Знайшлі расійскага вайскоўца, які мае дачыненне да забойства жанчыны з чырвоным манікюрам у Бучы. Яе фота стала сімвалам разні
Украінская паліцыя назвала імя расійскага камандзіра, які аддаў загад страляць па мірных жыхарах у Бучы.
Следчае ўпраўленне Нацпаліцыі Украіны ўстанавіла асобу расійскага вайскоўца, датычнага да забойства Ірыны Фількінай у Бучы.
Супрацоўніца кампаніі «Эпіцэнтр» загінула ў сакавіку 2022 года падчас расійскай акупацыі. Фота яе рукі з чырвоным манікюрам абляцела ўсе сусветныя СМІ і стала адным з сімвалаў разні ў Бучы. Па гэтым манікюры Ірыну неўзабаве апазналі знаёмыя.
Падазраваным з'яўляецца Арцём Тарэеў, 1995 года нараджэння, камандзір 234-га дэсантна-штурмавога палка 76-й дывізіі ПДВ Расіі.
Па даных следства, 5 сакавіка 2022 года Тарэеў аддаў загад страляць па ўсіх мірных жыхарах, якія з'явяцца ў раёне скрыжавання вуліц Яблонскай і Вадаправоднай у Бучы, паведамляе Бучанская гарадская рада.
У той жа дзень каля 11:15 Ірына Фількіна, якая ехала на ровары, была расстраляная расійскімі вайскоўцамі — у яе выпусцілі не менш за 15 куль з аўтаматычнай зброі і баявой машыны дэсанту.
У цэлым, па даных следства, у выніку загаду Тарэева на вуліцы Яблонскай былі забітыя 13 мірных жыхароў.
За амаль месяц расійскай акупацыі ў Бучы, паводле звестак мясцовых уладаў, загінулі больш за 500 мірных жыхароў. Расследаванні праваахоўных органаў і СМІ паказалі, што людзей забівалі расійскія вайскоўцы.
Каментары