На мітынгу ля пасольства Расіі ў Берліне супраць удару па «Ахматдзеце» забаранілі размаўляць па-ўкраінску
У панядзелак вечарам каля 900 чалавек сабраліся на бульвары Унтэр-дэн-Ліндэн у цэнтры Берліна насупраць пасольства Расіі.
Яны выступілі супраць масіраванага ракетнага ўдару УС РФ па гарадах Украіны, у тым ліку па дзіцячай бальніцы «Ахматдзет» («Ахова дзяцінства і мацярынства») у Кіеве.
Усяго загінулі не менш як 37 чалавек, больш за 150 параненыя. Людзі прынеслі кветкі, фатаграфіі, сцягі Украіны, антываенныя плакаты. Гучаў лозунг «Слава Украіне!». Акцыю арганізавала рух украінцаў у Нямеччыне «Веча» (Vitsche eV).
Аднак берлінская паліцыя забараніла выступы на ўкраінскай мове, дазволіўшы прамовы толькі па-нямецку і па-англійску, піша Bild.
У Германіі няма такога закону, але з нядаўніх часоў вартавыя парадку могуць патрабаваць ці наняць перакладчыка, ці размаўляць на мове, зразумелай ім.
У красавіку 2023 года на акцыі радыкальных мусульман у Берліне заклікалі знішчыць Ізраіль па-арабску, але паліцыя гэтага не разумела. На гэты раз, як паведамілі вартавыя парадку, «Веча» ўзгадніла акцыю ў панядзелак днём, але не знайшло перакладчыка з украінскай да вечара. Самі актывісты з гэтым не згодныя.
«Гэта няпраўда. Нас прасілі аб гэтым, але ніякай выніковай дамоўленасці не было. Многія ўкраінцы яшчэ не вельмі добра гавораць па-нямецку. Мова — гэта частка нашай ідэнтычнасці. І як на злосць менавіта перад пасольствам РФ многія з нас былі прыгавораны да маўчання», — заявіў Bild прадстаўнік Vitsche eV.
Каментары