Тры дні не сціхаў народны пратэст у невялікім башкірскім горадзе Баймак. Людзі паўсталі ў абарону мясцовага актывіста. Але прычыны маюць значна шырэйшы грунт і з'яўляюцца сведчаннем працэсаў, якія могуць мець негатыўныя наступствы для цэласнасці Расіі.
Трохі гісторыі Башкартастану
Гісторыя Башкартастану пачынаецца ў 1 тысячагоддзі, калі на Паўднёвым Урале адбылося аб'яднанне старажытнабашкірскіх плямёнаў у народ башкорт. Аб існаванні ў башкір сваёй краіны пісаў яшчэ ў 12 стагоддзі арабскі географ Аль-Ідрысі.
Башкіры добраахвотна далучыліся да Маскоўскай дзяржавы за часамі Івана Жахлівага, пакінуўшы за сабой поўнае права на карыстанне сваёй зямлёй, сваю адміністрацыю і рэлігію. Пасля прыходу Раманавых Масква пачынае парушаць дамоўленасці. Актыўная палітыка каланізацыі прывяла да шэрагу маштабных народных рухаў у 18 стагоддзі, у тым ліку паўстання 1735-1740 гадоў, у якім загінуў кожны чацвёрты башкір. У паўстанні Пугачова (1773-1775 гг.) прымаў удзел Салават Юлаеў — нацыянальны герой Башкірыі.
У 1917 годзе была абвешчана нацыянальна-тэрытарыяльная аўтаномія — Башкурдыстан, які выступіў на баку «белых» у грамадзянскай вайне. У 1919 годзе башкірскі ўрад перайшоў на бок саветаў. Была ўтворана Башкірская АССР. У 1922 годзе тэрыторыю рэспублікі пашырылі.
У кастрычніку 1990 года была абвешчана дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце, а ў снежні 1993 года — прынята канстытуцыя Рэспублікі Башкартастан. У 1990-х гадах яна мела значны суверэнітэт і эканамічную самастойнасць.
Тэрыторыю Башкартастану па плошчы можна параўнаць з Таджыкістанам або Бангладэш. Насельніцтва рэспублікі — каля 4 мільёнаў чалавек. Паводле перапісу-2020, рускія складаюць амаль 37%, башкіры — 31%, татары — 24%.
Рэспубліка займае першае месца сярод рэгіёнаў Расіі па аб'ёме нафтаперапрацоўкі.
Хто такі Фаіль Алсынаў
Фаіль Алсынаў — адзін з вядомых грамадскіх дзеячаў Башкартастану. Ён быў першым намеснікам старшыні Башкірскага нацыянальнага руху. Пасля расколу ў ім у 2014 годзе стаў фактычным лідарам новай грамадскай арганізацыі «Башкорт». Алсынаў добра валодае башкірскай мовай, добры аратар, гаворыць простай мовай, яго прамовы даходзяць практычна да кожнага чалавека.
Да забароны ў 2020-м «Башкорт» па ўсёй рэспубліцы мела 18 філіялаў, каля 60 тысяч падпісчыкаў у групе «УКантакце». Арганізацыя займалася многімі справамі, у тым ліку рашэннем жыццёвых праблем: дарогамі, барацьбой з незаконным гандлем алкаголем. «Башкорт» спрабаваў уплываць на мясцовых старастаў вёсак, аулаў, на мясцовае начальства, актыўна ўмешваўся ў дзейнасць па незаконнай здабычы карысных выкапняў, перш за ўсё гэта радовішчы золата, медзі, цынку.
На адным са сходаў, дзе выступаў Фаіль Алсынаў, людзі явачным парадкам узялі і пераабралі кіраўніка мясцовага сельсавета і ўсіх дэпутатаў. Пракуратура гэта не прызнала, паспрабавала завесці справу аб самаўпраўнасці, але прэцэдэнт быў створаны.
У рэспубліцы ідзе варварская распрацоўка карысных выкапняў. Канфлікты наконт планаў уладаў на распрацоўку шыханаў (адзінкавых гор-астанцаў, якія ўяўляюць сабой выхад на паверхню рэшткаў рыфаў Пермскага мора) пачаліся ў 2007 годзе. У 2014 годзе Алсынаў стаў адным з арганізатараў і ўдзельнікаў пратэстаў на шыхане Тратау ў яго абарону ад здабычы рэсурсаў. У выніку людзям удалося адстаяць шыхан.
У 2020 годзе ў рэспубліцы пачаўся рух за захаванне шыхана Куштау, які хацелі аддаць пад распрацоўку «Башкірскай содавай кампаніі». Каля яго падножжа актывісты разбілі намётавы лагер, які затым разграміла паліцыя. Але Куштау пазней атрымаў статус асабліва ахоўнай прыроднай тэрыторыі.
Пасля такога поспеху ў 2020 годзе Фаіль Алсынаў ператварыўся з башкірскага нацыянальнага ў агульнарэспубліканскага лідара.
Сутнасць абвінавачання
У красавіку 2023 года Фаіль Алсынаў браў удзел у пратэстах у адным з сёлаў Баймакскага раёну за абарону земляў Башкірскага Заўралля ад здабычы карысных выкапняў. У сваёй прамове ён казаў аб неабходнасці башкіраў абараняць зямлю, на якой яны пражываюць стагоддзямі. Выступленне было на башкірскай мове.
Крымінальная справа супраць актывіста была заведзеная пасля звароту кіраўніка Башкартастану Радзія Хабірава, прызначанага ў рэспубліку ў 2018 годзе.
Па версіі следства, у сваёй прамове Алсынаў негатыўна ацаніў групу асоб каўказскіх нацыянальнасцяў і нацыянальнасцяў Сярэдняй Азіі. Акрамя таго, лічаць следчыя, гаворка змяшчала «прыніжэнне чалавечай годнасці» ўсіх пералічаных.
Па словах адваката Алсынава, абвінавачанне будавалася на тым, што ён ужыў выраз «кара халык». Літаральна гэта перакладаецца як «чорны народ», аднак у сучасных цюркскіх мовах выкарыстоўваецца для абазначэння «простых людзей», «простага народа».
За дзень да вынясення прысуду Алсынаў быў унесены ў спіс «экстрэмістаў і тэрарыстаў».
17 студзеня Баймацкі раённы суд у Башкартастане прыгаварыў Фаіля Алсынава да чатырох гадоў калоніі агульнага рэжыму па справе аб «ўзбуджэнні нянавісці або варожасці».
Адразу пасля абвяшчэння прысуду Алсынаву ў Башкартастане працягнуліся масавыя пратэсты, якія пачаліся 15 студзеня. Адбыліся сутыкненні пратэстоўцаў з паліцыяй. Супраць іх ужылі светлашумавыя гранаты і слезацечны газ.
У чым сапраўдная прычына пратэстаў
Расейскі палітолаг Дзмітрый Арэшкін лічыць, што галоўная прычына пратэстаў — не абарона асобнага актывіста, а агульная незадаволенасць у рэгіёне палітыкай Масквы, у прыватнасці, стратамі на вайне супраць Украіны.
Ён праводзіць паралелі з сярэдзінай 1980-х гадоў, калі сацыяльныя пратэсты знаходзілі для сябе экзатычную форму экалагічных рухаў (ахова Байкала, абарона Арала). Таму што экалагічны пратэст не быў палітычным, адпаведна, за яго не маглі пасадзіць. Гэта была такая сублімацыя палітычнага пратэсту.
Другая прычына — пуцінская палітыка, якая прыводзіць да актывізацыі нацыянальных рухаў.
«Пуцін, пачаўшы вайну, здзейсніўшы злачынства і палітычную памылку, паставіў Расію на мяжу наступнага тэрытарыяльнага расколу. Мы проста бачым першыя крокі ў гэтым напрамку», — адзначае Арэшкін.
З ім згодны палітолаг Абас Галямаў. На яго погляд, гэта пратэст нацыяналістычны: «У аснове яго ляжыць незадаволенасць Масквой. Па сваім патэнцыяле гэта пратэст сепаратысцкі, падобны да тых, што ў канцы 1980-х — пачатку 1990-х развальвалі Савецкі Саюз».
Важнай асаблівасцю гэтага пратэсту з'яўляецца тое, што ён мае антываенны характар. Так званая «СВА» ў нацыянальных рэгіёнах Расіі ўспрымаецца негатыўна:
«Гэтыя людзі глядзяць на палітыку праз прызму нацыянальных адносін. Для іх гэта не напад Расіі на Украіну, а хутчэй рускіх на ўкраінцаў. Гэта значыць этнічная вайна. І ў гэтай сітуацыі ўзнікае пытанне: «А нам, башкірам, што там рабіць?». Рускія спрабуюць задушыць украінцаў і яшчэ раз паказваюць сваю імперскасць».
Башкіры пакуль не дэкларуюць нелаяльнасць у адносінах да Пуціна асабіста, але ўжо крычаць «Хабірава ў адстаўку», у якім бачаць правадыра маскоўскага імперскага курсу. А ў сацсетках пачалі заклікаць сваіх землякоў, якія знаходзяцца ва Украіне, пакідаць пазіцыі і вяртацца на радзіму.
Чытайце яшчэ:
Тысячы башкіраў сабраліся каля суда падтрымаць свайго нацыянальнага актывіста
У Башкартастане вайскоўцу далі пяць гадоў турмы за адмову ваяваць ва Украіне
-
У інтэрнэт злілі канфідэнцыйнае дасье на найбольш верагоднага кіраўніка Дзярждэпа пры Трампе. Чаго чакаць Беларусі?
-
Журналісты назвалі імёны імаверных забойцаў лётчыка-перабежчыка Максіма Кузьмінава
-
ТАСС апісала, як людзі з Курскай вобласці вяртаюцца ў разрабаваныя УСУ дамы. Але ў тым горадзе стаяла толькі расійская армія
Каментары