Літаратура44

Скандальная беларуская аўтарка напісала кнігу, у якую можна на некалькі дзён схавацца ад рэчаіснасці

Ева Вайтоўская — гэта адна з іпастасяў Марыі Мартысевіч. Той самай, якая ў свой час выцягнула Асю Паплаўскую за валасы з «Галерэі Ў». «Гарэзлівы пацалунак», пры гэтым, вельмі адрозны ад усяго іншага, што асацыюецца з Мартысевіч, піша Зося Лугавая.

Гэта масавая літаратура, разлічаная на шырокую аўдыторыю, напісаная на даступнай мове. Чытаць «Гарэзлівы пацалунак» будзе проста нават тым, хто мала чытае па-беларуску. Але пры гэтым кніга падымае шмат важных тэм і ненавязліва расказвае і пра Мінск, і пра школьна-студэнцкае жыццё, і пра першае каханне, і пра сяброўства, і нават, уявіце сабе, пра любоў да Беларусі і беларускай мовы. Усё гэта лёгка, гарэзліва, але не павярхоўна.

Першая частка «Гарэзлівага пацалунку» выходзіла ў 2020 годзе, а гэты працяг увайшоў у шорт-ліст прэміі Гедройця. 

Аўтарка расказвала, што на стварэнне «Гарэзлівага пацалунку» яе натхніла аднайменная манга, папулярная ў Японіі ў 90-я. Гісторыя засталася няскончанай па прычыне заўчаснай смерці аўтаркі. Потым сюжэт стаў вандраваць з літаратуры ў літаратуру, таму беларускі «Гарэзлівы пацалунак» — далёка не адзіная спроба лакалізацыі японскай мангі.

Пра што гэтая гісторыя? На такое пытанне можна адказаць па-рознаму. Напрыклад, так: гэта гісторыя кахання і пошуку сябе. Альбо гісторыя пра ціхую ўпартасць, якая ў выніку прыводзіць гераіню да здзяйснення мараў. Альбо нават так: гісторыя пра наканаванасць і выпадковасці ў нашым жыцці. 

Але гэта калі казаць абстракна. А калі канкрэтна, то ў першай кнізе 11-класніца Соня Сінічка, троечніца і з выгляду даволі пасрэдная асоба, раптоўна піша ліст з прызнаннем у каханні першаму прыгажуну і разумніку школы Максіму Статкевічу. Пасля пачынаецца сапраўдны серыял, ад якога амаль немагчыма адарвацца. Соня з татам згубяць жытло, і бацькі Максіма (знаёмыя Сінічак з нейкага мінулага жыцця) запросяць тых пажыць у сваім катэджы на Цнянцы. Так Соня пачне жыць з Максімам пад адным дахам, але ці стане ад гэтага шчаслівейшай? Героі вас будуць злаваць, вар’яваць, вы будзеце адчуваць гішпанскі сорам і жаданне даць поўху некаторым з іх. Першая кніга скончыцца выразным знакам увагі Максіма ў адрас Соні, але ў паветры павісне пытанне: ён гэта ўсур’ёз ці проста каб пацвяліць дзяўчыну?

У другой кнізе адна з прыяцелек Соні, якая акурат паступае вучыцца на псіхалагічную спецыяльнасць, паспрабуе адрэфлексаваць адносіны герояў: 

«І тут з’яўляешся ты… Аўтсайдарка. Бярэш і ўсё перакрэсліваеш. Проста пішаш яму шчыры ліст. Бо твае пачуцці — сапраўдныя, а на ўмоўнасці табе начхаць. Ведаеш, гэта было геніяльна. Хоць ты наўрад ці ўкладала ў тое, што робіш, нейкі такі камбінаторны сэнс. І я падазраю, што Максім глыбока ў душы таксама твой учынак ацаніў, але ні за што гэтага не пакажа, бо надта ж пераймаецца статусам. Але тым горш для яго».

Другая кніга атрымалася яшчэ больш насычанай — ва ўсіх сэнсах. Тут яшчэ больш вучобы, цяпер ужо ўніверсітэцкай. Больш менскіх лакацый — як рэальных, так і прыдуманых, але за якімі лёгка пазнаць прасторы, што існуюць альбо існавалі насамрэч.

Напрыклад, гераіні п’юць пунш у кавярні «Стары Менск», а некаторыя студэнты падпрацоўваюць у рэстарацыі «Сеул», якая знаходзіцца ў мясцінах цяперашняга гэтэльнага комплексу «Пекін». А ў кнігарні «Шуфлядка» вы таксама пазнаеце адну культавую лакацыю. Героі больш падарожнічаюць па Беларусі і за яе межамі, і на іх больш уплываюць падзеі свету. Карацей, калі першая кніга была кшталту сіткам-серыяла, то другая — і шырэйшая, і глыбейшая. У ёй Ева Вайтоўская па-майстэрску спалучае love story з аўтарскім даведнікам пра ўладкаванне жыцця і свету для студэнтаў малодшых курсаў. Натуральна, на беларускім грунце. 

Праз лёгкую форму і дзівосную чытэльнасць тэксту добра прасвечваецца эрудыцыя аўтаркі. Але яна не фанабэрыцца, а невялікімі дозамі і ў зручнай для засваення форме расказвае пра тое, што лічыць важным.

Напрыклад, амаль усе героі тут шмат часу выдаткоўваюць на вучобу.

• Дырэктар напісаў, што калі нехта са спецкласа пойдзе ў ліцэі ці каледжы, то конкурс на свабодныя месцы будзе толькі ўнутры школы. Гэта шанец, ну?

• Нахрана мне гэта?

Маша разгублена аслабаніла абдымкі. 

• Я… Я нават не ведаю, што адказаць. Проста вучыцца — гэта крута. І гэта дапамагае зрабіцца лепшым чалавекам. 

Не ўсе пры гэтым добра вучацца, але амаль усе паступова знаходзяць тое, што ім напраўду цікава. І тады, калі з’яўляюцца дадатковыя сэнсы і стымулы, становіцца больш зразумела, для чаго вучоба патрэбная. Вучоба — гэта інструмент, ненавязліва даводзіць аўтарка. І гутарка не толькі пра школу ці ўніверсітэт, але і пра самаадукацыю, і пра дадатковыя адукацыйныя праекты. 

Пра акуратна прыхаваную оду адукацыі мала задумваешся, пакуль чытаеш кнігу. Але калі пералічыць сферы, пра якія Ева Вайтоўская расказвае на фоне развіцця падзей, то можна здзівіцца. Гэта і філалогія, і геаграфія з гісторыяй, і геапалітыка, і псіхалогія, і кулінарыя. Атрымліваецца альтэрнатыўны даведнік пра навучальныя ўстановы, спецыяльнасці і прафесіі (з акцэнтам на факультэтах БДУ). 

«…смешыць тое, што ў нас у Беларусі гэта ўсё вельмі ўмоўна. Адзін неасцярожны рух — і ты эліта. Вось калі казаць пра ўнівер, то чым іншым можна патлумачыць тое, што філосафы гнабяць гісторыкаў, журналісты — філолагаў, а міжнародныя адносіны — усіх разам узятых? Па мне — дык толькі прагай «людзьмі звацца». У многіх няма ўнутранага стрыжня, таму самасцвердзіцца можна толькі за кошт іншых. І асабліва на першым курсе, калі ўсе гэтымі баламі цэтэ мераюцца. Па мне, дык розніцы паміж узроўнем студэнтаў у нас на гуманітарных факультэтах няма ніякай. Розніца толькі ў амбіцыях». 

Другая кніга «Гарэзлівага пацалунку» яшчэ і вельмі літаратурная. У першай кнізе Соня і Максім чыталі і нават абменьваліся кнігамі, але цяпер усё сур’ёзней, бо Соня паступіла на філфак. У тэксце багата спасылак як на класічныя, так і на сучасныя літаратурныя творы. Напрыклад, жыццё факультэта аўтарка тлумачыць праз гумарыстычны тэкст «Міфы і легенды філфака», створаны адной са студэнтак на падмурку грэцкай міфалогіі.

«Дэканат Астма называла Алімпам, дэкана — Зеўсам, яго намесніц — Герай і Афрадытай. Расклад заняткаў называўся Залатым Руном, пампезныя філфакаўскія сходы — Сцылай і Харыбдай. Актавая зала была Парнасам, бібліятэка Аідам, які вартавалі лютыя цэрберкі-бібліятэкаркі… Дзяўчат філфака Астма падзяляла на дрыяд і эрыній. Гэтая «бінарная апазіцыя» пайшла ў народ і была вядомая нават першакурснікам, якія пакуль не чыталі «Міфаў і легенд». 

А яшчэ Соня амаль выпадкова становіцца ўладальніцай найноўшай кнігі Сяргея Жадана, якую проста са Львова прывозіць дырэктар кнігарні «Шуфлядка». Падзяліўшыся кнігай з філфакаўскімі аматарамі украінскага паэта, яна здабывае новыя знаёмствы і становіцца паважанай асобай. А Жадан пасля яшчэ не адзін раз узнікае на старонках кнігі, дапамагаючы адцяніць і заглыбіць падлеткавыя эмоцыі. 

«У гэты момант Соня зразумела, кім хоча быць. Яна хоча быць нічым — істотай без мінулага і будучыні. Чалавекам, які ні ад каго і ні ад чаго не залежыць. Яна хоча выпасці на гэтую зямлю снегам надзеі з верша Сяргія Жадана…

Людзі самотныя, — кажа, — гэта ж было заўважна адразу.
Больш за тое, самота іхняя ёсць для іх сутвай самою.
Таму хай будзе пара, калі важна збірацца разам. 
І хай тую пару яны называюць, скажам, зімою…»

У сярэдзіне кнігі студэнты едуць важатымі ў экалагічны летнік на Віліі. Гэтая частка крыху выбіваецца з агульнага аповеду, але і мае свае важныя функцыі. Напрыклад, дае магчымасць пагаварыць пра Беларусь. Тут будзе ўсяго патроху і ненавязліва: моўнае пытанне, лёгкая іронія ў адрас апантанага неафітцтва, розніца паміж беларусамі і ўсходнімі суседзямі. 

«У экафондзе нікога не прымушалі размаўляць па-беларуску, але падавалі прыклад. Нехта перайшоў на беларускую мову ў летніку з іншымі важатымі, а з дзецьмі дачыняўся на звыклай для іх рускай — як Кубліцкая ці Ротмістрава. Канькова і Каланіцкі зрабіліся цалкам беларускамоўнымі — увайшлі ў мову адным махам, як у раку. «Мы даўно гэта абмяркоўвалі, але трэба быў стымул», — казалі яны».

Соня тут — распаўсюджаны беларускі кейс: яна б і хацела беларусізавацца ў летніку, але баіцца нарабіць памылак. Ева Вайтоўская, дарэчы, нікога не асуджае, проста паказвае, як яно бывае. Але ёсць адзін персанаж, над якім аўтарка ўсё ж добра іранізуе. Гэта Яраслаў — апантаны беларушчынай доктар-інтэрн са Смаленску. Прыгожы, статны, але не надта разумны хлопец, мара якога — знайсці сабе дзяўчыну-беларуску.

«Нарэшце смаленскі аратар заявіў, што кожны сумленны беларус мусіць адраджаць традыцыю не толькі мовай, але і паводзінамі ды стылем — не мацюкацца, быць абыходлівым з усімі, не грубіць старэйшым, насіць адзежу з этнічнымі элементамі ці хоць бы патрыятычнымі цытатамі…» 

Круцей за ўсё аўтарка пакпіць з Яраслава з дапамогай творчасці Уладзімера Арлова. «Кандыдат у беларусы» ў захапленні ад «Дзесяці вякоў беларускай гісторыі». У адказ на гэта Максім Статкевіч цытуе яму фрагмент «Краявіду з ментолавым пахам» як прыклад эратычнай прозы пісьменніка. І дадае: «…усё ў парадку: ты два гады як беларус, і таму чытаеш творы Арлова для дзяцей. А я — васямнаццаць гадоў як беларус, і мне ўжо можна творы Арлова для дарослых». Не ведаю, ці зацікавяцца пасля такога маладыя чытачы гістарычнай прозай Арлова, але вельмі магчыма, што зацікавяцца эратычнай.

Тэма адрознення беларусаў ад некаторых сваіх суседзяў усплывае ў «Гарэзлівым пацалунку» не адзін раз. У чытачоў ёсць магчымасць параўнасць беларусаў і з расейцамі, і з украінцамі. І нават з татарамі. У кнізе ёсць прынамсі некалькі каларытных персанажаў з усходняга боку: гэта і дачка алігарха, які вярнуўся на зямлю продкаў з Расеі; і ўнучка татарскага нафтавага магната, якая ўпершыню прыязджае ў Беларусь; і напалову беларуска Алеся, якая добра ведае беларускую мову і гісторыю, але з пэўных прычын прагне вярнуцца ў Маскву. Ёсць і дзеці ўкраінскага бізнэсоўца. Відавочна, што ў аўтаркі не стаіць задачы падкрэсліць перавагу беларусаў над іншымі альбо наадварот неяк іх пакрытыкаваць. Задача хутчэй паказаць адрознасць, а можа нават і ўнікальнасць беларусаў, даць нагоду ганарыцца сваім. І гэта, як мне падаецца, важная рыса для літаратуры, арыентаванай на моладзевую аўдыторыю. 

У Евы Вайтоўскай атрымалася яркая і насычаная гісторыя, пры гэтым — вельмі станоўчая. «Гарэзлівы пацалунак» — з тых кніг, у якія можна схавацца на некалькі дзён ад рэчаіснасці, са смакам паперажываць за герояў з унутранай упэўненасцю, што ўсё ў іх урэшце будзе добра.

Аўтарка шмат у чым абапіраецца на свой уласны досвед студэнцтва — студэнцтва міленіялаў, а не маладзейшых зумераў. Але амаль усіх нас у падлеткавыя і студэнцкія гады хвалюе базавы камплект пытанняў: выбар свайго шляху, адукацыя, рамантычныя адносіны, наяўныя ці адсутныя сябры, адносіны з бацькамі. Менавіта да гэтых тэм і звяртаецца Ева Вайтоўская.

Ева Вайтоўская. Гарэзлівы пацалунак. — Варшава: Янушкевіч, 2023

Каментары4

  • Вінцэсь Баброў
    07.10.2024
    Можна любіць ці не любіць такія кніжкі, але гэта сапраўдная беларуская літаратура. Філіпенка адпачывае.
  • Даброў
    07.10.2024
    Вінцэсь Баброў, Міцкевіч пісаў на польскай, але не перастаў ад гэтага быць беларускім пісьменнікам.
  • Вінцэсь Баброў
    07.10.2024
    Даброў, калі б Міцкевіч пісаў на рускай і публічна адмаўляўся ад беларускай, не быў бы ён нашым пісьменнікам ні дня.

Саша Філіпенка расказаў, чаму не плануе пісаць па-беларуску і як Беларусь можа стаць падарункам Расіі ў вайне58

Саша Філіпенка расказаў, чаму не плануе пісаць па-беларуску і як Беларусь можа стаць падарункам Расіі ў вайне

Усе навіны →
Усе навіны

Сіноптыкі расказалі пра невялікае пацяпленне і прыход бабінага лета2

Мінімум чатыры шахеды заляцелі ў Беларусь за ноч і раніцу4

Бондарава выклікала на дзяцей міліцыю, але там не зразумелі, што не так6

У наступным годзе змяняць умовы працы маршрутак

Ці можа час ісці ў адваротным кірунку? Упершыню ў гісторыі даказана, што так5

У Беларусі з 1 студзеня вырасце падатак на першую кватэру2

7 млн літраў піва і 98 тысяч спробаў скрасці куфаль — Актоберфест падвёў вынікі5

Складзены спіс кіраўнікоў краін з самымі высокімі заробкамі. Хто на першым месцы?1

Папулярны брытанскі відэаблогер наведаў Беларусь і расказаў, што яго здзівіла11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Саша Філіпенка расказаў, чаму не плануе пісаць па-беларуску і як Беларусь можа стаць падарункам Расіі ў вайне58

Саша Філіпенка расказаў, чаму не плануе пісаць па-беларуску і як Беларусь можа стаць падарункам Расіі ў вайне

Галоўнае
Усе навіны →