Грамадства44

Новая зорка прапаганды кажа, што ўцёк з Польшчы праз рэпрэсіі. Але ён аказаўся махляром з пазыкамі на $370 тысяч

Італьянец Давідэ Карбанара актыўна раздае інтэрв'ю дзяржаўным СМІ. Але ён уцёк з Польшчы не праз палітычны пераслед, а ад пагрозы сесці на 20 гадоў, высветліў «Белсат».

Давідэ Карбанара. Фота: DavideCarbonar2 / X.com

У беларускіх дзяржаўных медыяў новая зорка прапаганды — 48-гадовы грамадзянін Італіі Давідэ Карбанара. Ён ужо даў інтэрв’ю Людміле Гладкай з «СБ» і былому польскаму суддзі Томашу Шміту, які працуе ў БелТА.

Карбанара паўтарае звыклыя штампы пра тое, што ў Польшчы не працуе закон, праваахоўныя органы — «рэпрэсіўная машына», што свабоды слова няма, што сапраўдныя гаспадары краіны — амерыканцы, а беларусам вельмі пашчасціла з Аляксандрам Лукашэнкам.

ДзяржСМІ сцвярджаюць, што Карбанара ўцёк у Беларусі нібыта ад «сацыяльнай смерці», на якую яго асудзілі польскія ўлады. Але выявілася, што Карбанара — махляр з вялікімі даўгамі. 

Карбанара расказвае пра сябе, што ён нараджэнец Мілана, у Польшчу пераехаў 20 гадоў таму, каб узначаліць тамтэйшую філію італьянскай фірмы, у якой ён працаваў. Так і застаўся, пабраўшыся шлюбам з полькаю, выхоўваў дзвюх дачок.

Потым заснаваў сваю кампанію, аднак яна зазнала страты, не даўшы рады ў пандэмію ковіду, і тады да яго з’явіліся прэтэнзіі ў пракуратуры. Паводле апавядальніка, следства супраць яго пачалося на пустым месцы, і ён не раскрыў, у чым менавіта яго западозрылі.

Затое Карбанара ахвотна расказвае, што ў яго на два гады забралі пашпарт, і гэты час ён называе сацыяльнай смерцю:

«Цягам двух гадоў яны вялі разбіранне, амаль не даючы аніякай інфармацыі. Яны не інфармавалі мяне аб якім-кольвек прагрэсе. Амаль два гады яны проста сядзелі і нічога не рабілі, аднак за гэтыя два гады яны забралі ў мяне пашпарт, пазбавілі мяне магчымасці нармальна працаваць у Польшчы. Я быў асуджаны практычна да сацыяльнай смерці, я не мог быць застрахаваны, яны нават адмовіліся даць мне пашпарт для галасавання на еўрапейскіх выбарах».

Урэшце пашпарт яму вярнулі, справа да суда не дайшла. Аднак, як сцвярджае Карбанара, з нейкай прычыны з яго пачалі патрабаваць грошы:

«Разбор супраць мяне ў апошнія шэсць месяцаў набыў палітычны характар. І яны выразна сказалі, што я мушу заплаціць за сваю свабоду да 15 верасня. Патрабавалі больш за 80 тысячаў злотых за магчымасць застацца на волі. Штосьці ў выглядзе закладу».

Паводле слоў італьянца, яму пагражалі, што, калі ён не заплаціць, пракуратура папросіць суд аб папярэднім арышце:

«У той момант я зразумеў: у мяне амаль няма шанцаў абараніць сябе і сваю сям’ю ад таго, што яны хацелі са мною зрабіць. І гэта было галоўнай прычынай, чаму я пастанавіў з’ехаць».

У Беларусі ён апынуўся 13 верасня. Мужчына быў у Мілане, адтуль паляцеў у Баку і затым у Мінск.

«Паколькі ўсе захады стрымання ў дачыненні мяне былі знятыя, я мог прыехаць у Беларусь цалкам легальна. У сувязі з тым што я ўпершыню ў Беларусі, службоўцы, работнікі міграцыйнай службы вельмі пільна, але з вялікай асабістай культурай правялі са мною сумоўе», — згадвае Карбанара.

Ён плануе прасіць палітычнага прытулку, бо настойвае, што пацярпеў праз сваю журналісцкую дзейнасць. Мужчына кажа, што супрацоўнічаў з праектам «Wbrew Cenzurze» («Супраць цэнзуры») і выданнем «Myśl Polska».

«Wbrew Cenzurze» — YouTube-канал з 24 тысячамі падпісчыкаў. Сярод відэа там інтэрв’ю з ідэолагам «рускага свету» Аляксандрам Дугіным (з ім размаўлялі ажно двойчы), спікеркай МЗС Расеі Марыяй Захаравай, з Томашам Шмітам, прапагандыстам Аляксеем Дзермантам.

Што датычыць «Myśl Polska», то рэдактар выдання Пшэмыслаў Пяста заявіў, што Карбанара ніколі там не працаваў:

«Давідэ Карбанара не ёсць і не быў публіцыстам аніводнага з нашых медыяў. Спасылка на гэтага спадара як на нашага журналіста разглядаецца як увядзенне ў падман і як дзеянне ў шкоду «Myśl Polska», іміджу выдання і супольнасці, звязанай з ім».

У Гладкай знайшлося тлумачэнне таго, што ад «публіцыста» цяпер адхрышчваюцца: «Пагаворваюць, што да іх прыйшлі польскія спецслужбы ў рэдакцыю, і пасля гэтага пачаліся нейкія дзівацтвы».

Давідэ Карбанара падчас інтэрв'ю Людміле Гладкай. Скрыншот відэа

Як высветліў «Белсат», у Польшчы Карбанара назбіраў цэлы букет справаў. Напрыклад, у 2020 годзе яго абвінавацілі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў.

«Механізм злачынства палягаў на набыцці харчоў у Польшчы, дэклараванні фіктыўных продажаў кампаніі Давідэ К., што працавала ў Італіі, і фактычным продажы тавараў польскім кампаніям з ужываннем нулявой стаўкі ПДВ, што выкарыстоўваецца ў ЕЗ пры пастаўках унутры звязу. Хаця насамрэч тавары ніколі не пакідалі Польшчу», — паведамілі тэлеканалу ў акруговай пракуратуры гораду Лодзі.

Такая схема пазбавіла бюджэт Польшчы падаткаў амаль на 7 млн злотых (у пераліку $ 1,7 млн).

Тады ж Карбанара абвінавацілі ў махлярстве: ён атрымаў аванс за тавары, што ў выніку не былі пастаўленыя.

У пракуратуры кажуць, што мужчына прызнаў віну і раскрыў следству ўсе акалічнасці злачыннай схемы, прыдуманай ім самім і ягонымі саўдзельнікамі. Польская «рэпрэсіўная машына» настолькі жорсткая, што ўсе фігуранты справы да суда былі на волі.

Вырак стаў вядомы ў кастрычніку 2021 года:

«Давідэ К. быў асуджаны на 1,5 года пазбаўлення волі ўмоўна з выпрабавальным тэрмінам 3 гады. Вырак ён не абскарджваў».

У акруговай пракуратуры Лодзі таксама паведамілі, што яшчэ ў 2013 годзе Карбанара быў пад следствам у горадзе Пётркаве-Трыбунальскім, разбіранне супраць яго вялі пракуратуры ў Груйцы, Мельцы і Варшаве.

І найменей адна крымінальная справа супраць «палітуцекача» не закрытая.

«Крымінальная справа паводле артыкула «Махлярства» была заведзеная пасля паведамлення адной ахвяры. Да гэтай справы далучылі яшчэ чатыры, што былі заведзеныя на падставе заяваў дваццаці іншых ахвяраў».

З паведамлення пракуратуры зразумела, што за грошы патрабавалі ад Карбанара за свабоду. Гэта маёмасная парука, якую можна ўнесці, каб на час следства не сядзець за кратамі. Агулам абвінавачанаму налічылі 85 тысячаў злотых (каля $ 21 тысячы). У выніку фігуранта адпусцілі, забраўшы ў яго пашпарт.

«У ліпені 2024 года падазраваны падаў хадайніцтва аб скасаванні меры стрымання ў выглядзе забароны на выезд і ўтрымання пашпарту. У хадайніцтве, да якога дадаў пасведчанне аб смерці, ён паказаў, што з увагі на смерць бацькі ён мае заняцца арганізацыяй пахавання і пытаннямі спадчыны. Паколькі падазраваны рэгулярна з’яўляўся для нагляду, гэтая мера была скасаваная», — праінфармавалі ў акруговай пракуратуры Варшавы.

Так Карбанара апынуўся ў Італіі, адкуль і ўцёк у Беларусь. Праз гэта 1 кастрычніка справу прыпынілі. Цяпер «палітэмігранта» абвесцяць у міжнародны вышук:

«Справа не завершаная. Будзе абвешчаны нацыянальны і міжнародны вышук. Падазраванаму пагражае пакаранне да 20 гадоў пазбаўлення волі».

«Ён майстар красамоўства і маніпуляцыі», — кажа пра Карбанара лодзінскі ЛГБТ-актывіст, старшыня арганізацыі «Stowarzyszenie Tęczowi Społecznicy» Мар’юш Лаўнік. Яны пазнаёміліся, калі Карбанара сам напісаў яму ў Facebook. У тыя часы італьянец служыў у Евангелісцка-метадысцкай царкве ў Лодзі.

Дыскусія паміж актывістам Мар'юшам Лаўнікам і Давідэ Карбанара пра стаўленне царквы да сексуальных меншасцяў. 22 жніўня 2020 года. Скрыншот відэа

«Ён сказаў, што хацеў бы супрацоўнічаць, бо хоча падтрымаць ЛГБТ-супольнасць. Пасля шматлікіх размоваў я стаў яму давяраць. Ён прыцягнуў маю ўвагу тым, што ахвяраваў багата грошай нашай асацыяцыі і нашаму хостэлу для бяздомных», — расказаў «Белсату» Лаўнік.

Аднак пазней высветлілася, што аніякай прыязнасці да правоў меншасцяў у Карбанара няма:

«Мне ў галаву не прыходзіла, што ён плаціць мне за кантакты. Ён ставіўся да нашай асацыяцыі і да мяне асабіста як да пропуску да дэпутатаў, сенатараў, суддзяў, палітыкаў, і праз некаторы час некаторыя з іх сказалі мне: ты ведаеш, што твой пастар прыйшоў да мяне і спытаў, ці хочам мы ўкласці паўмільёна ў ягоныя кампаніі? І такіх людзей было шмат».

Лаўнік сцвярджае, што святар лёгка ўваходзіў у давер і пазычаў у людзей буйныя сумы:

«Мне тэлефанавалі адвакаты, тэлефанавалі розныя людзі. Аказалася, што ў ягонай кампаніі або кампаніях нешта адбывалася, што абумовіла неабходнасць збору сродкаў. І гэтыя сродкі ён атрымліваў ад людзей. Мне тэлефанавалі некалькі сем'яў, з якіх ён здабыў па 100 тысячаў, па 200 тысячаў злотых». 

Паводле слоў суразмоўцы, італьянец умее стварыць вакол сябе «аўру міласці», «ён такі нібыта мілы, такі лёгкі, лагодны, пазітыўны».

«Цяпер раптам высветлілася, што гэтая асоба нібыта зазнала палітычны пераслед у Польшчы. Гэта глупства, поўная хлусня! У палітычным плане ён выдатна ўмеў ствараць вакол сябе добрае асяроддзе. Ніякіх палітычных нападаў у Польшчы на яго не было. Ні ў якім разе, ні ў якім выпадку, нічога падобнага. І я магу паклясціся ў судзе, паклаўшы руку на Біблію, што не было такой сітуацыі», — сцвярджае актывіст.

Лаўнік таксама згадаў, як Карбанара браў удзел у акцыі салідарнасці з Беларуссю пад бел-чырвона-белымі сцягамі. Тая дэманстрацыя адбылася ў Лодзі ў 2020 годзе:

«Мы разам былі на дэманстрацыі ў абарону незалежнай, суверэннай і дэмакратычнай Беларусі. Які ж Карбанара цынік…»

Давідэ Карбанара прамаўляе на акцыі салідарнасці з Беларуссю. Лодзь, Польшча. 31 жніўня 2020 года. Фота: InspektorMikolaj / Facebook

Да жніўня 2020 года італьянец служыў у Евангельска-метадысцкай царкве ў Лодзі, адтуль ён падаўся ў Евангельскую метадысцкую царкву ў Кракаве, але і там доўга не пратрымаўся. У кастрычніку 2021 года Карбанара абвінавацілі ў «злоўжыванні даверам царквы і прыватных асобаў», а таму «ён не мае права выкарыстоўваць тытул пастара і не можа аніякім чынам рэпрэзентаваць царкву». 

Суперінтэндант Евангельска-метадысцкай царквы ў Польшчы Анджэй Маліцкі адзначыў, што Карбанара ніколі не быў пастарам, а толькі быў на выпрабавальным тэрміне. Нягледзячы на гэта, той насіў каларатку, як кажа Маліцкі, каб яна дапамагала «развязваць розныя пытанні».

«На маё меркаванне, ён суперманіпулятар, які ведае, як падмануць любога. Ён рабіў уражанне асобы, якая ўмее дамагацца свайго і пры гэтым вельмі карысная ў шмат якіх сітуацыях. Я нічога не ведаю пра які-кольвек палітычны пераслед. Як мяркую, ён уцёк з Польшчы праз праблемы з законам. Я засцерагаю ўсіх ад кантактаў з гэтай асобаю», — сказаў святар.

Пастар царквы ў Кракаве Пётр Гансёроўскі назваў Карабанару махляром і адзначыў, што той ашукаў людзей на некалькі мільёнаў злотых:

«Ён наносіў шкоду і падманваў людзей, карыстаючыся, у тым ліку, сваім духоўным статусам. Хаця ён толькі рыхтаваўся да пасвячэння, ён ахвотна карыстаўся духоўным адзеннем, хлусіў і падманваў, карыстаючыся верай і даверам многіх людзей».

Гансёроўскага дапытвалі, і ад праваахоўнікаў ён даведаўся, што Карбанара грошы недзе хаваў:

«Прыдбаныя мільёны ён кудысьці ўклаў, бо не было аніякіх прыкметаў таго, што ён іх выдаткаваў на штосьці. Падобна на тое, што ён не ствараў так званую фінансавую піраміду і не вяртаў раней узятыя пазыкі».

Давідэ Карбанара падчас набажэнства ў Евангелісцка-метадысцкай царкве ў Лодзі, Польшча. 21 студзеня 2020 года. Скрыншот: Maskacjusz / YouTube

Паводле польскіх рэестраў юрыдычных асобаў, Давідэ Карбанара ў розныя часы кіраваў некалькімі кампаніямі: «Sunprof», «Tineo», «BDC Solutions».

Першыя дзве былі зліквідаваныя, а вось у трэцюю, «BDC Solutions», у чэрвені 2022 года паводле судовай пастановы быў прызначаны гэтак званы куратар. У Польшчы працуе такі інстытут: адмысловы апякун прыходзіць у фірму, калі яна не можа весці дзейнасць праз адсутнасць кіраўніка. З удзелам куратара кампаніі часам ліквідуюць.

Карбанара ўзначальваў «BDC Solutions» да студзеня 2022 года. Суўладальніца фірмы — ягоная жонка Барбара Мар’я Карбанара, і менавіта для гэтай кампаніі публіцыст-святар-прадпрымальнік прасіў грошы. Дарэчы, у інтэрв'ю прапагандыстам ён казаў, што хоча ўз'яднацца са сваёй сям'ёю, таму нельга выключаць, што ў Мінску будуць вітаць і сваякоў «палітычнага ўцекача».

Дамова пазыкі на 30 тысячаў злотых, падпісаная Давідэ Карбанара. Фота: Белсат

«Белсат» атрымаў копіі некалькіх дакументаў ад ахвяраў новага штыха беларускай прапаганды. Вынікае, што ў адным выпадку Карбанара пазычыў 30 тысячаў злотых (у пераліку каля $7,5 тысяч) і абяцаў вярнуць з адсоткамі: 3 тысячы зверху.

У іншай асобы Карбанара папрасіў 50 тысячаў злотых (каля $12,5 тысяч), сказаўшы, што хоча набыць нейкія нямецкія тавары, і паабяцаўшы вярнуць на 10 % болей.

Акрамя таго, згодна з судовай пастановай кампанія «BDC Solutions» і Давідэ Карбанара мусяць вярнуць 22 тысячы злотых пазыкі з адсоткамі і амаль 5 тысячаў злотых судовых выдаткаў. Вырак быў вынесены завочна.

Вырак суда ў Лодзі, што абавязвае Давідэ Карбанара вярнуць пазыку. Фота: Белсат

Колькі агулам вінен Карбанара, дакладна не вядома. На сайце dlugi.info знайшлося чатыры аўкцыёны, дзе выстаўленыя ягоныя абавязанні на суму больш за 1,5 млн злотых (каля $370 тысячаў).

Гэтая схема працуе так: пазыку можна апублікаваць на партале, любы ахвочы можа яе выкупіць, а потым патрабаваць гэтыя грошы з даўжніка. Выгада ў тым, што пазыку, напрыклад, на $1 000 можна выкупіць за $800, а з даўжніка вытрасці ўсю суму — у нашым прыкладзе $1 000, а $200 пакласці сабе ў кішэню. Гэты прыбытак можа быць і большым, усё залежыць ад таго, на якую зніжку пагодзіцца прадавец пазыкі. Такая працэдура цалкам легальная ў Польшчы.

Адзінае, што на сайце не публікуюць абсалютна ўсе пазыкі, гэта ўсё на ўласнае жаданне, таму агульная запазычанасць Карбанара можа быць істотна вышэйшай.

У Facebook маецца суполка ашуканых польскім італьянцам, у ёй 145 удзельнікаў.

«Давідэ вам расказваў, што яму блага, што ён чакае лекавання, што ў яго памёр блізкі чалавек ці што ён чакае грошай? Нам таксама!» — пішуць пацярпелыя.

Тэлеканал звярнуўся да Карбанара па каментар, але ён не адказаў.

Каментары4

  • Acab
    09.11.2024
    О ласкавае цялё, спярша ссала з эўракалгасу пад вершаспеў пра эль ге БТ. Цяпер з Крухмалакалгасу пад апавяданьні пра вусьцішны Захад.

    Ну і дасьледаваньне незалежнага Белсату пра бюджэтаваньне якога пікэтаваў сам дзядуля Зэ датычна ганячага ўладу рабочых і сялян перабежчыка ў БССР асабліва цымуснае ў барацьбе плазуноў. Цяпер незалежнае мэдыя прабюджэтуюць.
  • Ботам
    09.11.2024
    Acab, Вяршыня крывога перакладу расійскага бота зноў заступіла на змену пад нікам acab. Памяняй нік на "вырві вока".
  • Историк
    09.11.2024
    лукашенка притягивает к себе таких же мошенников и подонков всех мастей со всего Мира.

Мінчанка пакінула станоўчы водгук на сумку — і раптам выкрыла здраду чужога мужа20

Мінчанка пакінула станоўчы водгук на сумку — і раптам выкрыла здраду чужога мужа

Усе навіны →
Усе навіны

Як у школьныя электронныя дзённікі трапіла рэклама піва? З'явілася тлумачэнне3

Манашак Свята-Елісавецінскага манастыра прагналі яшчэ з аднаго кірмаша ў Польшчы14

У Варшаве пачынаецца суд па справе згвалтавання і забойства беларускі Лізы1

У Брытаніі ідзе суд над балгарамі, якіх падазраюць у шпіянажы на карысць Расіі

Мінздароўя ўстанавіла нормы прыёму пацыентаў

«Было адчуванне, што людзі ўжо не хочуць вайны». Аляксей Ластоўскі аб наведванні Сірыі і рэжыме Асада як меншым зле13

Азаронак заявіў, што стаў мякчэйшым, і патлумачыў, чаму здаў назад30

Ваеннае становішча ў Паўднёвай Карэі адмяняецца2

Суперсучасныя нарвежскія F-35 прыляцелі ўзмацніць абарону хаба НАТА на мяжы з Украінай1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Мінчанка пакінула станоўчы водгук на сумку — і раптам выкрыла здраду чужога мужа20

Мінчанка пакінула станоўчы водгук на сумку — і раптам выкрыла здраду чужога мужа

Галоўнае
Усе навіны →