Экасцежку на самым вялікім востраве Беларусі адкрыюць у канцы месяца
Экасцежку на самым вялікім востраве Беларусі адкрыюць у канцы верасня. Яе працягласць складае 5 км, расказаў дырэктар заказніка «Асвейскі» Ігар Раманюк.
«Саму сцежку мы стварылі. Ідзе ўладкаванне самой сцежкі, будаўніцтва масткоў, устаноўка знакаў. Будзе 5-кіламетровая сцежка па востраве Ду. Дзякуючы ёй і дзякуючы змененай лагістыцы з гэтай сцежкай мы ў перспектыве можам павялічыць паток турыстаў мінімум на 30—40%. Сцежка будзе адкрывацца ў канцы верасня», — сказаў ён.
Па словах Раманюка, галоўным маршрутам у заказніку з'яўляецца «Асвейскі круіз» з наведваннем бязлюднага вострава Ду — самага вялікага ў Беларусі. Заказнік сёлета атрымаў яшчэ адзін катар на 11 месцаў. Цяпер ён можа арганізаваць круіз з наведваннем выспы для групы да 18 чалавек. У наступным годзе заказнік разлічвае атрымаць яшчэ адзін катар на 12 чалавек. Турпаток у заказніку вырас у гэтым годзе вырас у 3,5 раза.
Таксама на беразе Асвейскага возера заканчваецца ўзвядзенне трох глэмпаў (кемпінгаў павышанай камфортнасці).
Востраў Ду з'яўляецца самым вялікім востравам у Беларусі. Яго плошча — каля 5 кв. км. Раней на ім размяшчалася вёска Востраў. Аднак цяпер ён незаселены.
Каментары