Дзеці шпіёнаў Дульцавых толькі пры абмене даведаліся, што яны расіяне, а не аргенцінцы
Разам з дарослымі шпіёнамі ў Расію вярнуліся і двое дзяцей. Расказваем гісторыю, якая можа стаць асновай для захапляльнага фільма ці шпіёнскага рамана.
Маладая пара грамадзян Аргенціны з дваімі дзецьмі ціха жыве ў прыгарадзе сталіцы Славеніі Любляны. Бацька Людвіг Гіш кожны дзень на веласіпедзе ездзіць у свой IT-стартап, які размяшчаецца ў непрывабным будынку на ўскраіне горада і аказвае паслугі воблачнага хостынгу. Жонка Марыя Маер-Муньяс кіруе мастацкай анлайн-галерэяй. У пары двое дзяцей, якія наведваюць Брытанскую міжнародную школу.
Як піша The Wall Street Journal, сям'я заўсёды своечасова плаціць падаткі і ніколі не атрымлівае штрафу за паркоўку. Адна з суседак потым скажа, што маці была непрыметнай «шэрай мышкай». А знаёмы фатограф адзначыць, што жанчына заўсёды была ў добрым настроі.
Бацькі з сябрамі і калегамі размаўляюць на англійскай і нямецкай, з дзецьмі — на іспанскай. Пры гэтым, як заўважыла іншая суседка, з якой размаўлялі журналісты выдання, іспанская ў іх без акцэнту. Яна назаве іх «мілымі людзьмі», якія ні якім чынам не могуць быць шпіёнамі. Па словах жанчыны, абвінавачванне — выдумка СМІ.
Маладыя людзі ажаніліся ў Аргенціне, куды прыехалі па турыстычных візах у 2012 годзе. Ён — з Уругвая, яна — з Мексікі. Пазней следства высветліць, што сведкі на іх вяселлі назвалі выдуманыя імёны. Муж і жонка па падробленых дакументах хутка атрымалі грамадзянства.
У 2013 годзе ў пары нарадзілася дачка Сафі, а ў жніўні 2015 года — сын Даніэль.
У 2017 годзе сям'я пераязджае ў Славенію. Пражыўшы ў краіне пяць гадоў, ні муж, ні жонка не пачалі размаўляць на славенскай, тлумачачы тым, што мова надта цяжкая для вымаўлення. Пазней следчыя выкажуць здагадку, што насамрэч сужэнцы хваляваліся, што пры размове на славенскай будзе заўважны іх рускі акцэнт.
Усё было спакойна да пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны. Але пасля расійская шпіёнская сетка ў Еўропе актывізавалася. Спецслужбы Славеніі атрымалі інфармацыю аб «нармальнай і ціхай» сямейнай пары, якая пражывае ў ціхім прыгарадзе Любляны.
Супрацоўнікі міграцыйнай службы ў Буэнас-Айрасе на запыт калег праверылі адбіткі пальцаў мужа і жонкі, якія яны здавалі пры падачы дакументаў на атрыманне грамадзянства, праз базу Інтэрпала. Высветлілася, што яны належаць Арцёму і Ганне Дульцавым. Мужчына нарадзіўся ў Башкартастане і з'яўляецца афіцэрам Службы знешняй разведкі Расіі. Жанчына — высокапастаўлены афіцэр з Ніжняга Ноўгарада.
Падчас ператрусу ў іх доме ў сакрэтным адсеку былі знойдзены сотні тысяч еўра, а на камп'ютарах выяўлена праграмнае забеспячэнне, якое настолькі зашыфраванае, што разведка ЗША так і не здолела ўзламаць код. Як сцвярджаюць следчыя, сямейная пара падчас сваіх паездак па Еўропе перадавала заказы і грошы з Масквы крыніцам інфармацыі.
А што ж дзеці? Ці ведалі яны, кім насамрэч з'яўляюцца іх бацькі? Адназначнага адказу на гэта пытанне няма. Але ніякіх сведчанняў таго, што дзеці хоць на нейкім узроўні валодалі рускай мовай.
Следчыя гавораць, што бацькі папярэджвалі сваіх дзяцей, што аднойчы іх могуць арыштаваць. У выніку так і адбылося.
Можна толькі здагадвацца, што перажылі дзеці, калі 5 снежня 2022 года сярод ночы ў іх дом, пераскочыўшы праз плот, уварваліся паліцэйскія ў масках і спецыяльнай экіпіроўцы.
Пасля затрымання бацькоў хлопчыка і дзяўчынку аддалі ў прыёмную сям'ю і перавялі ў іншую школу, але яны мелі магчымасць наведваць бацькоў, якія знаходзіліся пад арыштам.
Як піша Le Nacion, за час, што дзеці знаходзіліся ў прыёмнай сям'і, ні адзін з прамых родзічаў сям'і не цікавіўся ва ўладаў ні Аргенціны, ні Славеніі становішчам непаўнагадовых і не прасіў улады пра апеку. Прычына зразумелая — тым самым давялося б ускосна прызнаць, што бацькі насамрэч расійскія шпіёны. А ні Арцём, ні Ганна Дульцавы не давалі ніякіх паказанняў, і настойвалі, што яны аргенцінцы.
Цяпер праз паўтара года сям'я ўз'ядналася і будзе жыць у Расіі. Невядома, як хутка змогуць адаптавацца дзеці да новай рэальнасці.
Каментары
Сюжет прям списан с сериала