Жазэп Барэль ведае, як скончыць вайну ва Украіне за два тыдні. Але гэта не ягоны варыянт
Высокі прадстаўнік ЕС па замежных справах Жазэп Барэль у інтэрв'ю іспанскаму выданню 20minutos заявіў, што вайна Расіі супраць Украіны можа скончыцца цягам двух тыдняў. Для гэтага заходнія краіны павінны цалкам спыніць дапамогу Кіеву. Але ён не лічыць такое развязанне прымальным.
«Шмат хто хоча, каб вайна скончылася як мага хутчэй. Найперш, самі ўкраінцы. Але галоўнае — як. Калі мы перастанем падтрымліваць Украіну, вайна скончыцца праз два тыдні, і Пуцін дасягне сваіх мэтаў», — адзначыў еўрачыноўнік.
«Але ці хочам мы гэтага для ўкраінцаў і для бяспекі саміх сябе, еўрапейцаў?» — задае ён адразу пытанне.
На думку Барэля, Еўропа, наадварот, павінна «рабіць усё магчымае» і працягваць падтрымліваць Украіну, каб у будучыні перамовы адбываліся на ўмовах, якія забяспечваюць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны.
Дыпламат падкрэсліў, што гэта важна для бяспекі самой Еўропы.
У канцы жніўня Жазэп Барэль ацэньваў вайсковую дапамогу Кіеву з боку ЕЗ у 43,5 млрд еўра, а грамадзянскую — у 100 млрд еўраў. Акрамя таго, ён нагадаў, што Брусэль выкарыстоўвае для падтрымкі Кіева замарожаныя ў Еўропе расійскія актывы.
Пры гэтым Барэль — адзін з тых уплывовых палітыкаў, якія заклікаюць краіны ЕС і ЗША дазволіць выкарыстоўваць дальнабойнае ўзбраенне, якое пастаўляюцца Кіеву, для ўдараў па расійскай тэрыторыі.
Каментары