«Гэта расійская ФСБ ці беларускі КДБ прыклаў руку» — дырэктарка Віленскага цэнтра беларускай культуры пра начны выпадак
Сёння ноччу ці раніцай у Цэнтры беларускай супольнасці і культуры ў Вільні выбілі шыбы. Дырэктарка ўстановы Людвіка Кардзіс расказала Свабодзе пра падрабязнасці інцыдэнту.
Калі дакладна адбыўся інцыдэнт, Людвіка не ведае, пакуль што адлік здарэння яна вядзе ад моманту, калі заўважылі наступствы інцыдэнту.
«Было 9:45, калі на працу прыйшла наша супрацоўніца Марына, якая першай убачыла, што шыбы двух вокнаў, якія выходзяць у двор, пабітыя. Адно акно — пакоя, які мы завём бібліятэкай, побач з ім стаіць піяніна. Другое акно выходзіць у калідор. Шыбы там дубальтовыя, пабілі толькі вонкавыя. Ніхто не пацярпеў, унутры памяшканняў аскепкаў няма. Небяспекі для наведнікаў няма.
Чым дакладна пабілі шыбы, сказаць пакуль не можам. Бо камянёў ці нечага іншага ў вокнах не знайшлі, трэба шукаць унізе. Спадзяемся, паліцыя ўсё высветліць. Паліцыянты сказалі, што адразу пачынаюць шукаць вакол нашага будынка тыя відэакамеры, на якіх можа быць запісана, як нам б’юць вокны. Як знойдуць такі запіс ці сведак, тады і будзем ведаць, калі гэта адбылося. Шыбы на іх просьбу мы пакуль не чапаем», — расказала Людвіка Кардзіс.
Што да матываў інцыдэнту, дырэктарка Цэнтра перакананая, што ён стаіць у тым жа шэрагу, што і напад на краму «Кропка», які адбыўся ўлетку.
«Версія ў мяне адна — што гэта расійская ФСБ ці беларускі КДБ прыклаў руку. Хочуць пасварыць беларусаў з літоўскай грамадскасцю, паказаць, што нібыта паміж імі ёсць нейкай напружанасць. Хаця насамрэч яе няма. Я даўно жыву ў Вільні, тут вельмі талерантнае грамадства, і я ведаю, што нічога з гэтых правакацый не атрымаецца.
А мы не займаемся палітыкай, мы займаемся развіццём культуры, сувязямі народаў. Вось і цяпер мы рыхтуемся да Тыдня беларускай культуры, які пачнецца празь некалькі дзён. Усё будзе добра, мы пераможам!» — пракаментавала інцыдэнт Людвіка Кардзіс.
***
- Цэнтр беларускай супольнасці і культуры ў Вільні — некамерцыйная арганізацыя беларусаў Літвы, якая стварае прастору для беларускіх праектаў і ініцыятываў.
- Беларускі цэнтр культуры таксама аказвае псіхалагічную дапамогу беларусам, якія пацярпелі ад рэпрэсій.
- На базе Цэнтра працуе беларуская нядзельная школа, дзе кожныя выходныя праводзяцца 15 заняткаў для беларускіх дзяцей і падлеткаў.
- У гэтым жа будынку знаходзіцца Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча.
Каментары
Няхай падпішацца на Фэйсбук літоўскага блогера Жыльвінаса Світоюса (Žilvinas Svitojus) і пачытае, што там літоўцы пішуць пра беларусаў.
«Версія ў мяне адна — што гэта расійскі ФСБ ці беларускі КДБ прыклаў руку» - тое самае гаварылі зрынутыя кіраўнікі хаба Лапко і Гліннік.
Усе неяк пагаманілі, але НІХТО рэальна не заступіўся за тую арганізацыю, ні Латушка, што жыве ў Польшчы, ні Ціханоўская, якая пастаянна наведвала той хаб, а як праблема, то ўсе галаву ў пясок, нібы само рассасецца ці польскія ўлады вырашаць праблему за іх, разбяруцца. Так і тут усе будуць чакаць, што там на камерах паліцыя ўбачыць.
Пытанне тады нахалеры гэтыя ўсе беларускія дэмакратычныя лідары, калі яны не хочуць вырашаць складаныя пытанні з ФСБ/КДБ, а ўсё чакаюць, што нехта разбярэцца, ці польская паліцыя ці літоўская.
Калі не даваць па руках бульбам у Варшаве, то выплывае такое ў Вільні, потым чакайце ў Празе. Не ўмееце бараніць сябе і сваіх хаўруснікаў, будуць вас саміх увесь час біць.