Грамадства1010

Мільянер Баскін пайшоў аспрэчваць санкцыі. Магчыма, у яго атрымаецца

У бізнэс-колах кажуць, што гэта ўжо другая спроба Яўгена Баскіна пайсці ў суд.

Яўген Баскін

На мінулым тыдні беларускі рэсурс Банкі24 са спасылкай на неназваныя расійскія медыя паведаміў пра тое, што бізнэсмен Яўген Баскін падаў у суд Антарыа іск супраць міністра замежных справаў Канады. Канчатковай мэтай з'яўляецца адмена санкцый Канады супраць Баскіна, пад якія ён трапіў у 2022-м. 

Банкі24 паведамлялі, што справа зарэгістравана пад нумарам №T-1181-24 — Yauheni Rafailovich Baskin v. Minister of Foreign Affairs et al. 

Нам не ўдалося знайсці першакрыніцу гэтай інфармацыі, на якую спасылаліся Банкі24. Тым не менш, гэтая інфармацыя «хутчэй за ўсё праўдзівая», кажуць «Нашай Ніве» прадстаўнікі мінскіх дзелавых колаў. 

Нашы суразмоўцы кажуць, што, па іх інфармацыі, юрысты Баскіна сапраўды прынамсі нейкі час таму рыхтавалі пазоў у суд. 

Мінскія камерсанты дадаюць, што нібыта гэта ўжо другая спроба Баскіна пайсці ў суд, а папярэдняя не атрымалася, таму што першапачаткова нанятыя канадскія адвакаты больш за год «даілі» беларускага бізнэсмена, фактычна нават не даносячы дакументы да суда.

Яўген Баскін — буйны магілёўскі бізнэсмен, чыю гісторыю «Наша Ніва» падрабязна апісвала ў 2022 годзе, калі ён трапіў у канадскі санкцыйны спіс. 

Чытайце: «Не сволач». Як мультымільянер Баскін нечакана трапіў у санкцыйныя спісы. Дасье

У гісторыі Беларусі ўжо былі выпадкі, калі накладзеныя заходнімі краінамі санкцыі потым здымаліся або прыпынялі дзеянне. Напрыклад, санкцыі з сябе ўдалося зняць бізнэсоўцам Юрыю Чыжу і Уладзіміру Пефціеву. Баскін вымушаны будзе дзейнічаць у больш складаны час. 

«Наша Ніва» папрасіла ацаніць шансы камерсанта вядучых беларускіх эканамістаў Льва Львоўскага і Дзмітрыя Крука. 

«Сам прэцэдэнт абсалютна нармальны. Санкцыі — гэта міжнародны палітычны інструмент, які ўводзіцца не для таго, каб проста быць, а каб заахвочваць аб'ект да змены паводзінаў: спыніць парушэнні правоў чалавека, дапамогу рэжыму і ваеннай машыне. Вынікам санкцый павінна быць змена паводзінаў, адпаведна, павінен быць і механізм адкручвання санкцый.

Леў Львоўскі, фота са старонкі ў фэйсбуку. 

У выпадку Беларусі, асабліва пасля пачатку вайны, многія эканамічныя санкцыі ўводзіліся паскораным парадкам, без празрыстага і пераканаўчага тлумачэння, што канкрэтна іх аб'ект парушыў і што ад яго патрабуецца.

Таму гэта нармальна, што ў чалавека ці кампаніі павінна быць права аспрэчыць такое рашэнне па сабе, калі яны да таго ж змогуць даказаць, што абмежаванні былі ўведзены выпадкова ці без належнай аргументацыі. Або прынамсі даведацца ў судзе, што трэба рабіць для іх адмены», — сказаў акадэмічны дырэктар BEROC Леў Львоўскі. 

Дэкан эканамічнага факультэта ЕГУ, эканаміст BEROC Дзмітрый Крук лічыць, што кейс Баскіна выходзіць далей за інтарэсы аднаго чалавека і мае патэнцыйнае значэнне для ўсяго прыватнага бізнэсу, які існуе ў Беларусі. 

«Уцямнага публічнага абгрунтавання ўключэння Баскіна ў санкцыйны спіс Канады не было, і жаданне ісці ў суд ускосна ўказвае на тое, што бізнэсмен не бачыць кампраметуючых фактаў, якія б уплывалі на яго рэпутацыю, усплыві яны ў гэтым судзе. Калі ж яны ёсць, то суд у Канадзе — найлепшае месца, каб яны трапілі ў публічную прастору і сталі агульнавядомымі», — лічыць Дзмітрый Крук.

«Тут важна казаць і пра шырэйшыя рэчы — гэты працэс уздыме не толькі пытанне, важнае для асобнага бізнэсу і яго ўладальніка, але і праблемы прыватнага бізнэсу ўсёй краіны.

Канада абгрунтоўвала свой пакет санкцый (2022) тым, што беларускі рэжым стаў пагрозай міру і бяспецы, і таму санкцыі пашыраюцца і на асацыяваных з рэжымам асобаў. Большасць з уключаных у спіс такую асацыяцыю (фармальную ці нефармальную) мелі, і таму іх прозвішчы не выклікалі здзіўлення.

Дзмітрый Крук. Фота: «Наша Ніва»

У той жа час як Баскіна, верагодна, асацыявалі з рэжымам першы раз, і ягонае ўключэнне стала вялікай неспадзяванкай для эканамістаў і беларускіх людзей камерцыі.

Гэта не супадала з ацэнкай гэтай фігуры ўнутры Беларусі і сярод замежных партнёраў: у нашых бізнэс-колах ён заўжды лічыўся адным з самых яскравых прыкладаў self-made man, які стварыў і развіў свой бізнэс да вялікіх памераў сам, не прымаючы ўдзелу ў палітыцы асабіста ці на ўзроўні кампаній. Актыўна, у той жа час, супрацоўнічаў з еўрапейскімі кампаніямі і банкамі. 

Як мне вядома, у бізнэс-колах склалася думка, што ўключэнне Баскіна было ці проста памылкай (як варыянт — праз сугучнасць з прозвішчам Дзмітрыя Баскава — «НН»), ці вырашальным фактарам стаў ягоны ўдзел у Радзе па развіцці прадпрымальніцтва.

На мой погляд, пасада ў Радзе не з'яўляецца крытэрыем, па якім можна было б казаць аб асаблівых адносінах з рэжымам ці ролі ў ім.

Тут увогуле ўсплываюць вельмі тонкія матэрыі: што лічыць асаблівай роллю бізнэсу ў сучаснай Беларусі? Якія крытэрыі такой асаблівай ролі? 

Фактычна, існуючы ў Беларусі, любы прыватны бізнэс не можа пазбегнуць нейкіх формаў адносін з уладамі, але гэта аўтаматычна не кажа пра іх асаблівыя стасункі з рэжымам. 

Лічыць так — гэта вельмі небяспечная пазіцыя. Калі яе прытрымлівацца, то значную частку ўсяго беларускага прыватнага бізнэсу проста па факце памеру ў кантэксце бягучага гістарычнага часу трэба перастаць лічыць прыватным бізнэсам — што паглыбляе таксічнасць усіх беларускіх кампаній.

З аднаго боку, санкцыі заходніх краінаў накіраваныя на рэжым, але пабочныя эфекты ад іх закранаюць і прыватны бізнэс, які становіцца закладнікам сітуацыі і нясе на сабе адчувальную частку цяжару ад санкцый.

У той жа момант малыя, сярэднія, вялікія кампаніі ва ўмовах нарошчвання ўплыву дзяржавы працягваюць генераваць вельмі важныя эфекты для грамадства: праз сваю дзейнасць і сучасную карпаратыўную культуру яны робяць людзей (якія ў іх працуюць, маюць з імі іншыя стасункі) больш незалежнымі, самастойнымі і арыентаванымі на развіццё. Гэтыя якасці ляжаць у падмурку зменаў у беларускім грамадстве за апошнія гады. 

Таму, вяртаючыся да кейса Баскіна, ён насамрэч шырэйшы за праблему аднаго бізнэсмена. Вельмі важна было б вырашыць такога кшталту супярэчнасці і выпрацаваць празрыстыя, публічныя крытэрыі, якія вызначаюць, якія бізнэсы і бізнэсмены і па якой прычыне могуць трапляць пад санкцыі. 

Гэта было б вельмі карысна і для беларускага бізнэсу ў краіне, і для заходніх краінаў і бізнэсаў, якія супрацоўнічаюць з Беларуссю», — сказаў Дзмітрый Крук. 

На якую дату прызначаны суд, пакуль невядома. 

Яўгену Баскіну 57 год, ён родам з Магілёва, мае асноўныя актывы ў сферы вырошчвання жывёлы і перапрацоўкі мяса. Найбольш вядомы брэнд — «Пятруха», галоўная кампанія называецца «Сервалюкс». У «Сервалюксе» працуе каля 11 тысяч чалавек. 

«Сервалюксу» належаць бройлерныя фабрыкі ў Магілёве і Смалявічах, фермы і цэхі ў Магілёўскай і Мінскай абласцях. 

Таксама Баскін вёў бізнэс ва Украіне — там у яго свінаферма, сумеснае прадпрыемства з галандцамі ў Вінніцкай вобласці. Лёс гэтага актыву невядомы. 

Каментары10

  • Неяк так
    04.06.2024
    Санкцыі маглі б паадмяняць у абмен на вязняў але дзякуючы неадэкватнасці вячоркаў іх адменяць проста так
  • Питон
    04.06.2024
    пускай расскажет как заработал свой первый мильон :)
  • offline user
    04.06.2024
    Сейчас устроим суд присяжных. Господин Баскин v. Права человека.

З'явіліся імёны першых вызваленых палітвязняў6

З'явіліся імёны першых вызваленых палітвязняў

Усе навіны →
Усе навіны

Як доктара Мартава ўдалося выратаваць з Расіі

Сусед паставіў у калідоры відэаназіранне. Гэта законна?2

Еўрасаюз запусціць новую сістэму ўезду і выезду з 10 лістапада. Яна закране і беларусаў

Былы палітвязень пра Чудзянцова: Ведаю людзей, якія ад яго пацярпелі за кратамі3

У Мінску створаць адзіную дзяжурна-дыспетчарскую службу. У яе ўвойдуць больш за 20 арганізацый1

Колькасць легкавых аўтамабіляў на беларуска-літоўскай мяжы рэкордна ўпала1

Да $1900: паглядзелі, якія кватэры прапануюць у арэнду студэнтам у Мінску напярэдадні навучальнага года4

Лукашэнка ў інтэрв'ю расійскаму прапагандысту зняважыў украінскіх жанчын19

«Калі трапіў за краты, сябры проста зніклі». Споведзь берасцейца, які заступіўся за дзяўчыну перад сілавікамі і атрымаў 4 гады17

больш чытаных навін
больш лайканых навін

З'явіліся імёны першых вызваленых палітвязняў6

З'явіліся імёны першых вызваленых палітвязняў

Галоўнае
Усе навіны →