Віктар Бут адседзеў у турме ЗША 12 гадоў. У 2022 годзе яго абмянялі на зорку амерыканскага баскетболу Брытні Грайнер. Цяпер ён вярнуўся да гандлю зброяй, сцвярджае The Wall Street Journal.
Як піша выданне, жыццё 57-гадовага Віктара Бута натхніла на стварэнне галівудскага фільма «Зброевы барон», які выйшаў у 2005 годзе з Нікаласам Кейджам у галоўнай ролі.
Хто такі Віктар Бут
Віктар Бут нарадзіўся ў 1967 годзе ў Душанбэ. Паводле афіцыйных звестак, служыў вайсковым перакладчыкам, валодае французскай, англійскай, арабскай, фарсі і партугальскай мовамі. У 1980-х гадах мужчына быў накіраваны на дапамогу ангольскім войскам падчас грамадзянскай вайны ў гэтай краіне.
Пасля распаду Савецкага Саюза Бут набыў расійскія ваенна-транспартныя самалёты і выкарыстаў іх для перавозкі міратворцаў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у Афрыку.
Мужчына ўпершыню прыцягнуў да сябе ўвагу грамадскасці пасля таго, як у 2005 годзе ЗША ўвялі супраць яго санкцыі за гандаль зброяй з былым прэзідэнтам Ліберыі Чарльзам Тэйларам у абмен на алмазы.
Эксперты ААН таксама абвінавацілі яго ў парушэнні міжнароднага эмбарга на пастаўкі зброі ў Анголу і Дэмакратычную Рэспубліку Конга. У 2008 годзе Бута арыштавалі ў Тайландзе падчас таемнай аперацыі амерыканскіх праваахоўных органаў.
У 2011 годзе «гандляр смерцю» быў асуджаны за змову з мэтай забойства амерыканцаў і спробу продажу зброі калумбійскім паўстанцам. Суд прыгаварыў яго да 25 гадоў пазбаўлення волі.
Калі ў 2022 годзе Віктар Бут быў вызвалены падчас абмену зняволенымі, афіцыйныя асобы Белага дома назвалі гэтае рашэнне цяжкім, але адзіным спосабам вызваліць зорку амерыканскага баскетбола Брытні Грайнер з расійскай калоніі. Яны падкрэслілі, што Бут ужо адседзеў 12 гадоў у амерыканскіх турмах.
Дарадца па нацыянальнай бяспецы Джэйк Саліван заявіў тады, што амерыканскі ўрад ацаніў рызыкі вызвалення Бута і прыйшоў да высновы, што яны прымальныя.
Вяртанне да гандлю зброяй
Пасля вызвалення Віктар Бут уступіў у пракрамлёўскую ўльтраправую партыю і ў 2023 годзе атрымаў месца ў рэгіянальным заканадаўчым сходзе. Здавалася б, ён перагарнуў старую старонку свайго жыцця.
Аднак, калі ў жніўні эмісары хусітаў адправіліся ў Маскву, каб дамовіцца аб куплі аўтаматычнай зброі на суму 10 мільёнаў даляраў, яны сустрэлі свайго старога знаёмага — Віктара Бута. Пра гэта выданню паведаміў еўрапейскі чыноўнік па бяспецы і іншыя людзі, знаёмыя з гэтым пытаннем.
Паводле інфармацыі крыніц, знаёмых са справай, здзелка па продажы стралковай зброі, пасярэднікам у якой выступаў Віктар Бут, была заключана з двума прадстаўнікамі хусітаў, якія прыехалі ў Маскву па афіцыйнай версіі для пакупкі пестыцыдаў і аўтамабіляў. Яны нават наведалі завод Lada.
Крыніцы выдання не ведаюць, ці вяліся перамовы па ўказанні Крамля ці толькі з яго маўклівай згоды. Нягледзячы на тое, што хусіты імкнуцца атрымаць зброю расійскай вытворчасці, The Wall Street Journal не змагло вызначыць канкрэтную крыніцу планаваных паставак.
Па словах еўрапейскага чыноўніка і іншых людзей, знаёмых з гэтым пытаннем, першыя дзве партыі будуць складацца ў асноўным з аўтаматаў АК-74. Першая партыя зброі можа быць дастаўлена ўжо ў гэтым месяцы пад прыкрыццём паставак прадуктаў харчавання ў порт Хадэйда, куды Расія ўжо ажыццявіла некалькі паставак збожжа.
Выданне адзначае, што падчас паездкі прадстаўнікі хусітаў абмяркоўвалі і іншыя віды зброі, якія расійскі бок мог бы прадаць, у тым ліку супрацьтанкавыя ракеты «Карнэт» і зенітную зброю. Аднак няма доказаў таго, што Бут удзельнічае ў падобнай здзелцы.
Нью-ёркскі адвакат Стыў Зісу, які прадстаўляў інтарэсы Бута ў ЗША, адмовіўся абмяркоўваць з выданнем, ці сустракаўся яго кліент з хусітамі.
«Віктар Бут не займаецца транспартным бізнэсам ужо больш за 20 гадоў… Але калі б расійскі ўрад упаўнаважыў яго садзейнічаць перадачы зброі аднаму з супернікаў Амерыкі, гэта не адрознівалася б ад таго, як калі б урад ЗША адправіў узбраенне і зброю масавага паражэння аднаму з супернікаў Расіі, як яно зрабіла гэта ва Украіне», — сказаў Зісу.
Сам Бут у каментары РБК назваў артыкул у The Wall Street Journal укідам да дня нараджэння Пуціна.
«Што тычыцца маёй пазіцыі, то яна наступная — я лічу, што хусіты, нягледзячы на недастатковасць сваіх рэсурсаў, даволі ўмела робяць сваю працу. Яны, прынамсі за мінулы год, збілі больш за 10 амерыканскіх разведвальных дронаў, і так, што ўсе гандлёвыя судны, якія належаць амерыканцам або ізраільцянам, маюць вялікія складанасці з праходам у Чырвонае мора», — пракаментаваў Бут.
Каментары
Зьвярніцеся ў дэпартамэнт падліку айчынных трансгендэраў. Такі, вядома, ў разьвітай дэмакратыі ёсьць.