Андрэй Дзмітрыеў не бачыць сэнсу вылучаць дэмакратычных кандыдатаў на прэзідэнцкіх выбарах-2025
Першы стрым пасля вызвалення з калоніі правёў 31 кастрычніка экс-кандыдат у прэзідэнты, былы кіраўнік грамадскага аб’яднання «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў, піша «Позірк».
«Я заўсёды быў упэўнены, што ўдзельнічаць [у выбарчай кампаніі] трэба, і мы многа спрачаліся з іншымі ўдзельнікамі палітычных партый і арганізацый. Гэта першая кампанія, дзе я думаю, што задача галоўная не ў тым, каб абавязкова вылучыць кандыдата. Я думаю, што гэта можа даць хутчэй негатыўны эфект», — заявіў Дзмітрыеў падчас анлайн-трансляцыі ў сваім інстаграм-акаўнце, за якой у розны час сачыла ад 85 да 104 чалавек.
Кандыдат у прэзідэнты на выбарах-2020 нагадаў, што сёння ёсць «партыя ўлады», якая «вылучае такіх мультыкандыдатаў», і ў гэтых умовах «галоўнай датай з’яўляецца не 26-га, галоўнай датай з’яўляецца 27 студзеня і які шлях будзе ўзяты пасля гэтага».
«Гэта будзе шлях на яшчэ большае павелічэнне канфрантацыі ўнутранай, знешняй, шлях, які будзе яшчэ больш павялічваць ізаляцыю? Ці гэта будзе шлях паступовага, але ўнутранага астывання, пашырэння прасторы для дыялогу, уключэння Беларусі ў міжнародны парадак дня?» — паставіў пытанне Дзмітрыеў.
Ён зачытаў каментар жанчыны, якая выказала меркаванне, што «будзе толькі горш», і часткова з ёй згадзіўся.
«Нас чакаюць вельмі складаныя часы менавіта з пункту гледжання міжнароднага парадку. Не хачу быць прадвеснікам і кагосьці пужаць, але, канечне, праводзячы аналогіі гістарычныя, пакуль мы ідзём найгоршым з магчымых трэндаў… Калі глядзець на тое, як развіваюцца адносіны, як бакі, якія проціборствуюць, адзін да аднаго ставяцца, як яны адзін аднаго не чуюць, якую мэту яны ставяць», — лічыць Дзмітрыеў.
Палітык звярнуў увагу, што гэта першы раз, калі на выбары ідуць чыноўнікі.
«Такога яшчэ не было. Заўсёды было, што гэта былі людзі праўладныя ці з альтэрнатыўнымі поглядамі. А тут, можна сказаць, досвед, які ўзялі з мясцовых і парламенцкіх кампаній і перанеслі ў прэзідэнцкую», — адзначыў прамоўца.
На выбарах-2020 Дзмітрыеў атрымаў, паводле інфармацыі Цэнтрвыбаркама, 1,21% галасоў. Паводле пратаколаў з участкаў, дзе падлік галасоў вёўся ў прысутнасці незалежных назіральнікаў, ён набіраў нават менш: толькі каля 0,4% галасоў.
У студзені 2023 года палітык быў затрыманы і пасля асуджаны на паўтара года пазбаўлення волі па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса за «актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Выйшаў на волю 20 красавіка 2024 года, адбыўшы тэрмін зняволення.
Каментары
А спадара Дзьмітрыева насамрэч шкада. Канешне, калі краіна акупавана і саджаюць за лайк - няма сэнсу вылучаць дэмакратычных кандыдатаў, бо гэта кандыды ў палітвязьні. І наўрадці ён сумленна хоча вывесьці злачынцу з ягонай зграяй садыстаў з міжнароднай ізаляцыі - гэта частка дамовы з хунтай і варта ставіцца да такіх заяў яа да "пакаяльных відэа". Таму як з-пад акупацыі няма магчымасьці выказваць свае думкі публічна і без наступстваў.
А вось матывацыю называць публічна гэты цырк "выбарамі прэзідэнта", знаходзячыся ў вольнай краіне ЕЗ, можна акрэсліць проста - перагорнутая старонка. І вось гэта сапраўдная проблема. Бо тыя, што мусяць спрыяць паразуменьню, спрыяюць якраз адваротнаму.
Жыве Беларусь!
Слава Ўкраіне!