваўся палітычнай далікатнасцю, рэгулярна праводзячы ў сябе нарады з удзелам прэм'ер-міністра, старшыні Нацыянальнага банка, міністраў, акімаў, — адзначыў Такаеў. — На гэта са здзіўленнем глядзелі нават замежныя кіраўнікі і дыпламаты, не кажучы ўжо пра нашу грамадскасць. З’явіўся нават жарт: «Назарбаеў пасля адстаўкі пайшоў на павышэнне, атрымаў у падпарадкаванне прэзідэнта». Але ў жыцці было не да жартаў.
Такая сітуацыя выклікала хвалю чутак пра двоеўладдзе. Ды і чыноўніцкі клас упаў у замяшанне, наведваючы то адзін, то другі кабінеты і блытаючыся ў даручэннях. Шэраг чыноўнікаў спрабаваў нават юрыдычна абгрунтаваць гэтую ненармальную сітуацыю: маўляў, інстытут елбасы («лідар нацыі» па-казахску — НН) мае стаяць вышэй за прэзідэнцкую ўладу.
Паваротнымі падзеямі, якія абумовілі рэальны крызіс улады, сталі заява Нурсултана Назарбаева на пасяджэнні Astana Club у лістападзе 2021 года пра магчымасць вяртання ў Акорду са спасылкай на 92-гадовага Махатхіра Махамада, а таксама ўдзел экс-прэзідэнта ў саміце СНД у Санкт-Пецярбургу ў снежні таго ж года.
Напярэдадні яму было перададзена правакацыйнае па змесце пісьмо мясцовага палітолага з абгрунтаваннем рашучых мер па аднаўленні «Залатога веку Елбасы», — расказаў пра падзеі 2021 — 2022 года прэзідэнт Казахстана.
Нягледзячы на няўдалую спробу Назарбаева вярнуцца да ўлады, Такаеў абышоўся з папярэднікам вельмі гуманна. Ён проста пазбавіў яго ўсякіх уладных паўнамоцтваў, але пакінуў у жывых і на свабодзе. «Цяпер мы размаўляем па тэлефоне прыкладна раз на месяц», — сказаў Такаеў.
«Цяпер трэба праявіць здаровы сэнс і па заслугах ацаніць гістарычныя заслугі Нурсултана Назарбаева перад Казахстанам, — велікадушна заяўляе Такаеў. — Як прэзідэнт, я абавязаны кіравацца дзяржаўнымі інтарэсамі, думаць пра адзінства нашага народа».
«Нядаўняя сустрэча першага прэзідэнта з Уладзімірам Пуціным у Маскве выклікала розныя інтэрпрэтацыі і ацэнкі. Узнікла таксама неўразуменне з нагоды мэтазгоднасці такой сустрэчы праз пяць гадоў пасля афіцыйнай адстаўкі, былі распаўсюджаны і канспіралагічныя версіі, звязаныя з наступнымі прэзідэнцкімі выбарамі ў Казахстане. Ваша меркаванне: навошта і каму патрэбныя такія сустрэчы, хто іх ініцыятар?» — задалі пытанне Такаеву.
«Снежаньская сустрэча Нурсултана Назарбаева з Уладзімірам Пуціным, здаецца, другая ў мінулым годзе. Пра першую сустрэчу ў пачатку восені ў СМІ не паведамлялася. Яны, відавочна, сустракаюцца як даўнія сябры і калегі, ім ёсць што ўзгадаць.
Ініцыятарам такіх сустрэч выступае Нурсултан Абішавіч, для яго яны надзвычай важныя. Нельга забываць, што, як былы старшыня Савета міністраў Казахскай ССР, партыйны кіраўнік і затым прэзідэнт суверэннага Казахстана, ён маральна і палітычна цесна звязаны з Крамлём.
Бо столькі часу было праведзена ў камандзіроўках у Маскве, на з'ездах і пленумах, падчас рабочых і афіцыйных візітаў», — тонка і красамоўна заўважыў Такаеў.
«Лёс Назарбаева — адна з прычын нежадання Лукашэнкі перадаць уладу, — мяркуе гісторык і палітычны аналітык Аляксандр Фрыдман. — І гэта пры тым, што Такаеў абышоўся са сваім папярэднікам адносна мякка. Лукашэнка баіцца, што магчымы пераемнік стане «мінскім Такаевым», бо сам зусім не хоча ператварыцца ў дэкаратыўную фігуру.
Прэзідэнт Казахстана ў інтэрв'ю таксама расказаў, што абраны прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падчас тэлефоннай размовы цікавіўся яго бачаннем спынення баявых дзеянняў ва Украіне.
«Гэтая тэма не з’яўляецца новай для мяне, бо такое ж пытанне задавалі многія кіраўнікі дзяржаў і міжнародных арганізацый на працягу 2024 года.
Сітуацыя ўнікальная: Расія ў ваенным плане непераможная, а Украіна спадзяецца з дапамогай заходніх саюзнікаў выстаяць у вайне, хаця б не прайграць яе».
Ён дадаў пра складанасць праблемы, рашэнне якой залежыць ад волі і жадання кіраўнікоў канфліктуючых краін і, вядома, самога Трампа як лідара сусветнай дзяржавы.
«Я падкрэсліў, што Казахстан з самага пачатку ваенных дзеянняў ва Украіне выступае за пачатак перамоў для дасягнення міру, — сказаў Такаеў. — Трэба падкрэсліць, што мы нідзе не прапануем сябе ў якасці пасярэднікаў, на міжнароднай арэне паводзім сябе згодна з патэнцыялам і магчымасцямі Казахстана, але заўсёды гатовыя прыйсці на дапамогу ў вырашэнні міжнародных праблем».
Нягледзячы на тое, што Казахстан уваходзіць у расіяцэнтрычныя Еўраазіяцкі саюз і Арганізацыю дамовы аб калектыўнай бяспецы, Астана ад пачатку заняла падкрэслена нейтральную пазіцыю па ўкраінскім пытанні. Такаеў не раз публічна выказваў падтрымку захаванню незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, хоць такая пазіцыя выклікала відавочнае незадавальненне Масквы. У Астане разумеюць, што наступным за Украінай можа быць Казахстан.
У інтэрв'ю Такаеў адказаў таксама на пытанне, ці можа ён пакінуць пасаду прэзідэнта краіны і стаць генеральным сакратаром Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Ён дыпламатычна заявіў, што мае яшчэ шмат чаго рэалізаваць у якасці прэзідэнта краіны.
Каментары