Меркаванні5858

2025 год можа стаць для Беларусі годам перамен, якіх беларусы баяліся

Ёсць небяспека, што Захад змірыцца з тым, што Беларусь пайшла па туркменскім сцэнары, піша Даніла Луцкевіч.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Наступны год дае Лукашэнку магчымасць паспрабаваць прынамсі часткова перазагрузіць адносіны з Захадам. Паўтарэння адлігі 2015—2020 гадоў ніхто не чакае, але тым не менш, рэжым і Захад могуць паспрабаваць нанова выбудаваць адносіны і вымаляваць новыя чырвоныя рысы.

Калі паглядзець на ўсе санкцыі і абмежаванні ў дачыненні да Беларусі, то стае відавочным, што сапраўды сур’ёзную рэакцыю паводзіны рэжыму выклікалі толькі тады, калі ягоныя дзеянні пачыналі закранаць інтарэсы іншых краін.

Першы такі прыклад — прымусовая пасадка самалёта з Пратасевічам на борце, які выконваў унутрыеўрапейскі рэйс з Грэцыі ў Літву. Замест звыклых заяў пра занепакоенасць ці глыбокую занепакоенасць, мела месца хуткая жорсткая рэакцыя. 

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Наступным крокам Лукашэнкі, які прыцягнуў за сабой адчувальныя абмежаванні — было штучнае стварэнне міграцыйнага крызісу. 

У адказ на спробы мігрантаў штурмам прарвацца на польскі бок пры падтрымцы беларускага боку, палякі не проста імгненна спынілі працу пункта пропуску «Кузніца-Брузгі», але і стварылі прэцэдэнт, які паказаў, што закрыццё мяжы можна выкарыстоўваць як адказ на нядобрасуседскія паводзіны.

Але і гэта дробязь у параўнанні з тым, калі Лукашэнка зрабіў Беларусь суагрэсарам у вайне з Украінай. Менавіта за наданне тэрыторыі для нападу наша краіна атрымала самыя жорсткія з усіх абмежаванняў.

Ніякія фальсіфікацыі выбараў, бесперапынныя рэпрэсіі, катаванні і іншыя паскудствы ў дачыненні да беларусаў не мелі такіх наступстваў.

Перамовы па Украіне могуць замацаваць новы рэгіянальны парадак

Калі ў 2025 годзе адбудуцца меркаваныя перамовы па Украіне, разам з імі будуць выбудоўвацца новыя правілы ўзаемаадносін паміж Захадам і Расіяй. 

У такім сцэнары Беларусь можа застацца «тэрыторыяй, замацаванай за Расіяй». У тым раскладзе, які вымалёўваецца, ні Злучаныя Штаты, ні Еўрасаюз, здаецца, не гатовыя гэтаму пярэчыць.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

«Не злаваць дзядоў»

Галоўнай мэтай Захаду застаецца спыненне вайны ва Украіне, і стомленасць ад вайны нарастае. Вайна наносіць значную эканамічную шкоду не толькі самой Украіне і Расіі. 

Нельга выключаць, што па завяршэнні вайны Захад у будучыні стане больш асцярожным у памкненнях дапамагаць былым краінам СССР у іх жаданні вырвацца з маскоўскай арбіты, бо выпадак з Украінай паказаў, што гэта можа быць балюча і дорага для ўсіх. Таму можа запрацаваць стратэгія паводзінаў у стылі «не злаваць дзядоў».

Фота: Sergei Ilnitsky Pool Photo via AP

Толькі нас не чапайце

Для гэтага павінны быць нанова выбудаваныя правілы гульні, чаго дакладна не павінен рабіць Захад і чаго павінна не рабіць Расія. 

У такім раскладзе патрабаванні для рэжыму Лукашэнкі дэ-факта могуць гучаць так: «Рабіце ўнутры краіны, што хочаце — галоўнае, нам не стварайце пагроз і не рабіце праблем, тады і мы вас чапаць таксама не будзем».

Усё гэта не абяцае Беларусі нічога добрага ў агляднай перспектыве ў тым ліку праз тое, што наша краіна працягне заставацца максімальна залежнай ад Расіі і максімальна ізаляванай ад Еўрасаюза. 

Што можа палепшаць?

Калі наладжванне адносін з рэжымам і будзе адбывацца, то гэта будзе хутчэй за ўсё ў першую чаргу ў эканамічнай галіне, паколькі пэўнае наладжванне эканамічных адносін паміж ЕС і РБ закранае не толькі інтарэсы Беларусі і суседніх краін. Той жа Кітай, як паказала практыка, зацікаўлены ў тым, каб наша краіна заставалася прыдатнай для транзіту тавараў праз яе тэрыторыю.

Напрыклад, у адказ на ліквідацыю мігранцкага крызісу і вызваленне Пачобута Польшча можа адкрыць пункт пропуска «Кузніца». Гэта цалкам рэальны сцэнар на 2025 год, бо хутка павінна скончыцца рэканструкцыя перахода і будаўніцтва трасы ад Беластока да мяжы з Беларуссю. 

Ілюстрацыйны здымак. Фота: t.me/terespol

Лукашэнка, як бачым, пры жаданні і напружанне на мяжы памяншае, і палітвязняў выпускае. Ды і ў выпадку з Польшчай неаднаразова адкрыта гучала, што вы нам Пачобута, а мы вам мяжу прыадкрыем.

Таксама застаецца відавочным, што рэжым хацеў бы аднавіць авіязлучэнне з Еўропай. 

Магчыма, некаторыя краіны вернуць у Беларусь сваіх паслоў. Па факце гэта асабліва не на што не паўплывае, але Лукашэнку напэўна будзе прыемна, а Захаду гэта асабліва нічога не каштуе.

 

У Беларусі нічога не мяняецца. Ужо аднаго гэтага дастаткова, каб на Захадзе паспрабавалі пашукаць іншы падыход. 

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Рэжым спрабуе пераканаць, што незадаволеных у Беларусі не засталося

Прапаганда робіць усё, каб стварыць уражанне, што ўсе тыя незадаволеныя, якія выходзілі ў 2020-м, даўно з’ехалі за мяжу, а хто застаўся — тых усё задавальняе.

У выніку мы можам апынуцца ў сітуацыі, калі дэмакратызацыю Беларусі ў Еўропе пачнуць лічыць немагчымай, нерэальнай — як дэмакратызацыю Туркменістана ці Азербайджана, напрыклад. 

Пытанні дэмакратыі, свабоды слова і праў чалавека могуць адысці на другі ці нават трэці план, бо галоўная задача Польшчы, Латвіі і Літвы — не вырашэнне ўнутрыбеларускіх праблем, а абарона сваіх грамадзян ад нядобрасуседскіх паводзін рэжыму Лукашэнкі.

Беларусь можа пайсці па туркменскім сцэнары

Натуральна, што і Польшча, і Літва разам з Украінай хацелі б, каб з імі межавала свабодная дэмакратычная Беларусь. Але змяніць рэжым у Беларусі не ў іх сілах, а вось максімальна адмежавацца ад нашай краіны ва ўсіх сэнсах або мінімізаваць пагрозы — задача выканальная. 

Беларусь жа да канца існавання рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі будзе працягваць курс на русіфікацыю і расіізацыю. Толькі калі Лукашэнка сваімі паводзінамі не будзе псаваць жыцця суседзям, то беларускае пытанне будзе гучаць усё цішэй. 

Прыклад Туркменістана паказвае, што таталітарныя рэжымы могуць існаваць спакойна, калі іх дзеянні не ўплываюць на суседнія краіны. Ці не здарыцца такога і з Беларуссю? 

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары58

  • 130369
    09.11.2024
    Я і раней казаў, што нам мір не выгадны. Тады гэтыя паскуды будуць не ад***жаны, а Беларусь назаўсёды для ўсіх застанецца пуцінскай падсцілкай
  • %
    09.11.2024
    Беларусь даўно ўжо не цікавіць Захад. Яны нават не піскнулі ў 2020. Нас даўно аддалі ў сферу ўплыву Расеі, прыгадайце нават таго ж Віка, а тое было яшчэ на мяжы 90-х \ 00х. Беларусь фактычна на 100% русіфікаваная Белоруссия і тут усе адбываецца з НЕмаўклівай згоды насельніцтва, практычна на ура. На Беларусі не існуе нічога - ні палітыкі, не грамадства, ні думкі, ні памкненьняў. То што тут дзіваваць ды разважаць, ці 2025 года чакаць? Калі што і застаецца чакаць, то толькі сьмерці Пуціна, бо нават сьмерць Лукашенкі нічога не вырашыць. Але што будзе пасьля той смерці нават і тая бабка ня ведае.
  • 25-26
    09.11.2024
    У Туркменіі туркмены жывуць, якія туркменскай мовай карыстаюцца ды й тым сусьветам туркменскім, які ім насадзілі. У Паўночнай Карэі карэйцы жывуць. А на Беларусі і таго не будзе - тут будуць недарусакі з рускай ватай у башке

У Лукашэнкі знайшлася пазашлюбная дачка Крысціна? Вось што вядома6

У Лукашэнкі знайшлася пазашлюбная дачка Крысціна? Вось што вядома

Усе навіны →
Усе навіны

Манашку ў Італіі арыштавалі за сувязь з мафіяй. Якія функцыі яна выконвала?1

Колерам 2025 года стане Mocha Mousse2

«Трэба купляць латарэйны білет». Стваральнік кампаніі Flo падзяліўся сакрэтам поспеху2

Віцебскага доктара будуць судзіць за «рэабілітацыю нацызму». Яго страшна збілі пры затрыманні6

Ці законна весці відэаназіранне за кватэрай, калі здаеш яе пасутачна?4

Вялікабрытанія раскрыла буйную міжнародную сетку па адмыванні крыптавалюты для ўзбагачэння Крамля і аперацый расійскіх шпіёнаў у Еўропе1

Яўген Андрэйчык расчараваўся ў палітычным актывізме: Я больш не працую з Беларуссю75

Кіроўцаў будуць па-новаму папярэджваць пра камеры хуткасці1

Мінчанка пазнаёмілася на вуліцы з двума мужчынамі і атрымала трынаццатую судзімасць2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Лукашэнкі знайшлася пазашлюбная дачка Крысціна? Вось што вядома6

У Лукашэнкі знайшлася пазашлюбная дачка Крысціна? Вось што вядома

Галоўнае
Усе навіны →