Свет1313

«Дайце хоць што-небудзь». Пуцін загадаў тэрмінова стварыць для яго лекі ад старэння

Аб гэтым выданню «Медуза» і праекту «Сістэма» паведамілі адразу некалькі крыніц з навукова-даследчых інстытутаў Расіі, якія атрымалі адпаведную дырэктыву ад Мінздароўя. Па словах іншых суразмоўцаў, блізкіх да Крамля, усім працэсам пошуку вакцыны ад старэння кіруе «любімы фізік Пуціна», які ўзначальвае Курчатаўскі інстытут і вядомы сваімі антынавуковымі выказваннямі.

Скрыншот з відэа

У сумесным расследаванні «Медузы» і «Сістэмы» (журналісцкі праект «Настоящего времени» і расійскай службы Радыё Свабода) высветлілася, што бліжэйшае атачэнне Уладзіміра Пуціна скамандавала Міністэрству аховы здароўя Расіі тэрмінова знайсці лекі ад старэння. Ведамства яшчэ ў пачатку чэрвеня разаслала адпаведную дырэктыву ў многія расійскія навукова-даследчыя інстытуты (НДІ), распавядаюць крыніцы, якія бачылі тэкст дырэктывы.

Паводле загаду Мінздароўя, расійскія НДІ павінны хутка паказаць усе эксперыментальныя напрацоўкі, якія здольныя:

  1. Зніжаць цяжар ці купіраваць ускладненні ад старэння клетак (паспяхова змагацца з такімі захворваннямі, як саркапенія, старэчая астэнія, астэапароз і іншыя).
  2. Папярэджваць кагнітыўныя і сэнсарныя парушэнні.
  3. Карэктаваць імунную сістэму «на аснове выяўленых у ёй крытычных паказчыкаў старэння».
  4. Ажыццяўляць «біядрукаванне новых органаў».

Тое, што дырэктыва сапраўдная, пацвердзілі некалькі медыцынскіх спецыялістаў, якія працуюць у навукова-даследчых медыцынскіх цэнтраў, а таксама супрацоўнік аднаго з акадэмічных інстытутаў. Хуткасць і настойлівасць, з якой Мінздароўя запатрабавала ад навукоўцаў прадаставіць напрацоўкі, уразіла спецыялістаў, пішуць «Медуза» і «Сістэма».

«Нас прасілі тэрмінова даслаць усе нашы распрацоўкі, прычым ліст прыйшоў, скажам так, сёння, а адправіць усё трэба было яшчэ ўчора. Упершыню ў жыцці я з такім сутыкаюся, бо звычайна падобнаму папярэднічае шэраг нарад з удзелам розных спецыялістаў, нейкае публічнае абмеркаванне», — дзеліцца супрацоўнік аднаго з расійскіх НДІ, куды прыйшла дырэктыва ад Мінздароўя.

Іншы навуковец з яшчэ аднаго НДІ таксама выразіў здзіўленне «цынічнасці такога загаду, які патрабуе кінуць усе астатнія задачы па медыцынскім аднаўленні звычайных людзей падчас вайны на карысць выратавання ад старасці гэтых старых пнёў (маюцца на ўвазе пажылыя расійскія палітыкі)».

Пракаментаваў загад і доктар адной з маскоўскіх НДІ, назваўшы дырэктыву Мінздароўя «дзівацтвамі пажылога палітбюро».

«Тэкст дакумента складзены па прынцыпе «дайце хоць што-небудзь». Самы вялікі начальнік паставіў задачу, і чыноўнікі кінуліся яе ажыццяўляць усімі магчымымі спосабамі», — мяркуе даследчык.

Паводле іншых апытаных навукоўцаў, запатрабаваныя напрацоўкі яны дагэтуль нікуды не адпраўлялі, бо адпраўляць няма чаго з прычыны велізарнай даражыні даследаванняў, асабліва падчас вайны.

Хто асноўны аўтар дырэктывы і ці ёсць шанец у Пуціна?

Як пішуць «Медуза» і «Сістэма», пошукі вакцыны ад смерці прыкрываюцца новым нацыянальным праектам урада Расіі па стварэнні айчынных перадавых лекаў, афіцыйнай мэтай якога заяўлена «зберажэнне здароўя сотняў тысяч расійскіх грамадзян». Аб праекце ў пачатку года публічна загаварыў сам Уладзімір Пуцін, паабяцаўшы першыя паспяховыя вынікі ўжо да 2030 года.

Па інфармацыі трох крыніц, блізкіх да Крамля, сапраўдная прычына з'яўлення нацпраекта — «назойлівая апантанасць, памножаная на лабізм». І асноўным лабістам ідэі з'яўляецца кіраўнік Інстытута Курчатава Міхаіл Кавальчук, якога называюць «любімым фізікам Пуціна» і прыхільнікам антынавуковых тэорый.

«Гэта Міша Кавальчук, блізкі сябар Пуціна, які апантаны ідэяй вечнага жыцця і «геномам рускага чалавека», дабег да прэзідэнта з прапановай спыніць старэнне. Кавальчук таксама кіруе федэральнай праграмай па айчынных распрацоўках у галіне генетыкі — у ёй удзельнічае і старэйшая дачка Пуціна, эндакрынолаг Марыя Варанцова», — дзеляцца крыніцы.

Нягледзячы на высокія навуковыя пасады, Кавальчук вядомы сваімі выказваннямі наконт парадаксальных тэорый, якія ідуць насуперак цвярозаму розуму, адзначаюць «Медуза» і «Сістэма». Напрыклад, той верыць у стварэнне біялагічнай зброі, накіраванай выключна на расіян.

Акрамя гэтага, Кавальчук палохаў расійскіх сенатараў «службовымі людзьмі» — мадыфікаванымі біялагічнымі рабамі, штучна створанымі ў ЗША. Прадстаўнікі гэтага падвіда, тлумачыў Кавальчук у Савеце Федэрацыі Расіі яшчэ ў 2015 годзе, валодаюць «абмежаванай свядомасцю», сілкуюцца «танным генна-мадыфікаваным кормам», размнажаюцца «пад кантролем Ракфелераў» і «разам з ЛГБТ і чайлдфры з'яўляюцца часткай задумкі эліт ЗША па сціранні нацыянальных дзяржаў і змяншэнні колькасці насельніцтва планеты».

У канспіралагічныя тэорыі Кавальчука ахвотна верыць і сам Пуцін, адзначаюць «Медуза» і «Сістэма».

Кіраўнік Курчатаўскага інстытута Міхаіл Кавальчук. Фота: Wikimedia Commons

Нават калі не звяртаць увагі на Кавальчука, шанцаў на стварэнне айчынных лекаў ад старэння ў Расіі вельмі мала, упэўненыя крыніцы з ліку экспертаў расійскіх арганізацый і кампаній па барацьбе са старэннем.

«Да пачатку вайны ў Расіі былі ўсе шанцы атрымаць значныя вынікі ў барацьбе са старэннем, а сярод самых цытуемых даследчыкаў у гэтай галіне было шмат навукоўцаў, якія працавалі ў Расіі. Цяпер з-за вайны і масавай эміграцыі спецыялістаў сітуацыя для стварэння рэвалюцыйных біятэхналагічных методык дрэнная», — адзначае крыніца, блізкая да кіраўніцтва паспяховага расійска-сінгапурскага стартапа Gero, старшынёй праўлення якога з'яўляецца беларускі IT-мільянер Юрый Мельнічак, які выступіў супраць рэжыму Лукашэнкі ў 2020-м.

Іншыя эксперты-аматары «звышдоўгага жыцця» таксама акцэнтуць увагу на катастрафічных наступствах вайны і палітыкі эліт для расійскай навукі.

«Пераадолець уласную бюракратычную машыну немагчыма, а ў Пуціна гараць тэрміны, каб паспець стварыць лекі ад старэння. Асвоіць бюджэты можна, але каму ствараць тэхналогіі? Ніхто ў Расіі не можа пахваліцца публікацыямі ў навуковым часопісе Nature па тэме старэння, бо вельмі нізкі ўзровень навукі», — заявіў былы прэзідэнт расійскага фонду «Навука за падаўжэнне жыцця» Міхаіл Бацін.

Каментары13

  • Джын
    04.09.2024
    Нана тэхналогіі ўжо засвоілі, зараз у чарговы раз распілуюць бабло ўжо на біятэхналогіях, а крамлёўскі як хадзіў у свой чамаданчык, так і будзе хадзіць. Гэта ўсё, на што спасобна расійскія навука
  • Михалон Литвин
    04.09.2024
    Могу клизмы посоветовать
  • Шляхцич Завальня
    04.09.2024
    3,14 да расия вперде

Чэргі з фур на выезд з Беларусі моцна скараціліся. Але гэта не пазітыўная навіна для вашых кашалькоў

Чэргі з фур на выезд з Беларусі моцна скараціліся. Але гэта не пазітыўная навіна для вашых кашалькоў

Усе навіны →
Усе навіны

Былога дырэктара шклозавода «Нёман» асудзілі на 12 гадоў за «дзяржздраду»1

У Магілёве адбыліся масавыя затрыманні2

Чыноўнікі прызналі неэтычнай рэкламную акцыю буйной сеткі крам. У чым справа?1

Як меркаваная перамога Трампа паўплывае на Беларусь?29

Ці можна прадаць кватэру, за якую яшчэ не выплачаны крэдыт?

У Брытаніі словам года стала слова «brat»2

У суботу і нядзелю ў Мінску моцна зменяцца маршруты грамадскага транспарту3

У Кіраўскім раёне хлопец з пнеўматычнага пісталета трапіў у вока 15-гадовай дзяўчыне

Малпы ніколі не змогуць надрукаваць усяго Шэкспіра5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Чэргі з фур на выезд з Беларусі моцна скараціліся. Але гэта не пазітыўная навіна для вашых кашалькоў

Чэргі з фур на выезд з Беларусі моцна скараціліся. Але гэта не пазітыўная навіна для вашых кашалькоў

Галоўнае
Усе навіны →