Эканоміка11

«Не сволач». Як мультымільянер Баскін нечакана трапіў у санкцыйныя спісы. Дасье

У новых канадскіх санкцыях, пра якія было абвешчана на днях, з’явілася нечаканае імя — Яўген Баскін, уласнік прадуктовага брэнда «Пятруха». Баскін лічыўся ў бізнэс-колах адной з найбольшых ахвяр лукашэнкаўцаў. Пра ўласніка «Пятрухі» у публіцы вядома мала. Калегі па цэху кажуць, што Баскін «не сволач», што ён заплаціў найбольшы выкуп за выхад з турмы, прывёў еўрапейцаў на Магілёўшчыну, інвеставаў у Беларусь $500 мільёнаў, а яго сын пасля вучобы ў Брытаніі вярнуўся жыць на радзіму. Расказваем пра Яўгена Баскіна, які трапіў у канадскі санкцыйны спіс. 

Яўген Баскін. Фота: Tut.by

Яўгену Баскіну 57 год, ён родам з Магілёва, мае асноўныя актывы ў сферы вырошчвання жывёлы і перапрацоўкі мяса. Найбольш вядомы брэнд — «Пятруха», галоўная кампанія называецца «Сервалюкс». У «Сервалюксе» працуе каля 11 тысяч чалавек. 

«Сервалюксу» належаць бройлерныя фабрыкі ў Магілёве і Смалявічах, фермы і цэхі ў Магілёўскай і Мінскай абласцях. 

Таксама Баскін вядзе бізнэс ва Украіне — там у яго свінаферма, сумеснае прадпрыемства з галандцамі ў Вінніцкай вобласці.

У гэтым тэксце мы сабралі інфармацыю пра яго ад банкіраў, бізнэсменаў, супрацоўнікаў яго прадпрыемстваў і ад эканамічных аналітыкаў. Публіцы да гэтага моманту пра Баскіна было мала што вядома. 

Гадамі граў па кабаках, а дапамагло няшчасце 

Сам ён паходзіць з сям’і настаўнікаў: маці — настаўніца малодшых класаў, бацька — гісторыі. У якасці даніны сямейным традыцыям Баскін пабудаваў у Магілёве прыватную школу, яна адкрылася ў верасні 2021-га. 

У Яўгена Баскіна двое дзяцей. Старэйшы сын адвучыўся ў Брытаніі і вярнуўся працаваць на радзіму. 

Па адукацыі Яўген інжынер-фізік, але па прафесіі не працаваў. У бізнэс Баскін увогуле прыйшоў з нечаканай сферы. 

«Свае першыя грошы ён зарабляў, граючы на піяніна ў рэстаранах Магілёва. Малады хлопец, 20 з невялікім гадоў, Жэня Баскін быў вядомы ў горадзе як музыкант. Граў ён па кабаках даволі доўга, гады тры дакладна», — кажуць знаёмыя з гэтым чалавекам магілёўцы. 

Як музыкант стаў бізнэсменам — не ведаюць многія яго калегі па цэху. Але ў агульных рысах гісторыя была класічнай для 90-х: хто меў здольнасці да камерцыі, той спрабаваў круціцца. Камусьці не ўдавалася. Баскіну — удалося. 

«Пасля рэстаранаў Баскін пайшоў стаяць на рынку — прадаваў курткі, якія тут жа, у магілёўскіх падвалах, і адшывалі. Потым у яго невялікае атэлье сваё з’явілася — набраў швачак, купіў машынак, пачалі шыць больш, пачаў вазіць на Расію, там яшчэ з кімсьці пазнаёміўся, яшчэ. Стала ясна, што прадаваць можна не толькі курткі.

Прадаваў лес ва Украіну, з Украіны пачаў вазіць цукар у Беларусь, і тады ўжо пачаліся першыя поспехі, бо рынак быў высокадаходны, пра курткі ён забыў, пачаў рабіцца пазнавальным чалавекам.

Потым пачалі нават з Бразіліі цукар вазіць, але годзе ў 98-м усё гэта накрылася, бо дзяржава тады манапалізавала цукровую сферу, усіх адсунулі ад гэтага бізнэсу, хто паспеў вырасці. Тады гэта здавалася драмай для яго, але, як аказалася, з гэтага ўсё толькі пачалося.

З тымі сваімі еўрапейскімі трэйдарамі пачалі шукаць варыянты што прадаваць далей — узяліся за соевы шрот. Яго дадаюць у камбікорм», — расказвае абазнаны суразмоўца. 

У беларускіх бізнэс-колах папулярная думка, што вытворцам мяса Баскін стаў амаль выпадкова. 

«Так выйшла, што магілёўская птушкафабрыка, якой ён пастаўляў камбікорм у крэдыт, проста ўжо ў такую, даруй, ср**у ўлезла, што не магла разлічыцца, — кажа адзін з нашых суразмоўцаў. — Там дэбіторка была такая, што адзінае, што яму заставалася — або плюнуць, або забраць гэтую фабрыку сабе ў кошт даўгоў і паспрабаваць развярнуцца самому.

Эканоміка там спецыфічная: бройлер жыве дзён 40, а калі ён галадае (калі корм не пастаўляецца, бо няма разліку за папярэднія), то ён проста дохне, ну і ўсё — ніякага бізнэсу. Замкнёнае кола атрымліваецца.

Гісторыя прыкладна як у Віктара Кіслага, які стаў кіпрскім банкірам, таму што яму грошы не аддавалі — прыйшлося гэты банк выкупляць, каб забраць сваё. Падобным чынам і Баскін стаў уласнікам фабрыкі, і ўцягнуўся — набраў добры менеджмент, пачало ўдавацца. Еўрапейцы яму моцна дапамагалі, галандцам ён моцна абавязаны». 

Магілёўскую бройлерную птушкафабрыку Баскін канчаткова набыў у 2006 годзе. Да таго некалькі гадоў «Сервалюкс» толькі арандаваў яе. Тэхналагічны працэс на птушкафабрыцы наладзілі спецыялісты з Нідэрландаў.

Цяпер магілёўская птушкафабрыка — гэта бізнэс еўрапейскага стандарту і жывы прыклад, як можна весці справы нават у самых складаных умовах. 

«Не сволач», інвеставаў паўмільярда і прыцягнуў заходнія грошы

«Баскін як чалавек — не сволач, як бізнэсмен — зрабіў сябе сам, фактычна, прайшоўшы усе этапы ў сваёй сферы: пастаўка кармоў — гандаль мясам і тушкамі — стварэнне перапрацоўкі і ўласных брэндаў. Цяпер «Пятруха» робіць сасіскі, катлеты, курэй табака, нагетсы, мітболы, паштэты, нарэзкі і гэтак далей — ну ўсе і так ведаюць. Гэта дарога ад жаўнера да генерала, Баскін — такая белая костка беларускага бізнэсу», — кажа нам адзін з менеджараў «Сервалюкса». 

Многія дзеячы айчыннага бізнэсу ставяць у галоўную заслугу Баскіну тое, што ён без дзяржаўных прэферэнцый узгадаваў на Магілёўшчыне канкурэнта такіх гігантаў, як, прыкладам, расійскі «Міраторг». Ніводнай дзяржаўнай кампаніі такое не ўдавалася.

Але тут цікавы аб’ём інвестыцый і крыніцы сродкаў «Сервалюкса», бо імперыя расла імкліва і масштабна. Суразмоўцы «Нашай Нівы» з банкаўскіх колаў лічаць, што тут ёсць, пра што разважаць. 

«Мне невядома пра тое, каб «Сервалюксу» давалі крэдыты на льготных умовах, — кажа нам беларускі банкір. — Яны крэдытаваліся па рынкавых стаўках, у той час як рускія за плотам і нашы «госы» крэдытуюцца па льготных тарыфах дзяржбанкамі, што стварала няроўныя ўмовы ў плане доступу да рэсурсаў.

Але ў «Сервалюкса» быў плюс — вялікая доля сваіх уласных грошай, бо амаль увесь прыбытак пераінвестоўваўся. Сабекошт заставаўся канкурэнтны.

Без доступу да справаздачнасці цяжка ацаніць агульны аб’ём укладзеных у заводы сродкаў, арыенціровачна, за ўсе гэтыя гады набяжыць паўмільярда долараў. Але тое, што ў яго і цяпер вялікая крэдытная нагрузка — няма сумневаў.

Думаю, львіная доля яго прыбыткаў ідзе на пагашэнне крэдытаў, у тым ліку заходнім крэдыторам». 

У 2016-м годзе «Бі-Бі-Сі» ацэньвала лічбу інвестыцый групы кампаній «Сервалюкс» у 350 мільёнаў долараў. Баскін актыўна прыцягваў фінансаванне і з-за мяжы.

У выпадку з «Сервалюксам» склалася рэдкая сітуацыя, калі крэдыты выдавалі ў форме ўваходжання ў долю — так, ЕБРР (Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця) увайшоў у капітал «Сервалюкса» мінарытарным акцыянерам. Частка грошай — 10 мільёнаў еўра — была ўкладзеная ў будаўніцтва новага цэха на Смалявіцкай птушкафабрыцы. 

Саму фабрыку «Сервалюкс» набыў у 2012-м. У гэтым сюжэце значную ролю прыпісваюць тагачаснаму губернатару Мінскай вобласці Барысу Батуру. 

«З Батурам Баскін быў знаёмы з часоў, калі Батура быў губернатарам Магілёўшчыны. Я так разумею, адбылася такая гісторыя, што губернатару трэба было нешта рабіць з заводам у Смалявічах, бо заробкі ледзь плаціліся, прадпрыемства ліпела — ну, дзяржава б памерці не дала, але і прарываў нейкіх у фінансаванні чакаць не выпадала.

Батура насіўся па прыватніках і шукаў інвестара, мала каму гэта было цікава, успомніў пра магілёўскага Баскіна, які падобны праект ужо падымаў там.

Неяк дамовіліся, у выніку Баскін увайшоў туды вялікімі грашыма. Адзінае, што яму дазволілі выплачваць грошы з растэрміноўкай на колькі там гадоў, але і купляў ён далёка не цукерачку, а кавалак… таго, што які іншы бізнэсмен з грашыма б пераступіў. Ну а што выйшла, мы назіраем», — лічыць менеджар аднаго з беларускіх харчовых бізнэсаў і падкрэслівае, што цяпер птушкафабрыка ў Смалявічах, апроч іншага, — партнёр KFC ва ўсім рэгіёне. 

«Пастаўляем у больш як дзесяць краін свету беларускіх курэй. Нават у Азіі знайшлі нішу: там белае мяса менш цэніцца, затое ідуць ножкі і крылы — пастаўляем тое, што тут спажывец выкідваў бы», — каментуе поспехі смалявіцкай бройлернай фабрыкі пасля інвестыцый ЕБРР адзін з менеджараў «Сервалюкса». 

На супрацоўніцтва з ЕБРР звяртае ўвагу і акадэмічны дырэктар цэнтра BEROC Кацярына Барнукова. 

«Я не інсайдар, але як для назіральніка збоку, тое, што Баскін трапіў у санкцыйны спіс, незразумелае, — кажа яна. — Заўважаным у атрыманні нейкіх асаблівых прывілеяў ад уладаў ён не быў — удзел у «Радзе па развіцці прадпрымальніцтва» прывілеем лічыць нельга.

У прадпрыемствы Баскіна інвеставаў ЕБРР, які ўваходзіць мінарытарыем толькі пасля аўдыту і пільнай праверкі рэпутацыйных рызык, канфліктаў інтарэсаў і афіляванасці. Рашэнне канадцаў паказвае, што ўсе буйныя бізнэсмены сёння пад рызыкай санкцый, аналагічна як у Расіі, дзе пад санкцыі трапілі нават нейтральныя алігархі.

А Баскін жа сам цярпеў ад рэпрэсій, гэта не таямніца». 

Арышт і выкуп

Баскіна і фінансавага дырэктара «Сервалюкса» арыштавалі ў сакавіку 2016-га ў мінскім аэрапорце, калі яны, са словаў КДБ, «спрабавалі вылецець з краіны». 

Выставілі ч. 2 арт. 243 КК РБ (ухіленне ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры). Са словаў КДБ, «шкода склала не менш за 370 мільярдаў рублёў (каля 17 млн долараў)».

Лічыцца, што справа стала развіццём справы экс-сенатара Аляксандра Паўлоўскага (кампанія «Біяком»), якога затрымлівалі раней, і ў рамках расследавання чыёй справы знайшлі, да чаго можна дачапіцца, пасля чаго пачалі затрымліваць усіх звязаных з камбікармамі. 

Там, праўда, быў тонкі момант — арганізацыі сельскай гаспадаркі ў Беларусі ўвогуле падатку на прыбытак не плацяць, а толькі 1% з абароту.

Таму ў бізнэс-колах лічылася, што Баскіну не пашчасціла па іншых прычынах. У выніку надоўга ў СІЗА КДБ ён не затрымаўся, бо адразу з усім пагадзіўся, выйшаў пад хатні арышт і быў змушаны кампенсоўваць «нанесеную шкоду» па лукашэнкаўскім мультыплікатары. 

«Баскін да нядаўняга часу лічыўся бізнэсменам, які заплаціў рэжыму за выхад ці не найбольшы выкуп у гісторыі персанальных арыштаў — гаворка ідзе пра суму каля $35 мільёнаў. Частку давалі бізнэс-партнёры, частку пракрэдытавалі банкі. 25 мільёнаў ён заплаціў адразу, а яшчэ 10 расцягнулі ў часе, — кажа «Нашай Ніве» абазнаная крыніца. — У гэтым сэнсе ён сапраўды рэжыму заплаціў шмат, але гэта выйшла «па прымусе, а не па любові». 

Свой арышт бізнэсмен пасля ніколі не каментаваў. Але вядома, што ён, у адрозненне ад многіх, так і не ўсплыў у палітыцы са сцяжком сенатара ці дэпутата на пінжаку.

Фота: Tut.by

Зняволенне наклала свой адбітак і на асвятленне дзейнасці Баскіна ў афіцыйных СМІ. Калі праглядаць рупар афіцыйнай прапаганды, БелТА, то там толькі ў 2013-м згадваецца пра першы і адзіны знак увагі ад дзяржавы — прэмію «Чалавек года Магілёўшчыны».

Самыя свежыя згадкі гэтага прозвішча на БелТА датуюцца вясной 2020-га, калі Лукашэнка прыязджаў глядзець паспяховае прадпрыемства Баскіна ў Смалявічах у разгар пандэміі. 

«Я прыехаў на гэтае прадпрымства, кіраўнік Яўген Баскін не папрасіў ні пра якую падтрымку», — цытавала БелТА Лукашэнку. 

«Баскін хітры дзеяч. Ён ведае, што бывае з тымі, хто пачынае заігрываць з дзяржавай і атрымліваць прэферэнцыі, таму нічога і не прасіў, — лічыць абазнаная крыніца з бізнэс-асяродку. — А схавацца ад візіту Лукашэнкі немагчыма — ты не можаш, працуючы ў Беларусі, сказаць што не, не едзьце да мяне, тут яго складана абвінавачваць.

Аналагічна дзейнічалі прадстаўнікі іншых паспяховых прыватных бізнэсаў.

«У 2010-м перад выбарамі Лукашэнка прыехаў на «Алютэх», і пытаецца ў [гендырэктара Аляксея] Жукава, што вам трэба, якая дапамога? Кажыце. — «Нічога», — адказаў той. Бо ў нас так: там, дзе дзярждапамога, там пасля і Дзяржкантроль, і ўсё ў пакеце», — тлумачыць вядомы бізнэс-кансультант.

«Нашай Ніве» расказалі пра бізнэсмена Д., які на словы Лукашэнкі: «Вось перад табой Якабсон, вось Шапіра, будуць танныя крэдыты, падтрымка — толькі пазвані» сказаў, што пазвоніць, а нумары выдаліў з тэлефона, як толькі выйшлі. 

Таму што самыя разумныя разумеюць, што як толькі ты пачынаеш ад дзяржавы нешта атрымліваць, то табе да кожнай дзяржаўнай капейчыны прыстаўляецца па два кантралёры.

Прыклады ўсе на паверхні, пачынаючы з «Тутбая». Ну, і ў цэлым, мы ведаем лініі жыцця «паспяховых бізнэсменаў»: на табе кавалак зямлі ў класным месцы Мінска, дзе толькі дэбіл не разгорнецца, — будуй! І дзе цяпер усе гэтыя Чыжы? Нешта яны ўтрымалі? Дзе іх бізнэсы? А ў Баскіна ўсё працуе, а свой «доўг перад Радзімай» ён ужо аддаў тымі 35 мільёнамі», — кажа бізнэсмен. 

Дык за што тады пад санкцыі? 

Унікальнасць сітуацыі з Баскіным у тым, што ў сваім абгрунтаванні ўвядзення санкцый канадцы напісалі толькі тое, што яны ўведзеныя, «улічваючы, што дзеянні Беларусі прывялі да глыбокіх парушэнняў міжнароднага міру і бяспекі, што мае вынікам сур'ёзны міжнародны крызіс». 

Далей ідзе пералік прозвішчаў, у якіх і лукашэнкаўскія генералы, і прарэжымны (з яго ўласных словаў) уласнік «Амкадора» Аляксандр Шакуцін, і сенатар Савета Рэспублікі Валянцін Байко («Контэ-Спа»), і нават Уладзімір Пефціеў, і сярод іх — Баскін. 

«Наша Ніва» звярнулася па тлумачэнне прычын уключэння канкрэтна Баскіна ў санкцыйны ліст да Офіса Ціханоўскай. Нам без лішніх каментарыяў адказалі, што «Гэта не мы [патрабавалі санкцый супраць Баскіна]». 

Таксама мы звярнулся па каментарый да тэатральнага дзеяча і палітычнага актывіста Мікалая Халезіна, які актыўна займаецца санкцыйнай тэмай. 

«Што тычыцца канкрэтна Баскіна — там могуць быць самыя розныя моманты. Напрыклад, могуць прасочвацца сувязі з рэжымам, атрыманыя прэферэнцыі, апасродкаваная сувязь з падсанкцыйнымі расійскімі асобамі. Можа быць, уласная канадская інфармацыя праз банкаўскія сістэмы, якая яго дыскрэдытуе, — сказаў Халезін. — Тут важна разумець, які механізм уключэння асоб у санкцыйныя спісы: групы экспертаў рыхтуюць абгрунтаванні, абапіраючыся на работу расследавальнікаў, журналістаў і экспертаў. Гэтыя спісы накіроўваюцца ўрадам, міжнародным структурам, спецыяльным службам і гэтак далей. Абгрунтаванні не публікуюцца і не каментуюцца ні адным з бакоў». 

Халезін адзначыў, што не можа называць імёны тых «расследавальнікаў, экспертаў і журналістаў», якія рыхтуюць абгрунтаванне. 

Сам бізнэсмен не стаў каментаваць «Нашай Ніве» сваё патраплянне ў спіс, заявіўшы толькі, што для яго гэта «вялікая нечаканасць». 

Каментары1

  • Влад
    04.06.2024
    Вот такие "бизнесмены" диктатуру и выкармливают налогами!

«Я тая яшчэ памідорка». Што Ігар Тур піша ў тэлеграм-чатах са свайго асноўнага акаўнта

«Я тая яшчэ памідорка». Што Ігар Тур піша ў тэлеграм-чатах са свайго асноўнага акаўнта

Усе навіны →
Усе навіны

У Вільні прайшла акцыя падтрымкі Васіля Верамейчыка з удзелам каліноўцаў6

У Беларускай праваслаўнай царкве абнавілі цэннік? Вось якія будуць рэкамендаваныя тарыфы19

Трамп вызначыўся з кандыдатурай спецпасланніка ЗША па Украіне. Украінцам ягоны выбар не спадабаецца13

«Раз’ятрана церабіўся». Новыя пераклады з габрэйскай і польскай выклікаюць, хутчэй, пытанні2

Стала вядома, што за беларус арганізоўваў напад на расійскага апазіцыянера Волкава ў Вільні2

Кіпр забраў грамадзянства ў семярых расійскіх мільярдэраў і членаў іх сем'яў5

Прапагандысты прачыталі новую лекцыю за Лукашэнку пад назвай «Дыктат? Ура!»8

«Чыловы хлопец» дабраўся і да Беларусі. Што гэта за мем?4

Авіякампанія, з якой хацелі зрабіць лаўкост-канкурэнта «Белавія», прадае адразу 5 сваіх самалётаў1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Я тая яшчэ памідорка». Што Ігар Тур піша ў тэлеграм-чатах са свайго асноўнага акаўнта

«Я тая яшчэ памідорка». Што Ігар Тур піша ў тэлеграм-чатах са свайго асноўнага акаўнта

Галоўнае
Усе навіны →