У Гродне ўвадначас закрылі палову кіёскаў, дзе можна набыць квіткі на грамадскі транспарт. У аўтапарку праблемы не бачаць
Жыхары Гродна паскардзіліся, што ім стала складана купіць квіткі на праезд у грамадскім транспарце, бо закрыліся адразу 70 кіёскаў, дзе раней іх прадавалі — а гэта палова ўсіх, што былі.
У аўтапарку, аднак, праблемы не бачаць, звяртаючы ўвагу, што ёсць і іншыя магчымасці, каб набыць квіткі.
«У горадзе Гродна, як ні ў якім іншым горадзе, самая вялікая колькасць відаў праязных. Квіткі на месяц можна купіць у аддзяленнях Белпошты, усе віды і аднаразовыя талончыкі — на астраўках «Беларускія латарэі», «Нацыянальныя латарэі». Таксама можна аплаціць па QR-кодах. Дарэчы, 23,7% гараджан менавіта так і аплачваюць паездку, 3,7% купляюць электронныя праязныя. У кіроўцы таксама можна набыць квіток», — каментуе сітуацыю Андрэй Эйсмант, намеснік дырэктара аўтобуснага парку.
Кіёскі не працуюць, як запэўніваюць, часова, і пачнуць зноў адкрывацца — але не ўдакладнена, з якой інтэнсіўнасцю, — з 10 кастрычніка. Закрыццё кіёскаў, паводле інфармацыі выдання Newgrodno.by, звязана са зменай іх уласніка, і афармленне дакументаў зойме каля 2 тыдняў.
Тлумачэнне аўтапарку мясцовы тэлеканал «Гродна Плюс» падае чамусьці з пазнакай «Антыфэйк», хоць ніякія факты ў ягоным паведамленні не абвяргаюцца, а толькі даецца суб'ектыўная ацэнка ўзніклых цяжкасцяў як нібыта несур'ёзных.
Грамадзян жа просяць «паклапаціцца пра аплату праезду ў аўтобусах і тралейбусах загадзя» і «шукаць магчымасцяў, а не апраўдання».
Каментары
Дзяржабная паслуга па-за пыхлівымі дэкларацыямі мае адзіную мэту - засваеньне і папілаваньне пабораў з падаткаабкладаных, якое ідзе праз ўладную вэртыкаль. Кліенты, ў нашым выпадку пасажыры, неабавязковая і раздражняльная перашкода ў бюджэтным існаваньні. Выстаўленьня якнайвышэйшага цэнзу кліентам - натуральны і непазбежны працэс ў дзярарганізацыях
Во бурхлівая бюракратычная дзейнасьць, Эўрасэсэра, вучыся і зайздросьць