Міжнародная федэрацыя шахмат змякчыла патрабаванні да адзення на чэмпіянаце свету па бліцы
Раней з-за праблем з дрэс-кодам ад удзелу ў чэмпіянатах свету па хуткіх шахматах і бліцы адмовіўся былы чэмпіён свету па шахматах Магнус Карлсэн, піша Радыё Свабода.
Міжнародная шахматная федэрацыя (ФІДЭ) абвясціла пра змякчэнне патрабаванняў да адзення ўдзельнікаў на чэмпіянаце свету па бліцы, які праходзіць у Нью-Ёрку. Пра гэта паведаміў прэзідэнт ФІДЭ Аркадзь Дварковіч.
Раней з-за праблем з дрэс-кодам ад удзелу ў чэмпіянатах свету па хуткіх шахматах і бліцы адмовіўся былы чэмпіён свету па шахматах Магнус Карлсэн.
«Я прыняў рашэнне апрабаваць падыход, які забяспечвае больш гнуткасці афіцыйным асобам ФІДЭ пры прыняцці рашэнняў адносна дарэчнасці адзення», — адзначыў Дварковіч.
Ён падкрэсліў, што ўдзельнікі ўсё ж абавязаны захоўваць зацверджаны дрэс-код, але цяпер дапускаюцца невялікія «элегантныя адступленні», напрыклад, джынсы, якія гармануюць з пінжаком.
Дварковіч выказаў надзею, што ўдзельнікі не будуць злоўжываць паслабленнем правіл і не стануць падрываць святочны настрой турніру напярэдадні Новага года.
28 снежня ФІДЭ дыскваліфікавала нарвежскага гросмайстра Магнуса Карлсэна за парушэнне дрэс-кода на турніры па рапідзе. Суддзя аштрафаваў шахматыста на 200 даляраў за з’яўленне ў джынсах і запатрабаваў пераапрануцца.
Карлсен адмовіўся падпарадкоўвацца і зняўся з чэмпіянату, пасля чаго заявіў, што «стаміўся» ад ФІДЭ і не мае намеру працягваць узаемадзеянне з арганізацыяй.
Пасля абвяшчэння аб змякчэнні правіл дрэс-кода Карлсэн паведаміў, што возьме ўдзел у турніры па бліцы, але зноў будзе ў джынсах.
Каментары