Як паведамілі юрысткі Андрэя Гнёта «Радыё Свабода», ён ужо на волі і 31 кастрычніка быў перапраўлены на тэрыторыю Еўрасаюза.
«Андрэй пакуль у шоку, просіць даць яму дзень і дзякуе ўсім, хто яго падтрымліваў!» — паведамілі выданню.
Сёлета ў чэрвені Андрэя Гнёта перавялі з бялградскай турмы пад хатні арышт. У верасні апеляцыйны суд у Бялградзе адмяніў рашэнне пра экстрадыцыю Гнёта ў Беларусь і вярнуў справу на новы разгляд у Высокі суд горада.
Вызваленне Андрэя Гнёта прывітала беларуская дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская:
«Гэта вельмі добрая навіна. Я віншую Андрэя з доўгачаканай свабодай, вітаю і спадзяюся, што наперадзе яго чакае мірнае і бяспечнае жыццё. Надалей мы не павінны дазволіць рэжыму Лукашэнкі выкарыстоўваць міжнародныя механізмы для пераследу актывістаў. І мы будзем змагацца за кожнага, хто трапіў пад рэпрэсіі рэжыму».
Таксама пры гэтай нагодзе яна падзякавала ўсім, хто змагаўся за вызваленне Андрэя: адвакатам, палітыкам, журналістам, праваабаронцам, дыпламатам. Сярод тых, хто быў асабліва вылучаны, апынуліся прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч, старшыня Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен і МЗС Германіі.
41-гадовы Андрэй Гнёт — рэжысёр тэлерэкламы і музычных кліпаў, журналіст. Займаўся вытворчасцю відэапрадукцыі для аб'яднання SOS.by, якое ў Беларусі прызнана «экстрэмісцкім фарміраваннем».
Мужчына быў затрыманы 30 кастрычніка 2023 года памежнай службай Сербіі, калі прыляцеў у Бялград, пасля чаго перададзены паліцыі. Прычына затрымання — знаходжанне ў міжнародным вышуку на запыт беларускага бюро Інтэрпала ад 21 верасня 2023 года. Ведамства прасіла экстрадзіраваць Гнёта ў Беларусь для крымінальнага пераследу.
Спачатку мужчыну было вырашана выдаць Беларусі, але 12 сакавіка 2024 года Апеляцыйны суд у Белградзе адмяніў гэтую пастанову. Пасля гэтага справа аб экстрадыцыі Андрэя Гнёта пераглядалася яшчэ некалькі разоў.
У Сербіі скасавалі пастанову аб экстрадыцыі ў Беларусь рэжысёра Андрэя Гнёта
Інтэрпал выключыў са свайго «чырвонага спісу» рэжысёра Андрэя Гнёта. Але гэта яшчэ не канец справы
Рэжысёр Андрэй Гнёт: У сербскай турме самае жахлівае — гэта медычная дапамога. Яе там амаль не існуе
Рэжысёра Андрэя Гнёта выпусцілі з сербскай турмы
Каментары
З 2001 па 03 пры премьере Джынджыче якога забіў замкамандзіра спецназа Сербіі у змове з арганізаванай злачыннай групповкай....